Чытаем музейную афішу

- 10:40Адукацыйная прастора

Вынікі рэспубліканскага конкурсу музеяў баявой славы “Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем”, які праходзіў у рамках акцыі “Вялікай Перамозе — 75!”, падвялі ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства. З 205 работ 44 сталі прызёрамі і будуць адзначаны дыпломамі Міністэрства адукацыі. Акрамя таго, 17 работ-лаўрэатаў атрымаюць дыпломы Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Конкурсы музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі рэгулярна праводзяцца ў юбілейныя гадавіны Вялікай Перамогі або вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для кіраўнікоў музеяў удзел у такіх конкурсах — нагода прадставіць вопыт работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў, фарміраванні ў маладога пакалення памяці пра подзвіг народа. Для арганізатараў — магчымасць прааналізаваць развіццё музейнай справы ў сістэме адукацыі. “Радуе, што музеі баявой славы становяцца больш матэрыяльна і тэхнічна забяспечанымі. Абнаўляюцца экспазіцыі, у работу музея шырока ўкараняюцца інфармацыйныя тэхналогіі, ствараюцца віртуальныя экспазіцыі, што ў цяперашні час асабліва актуальна”, — адзна­чыла загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхаваня РЦЭіК Аляксандра Яўгенаўна Кравец.

Тое, што музеі актыўна асвойваюць віртуальную прастору, яскрава засведчыла намінацыя “Музейная афіша” (візітоўка музея), на якую дасылаліся інфармацыйна-рэкламныя выданні і відэаролікі пра экспазіцыі, найбольш каштоўныя музейныя прадметы. На конкурс прадастаўлялася спасылка на распрацаваны прадукт, які размешчаны на сайце ўстановы адукацыі. У інфармацыйна-рэкламным выданні ацэньвалася змястоўнасць інфармацыі, арыгінальнасць адлюстравання ідэі і аўтарскі падыход да стварэння матэрыялу. Відэаролік пра музей павінен адлюстроўваць сутнасць музея і яго ўнікальнасць. Гэта мог быць прома-ролік, інтэрв’ю, рэпартаж, кліп, хроніка і г.д. Ацэньвалася не толькі раскрыццё тэмы і інфарматыў­насць, але і якасць выканання, рэжысёрскае рашэнне.

Менавіта гэтая намінацыя, па словах загадчыка кабінета патрыятычнага выхавання РЦЭіК Хрысціны Аляксандраўны Борбут, дала магчымасць навучэнцам праявіць свае творчыя здольнасці, а таксама навыкі ў карыстанні гаджэтамі і камп’ютарнымі праграмамі па апрацоўцы відэа. Пераможцамі ў намінацыі прызнаны вучаніца сярэдняй школы № 137 Мінска імя П.М.Машэрава Настасся Макарэвіч, а таксама творчыя калектывы сярэдняй школы № 17 Барысава, Гомельскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа і Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Калі намінацыя “Музейная афіша” засведчыла высокі ўзро­вень выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у музейнай справе, то намінацыя “Лепшы музей ваенна-гістарычнага профілю” чарговы раз падкрэсліла праблему справаздачнасці. З ёй, на жаль, членам журы краязнаўчых конкурсаў даво­дзіцца сустракацца даволі часта. “Не ўсе настаўнікі ўважліва азнаёміліся з умовамі конкурсу. У гэтай намінацыі неабходна было прадставіць справаздачу дзейнасці музеяў ваенна-гістарычнага профілю за 2018—2019 гады. Прычым зрабіць гэта канкрэтна, сцісла па кожным з пунктаў. А мы атрымлівалі вялікія спісы пералікаў даных пра ўдзел у конкурсах, правя­дзенне экскурсій, іншых музейных мерапрыемстваў не толькі за адзначаныя гады, але і за ранейшыя. Конкурснай рабоце такая справаздача лішніх балаў не дадавала. Наогул, у некаторых педагогаў-краязнаўцаў ёсць адзін недахоп: яны мо­гуць гадзінамі цікава расказваць пра свой вопыт работы, а калі справа даходзіць да афармлення конкурсных работ, усё сказанае на паперу чамусьці не пераносіцца або губляецца за вялікім пералікам дасягненняў і ўдзелаў у мерапрыем­ствах”, — адзначыла Аляксандра Яўгенаўна.

Найбольш поўна ўмовам конкурсу ў гэтай намінацыі адпавядалі работы кіраўніка музея гімназіі № 1 Ваўкавыска Паўла Паўлавіча Эльяшэвіча і Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Мастоўскага раёна Ларысы Уладзіміраўны Эйсмант. Дарэчы, Гродзеншчына з’яўляецца выдатным прыкладам развіцця музейнай справы. Усё дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву галоўнага ўпраўлення адукацыі і ўпраўлення культуры аблвыканкама. Напрыклад, цяпер, па словах Аляксандры Яўгенаўны, у вобласці рэалізуецца праект па алічбоўцы ўсіх музейных прадметаў, якія захоўваюцца ў экспазіцыях устаноў адукацыі.

Апошняя намінацыя — “Музейны адукацыйны праект”. Педагогі прадстаўлялі творчыя праекты, накіраваныя на далучэнне навучэнцаў да музейна-адукацыйнай дзейнасці, планы-канспекты музейных заняткаў, сцэнарыі выхаваўчых мерапрыемстваў, дыдактычныя матэрыялы з выкарыстаннем рэсурсаў музея. Пераможцамі прызнаны кіраўнік музея гімназіі Белаазёрска Бярозаўскага раёна Галіна Васільеўна Скарына і педагогі сярэдняй школы № 16 Полацка Юлія Міхайлаўна Іванова, Іна Уладзіміраўна Філіпава і Алег Валянцінавіч Лубчонак. З поўным спісам не толькі пераможцаў, але і прызёраў, лаўрэатаў конкурсу можна азнаёміцца на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

У размове з членамі журы мы невыпадкова закранулі тэму віртуальных музеяў. Менавіта ім, як плануецца, бу­дзе прысвечаны наступны рэспубліканскі конкурс сярод му­зеяў устаноў адукацыі. І тут журы чакае шмат цікавага. Усё ж такі ХХІ стагоддзе, анлайн-сустрэчы, анлайн-экскурсіі становяцца ўсё больш папулярнымі. Хаця, канечне, рэальнага знаёмства з прадметамі мінулых эпох яны не заменяць.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.