Чытаем шэдэўры разам

- 18:24Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Перажывала комплекс “настаўніка з маленькага гарадка”, але цікавасць да ўсяго новага, азарт і імкненне да перамогі дазволілі Наталлі Чаркес і яе вучням дасягнуць поспехаў, у тым ліку на міжнародным узроўні.

— У дзяцінстве я прачытала бадай усе кнігі з гарадской бібліятэкі Скідзеля, — расказала Наталля Іванаўна. — Перажывала, калі не ўдавалася адшукаць патрэбнае ­выданне. Не дзіўна, што пасля школы мне захацелася стаць прадаўцом у кнігарні і сабраць дома добрую бібліятэку. Для паступлення ў прэстыжны на той момант Мінскі кааператыўны тэхнікум на таваразнаўца мне не хапіла аднаго бала. Па парадзе старэйшай сястры, настаўніцы рускай мовы і літаратуры, якая першапачаткова прывіла любоў да кніг і навучыла мяне яшчэ да школы чытаць і пі­саць, паступіла на філфак універсітэта імя Янкі Купалы ў Гродне. Так, на працягу 32 гадоў я працую педагогам, з іх 30 гадоў — у сярэдняй школе № 1 Скідзеля, якую і скончыла.

Наталля Іванаўна Чаркес — настаўнік-метадыст, выдатнік адукацыі, аўтар вучэбнага дапаможніка па рускай літаратуры для 9 класа (сумесна з калегай з БДУ С.М.Захаравай) і планаў-канспектаў урокаў па рускай мове і літаратуры для 9 класа — дапаможнікаў для педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Настаўніца распрацавала электронныя моду­лі па рускай мове для 8 класа для адзінага інфармацыйна-адука­цыйнага рэсурсу.

У прафесійнай скарбонцы Наталлі Іванаўны — удзел у канферэнцыях, фестывалях, конкурсах, праектах. Педагог узнагаро­джана дыпломамі лаўрэата: VI і XX Міжнароднага Пушкінскага конкурсу, Міжнароднага конкурсу педагагічных работнікаў, якія ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць на рускай мове ў дзяржавах — удзельніцах СНД, “Мова без меж” і Міжнароднага конкурсу педагагічнага майстэрства для настаўнікаў, якія працуюць у білінгвальным і шматмоўным асяроддзі. Наталля Чаркес атрымала дыпломы за кіраўніцтва і падрыхтоўку даследчай работы ў рамках міжнароднага конкурсу “За кад­рам. Праект 2.0”, за перамогу на міжнародным конкурсе рускамоўных сайтаў “Рускае замежжа”.  

Не адстаюць ад таленавітага педагога і вучні: удзельніча­юць у міжнародных канферэнцыях, конкурсах, двойчы — у праграме “Добры дзень, Расія”, тройчы — у алімпіядзе, арганізаванай Інстытутам рускай мовы імя А.С.Пушкіна, тройчы перамагалі на алімпіядзе Саюзнай дзяржавы. Узнагароджаны дыпломамі Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Тунісе, Парыжы. Вучні неаднаразова станавіліся лаўрэатамі навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў “Санкт-Пецярбург. Царскае сяло. Пушкін і культура”. Маюць пяць дыпломаў Гродзенскага абласнога конкурсу (канферэнцыі) да­следчых работ навучэнцаў “Хрустальная Альфа”. 

— Поспех у вывучэнні рускай мовы і літаратуры прыйдзе да вучня, перш за ўсё, калі яму ціка­выя гэтыя прадметы, калі ён імкнецца ўдасканаліць свае лінгвістычныя кампетэнцыі. І яшчэ — педагогу і вучню павінна быць камфортна адно з адным, — падкрэсліла Наталля Іванаўна. — Патрэба чы­таць узнікае ў дзіцяці, як правіла, у тым выпадку, калі ў яго ў сям’і чытаюць. Чытанне ўплывае на развіццё маўлення і культуры, эрудыцыі і чытацкай дасведчанасці. Ёсць дапытлівыя дзеці, якім цікава ўсё. Як, напрыклад, маёй вучаніцы Аляксандры Ус, з якой мы нават на канікулах вядзём лінгвістычную перапіску. Сёлета Аляксандра стала адзінай пераможцай з Беларусі адразу ў дзвюх намінацыях III Міжнароднага конкурсу славеснай творчасці для рускамоўных дзяцей “Фабрыка слоў”, які прахо­дзіў у Парыжы.

З самымі матываванымі вучнямі 8—11 класаў у нас склалася своеасаблівая літаратурна-філалагічная тусоўка. На дадатковых занятках мы абмяркоўваем пра­цэсы, якія адбываюцца ў мове і літаратуры, рыхтуемся да алімпіяд і конкурсаў. У рабоце з такімі вучнямі выкарыстоўваю тэхналогію перавернутага навучання. У маім кабінеце два камп’ютары. Пакуль я працую з класам, два вучні за камп’ютарам выконваюць тэст павышанага ўзроўню складанасці ці цікавае філалагічнае заданне. 

На працягу 10 гадоў у школе дзейнічае клуб юных журналістаў, выпускаецца газета. Установа ўдзельнічае ў рэспубліканскім праекце па стварэнні вучнёўскага я-брэнда, таму гэтая тэма трансліруецца праз газету. У пуб­лікацыях дзеці расказваюць пра свае хобі, дэманструюць творчыя работы. 

— Навыкі складання тэкстаў і камунікацыі спатрэбяцца кожна­му, — гаворыць настаўніца. — Сёння ў моладзі папулярны зносіны ў стылі кароткіх SMS. Але і сціснуты тэкст можа быць дзіўным па змястоўнасці. Успомнім Чэхава, які ўмеў перадаць стан душы адной фразай. Але дзеці павінны разумець, што існуе паняцце разгорнутага тэксту. Уявім тэкст у выглядзе закрытага веера. Калі мы пра нешта пачынаем гаварыць, мы гэты веер паступова разгортваем і ўжо бачым прыгожы малюнак — яркія кветкі, твар чалавека і г.д. Так і наша выказванне можна згарнуць, сказаўшы проста “ўчора я хадзіў у грыбы”, альбо разгарнуць з падрабязным апісаннем убачанага. Звернемся да аповесці К.Паўстоўскага “Мяшчэрская старана”, дзе ён з дапамогай эпітэтаў, метафар і іншых сродкаў уславіў прыгажосць прыроды. Калі чалавек мае такі слоўны веер, ён усюды будзе адчуваць сябе ўпэўнена. Напрыклад, на субяседаванні пры прыёме на работу, калі значэнне мае першае ўражанне. Ёсць і паняцце дарэчнасці стылю. У залежнасці ад сітуацыі маўленне павінна быць разгорнутым або кароткім. 

Мару паспрабаваць сябе ў літаратурнай творчасці: напісаць прыгодніцкую кнігу для дзяцей у стылі фэнтэзі.

У дзіцячых сачыненнях Наталля Іванаўна вітае яркі і цікавы пачатак. Можна выкарыстоўваць крытыку, але пры гэтым вучню неабходна выказваць сваё меркаванне, уключаць у тэкст цытаты з твора. Каб школьнікі ўмелі адэкватна ацэньваць якасць сваіх творчых работ, звяртаецца ўвага на выпраўленне недахопаў у іх, напрыклад, паўтораў. Лёгка пераблытаць публіцыстычны і мастацкі стылі, бо ўсе атрыбуты мастацкага стылю (метафарычнасць, экспрэсіўнасць, эпітэты, вобразнасць) ёсць і ў публіцыстычным. Але апошні адрозніваецца сваім пасылам, заклікам да нечага.

Урок літаратуры павінен будавацца на веданні тэксту, а не яго кароткага зместу або крытыкі. Таму кожны новы твор вучні Наталлі Чаркес пачынаюць чытаць на ўроку. У творчасці педагог паважае псіхалагізм. Яшчэ М.Горкі назваў літаратуру чалавеказнаўствам. Дзяцей трэба ву­чыць разумець пачуцці літаратурных герояў, матывы іх учынкаў, а таксама бачыць асобу аўтара на старонках яго твораў. Чаму Яўген Анегін няшчасны? Прайшоў міма кахання і сяброўства, быў малады, здаровы, багаты, але не меў сэнсу жыцця і мэты. Дзеці разважа­юць пра сяброўства, сям’ю, жыццё­выя каштоўнасці і прыходзяць да высновы, што любы чалавек можа стаць шчаслівым, калі ў яго ёсць людзі, якіх ён любіць, пра якіх клапоціцца. 

— Любы, нават самы складаны твор становіцца пад’ёмным, калі яго трактаваць на даступнай дзецям мове, зыходзячы з разумення вечных каштоўнасцей, дружбы, любові, сэнсу жыцця, міласэрнасці. Зараз я чытаю Стэфана Цвейга і дзіўлюся, як ён мог паказаць перапады настрою чалавека — вось ён шчаслівы і задаволены сабой, увесь свет зіха­ціць яркімі фарбамі, і раптам нешта адбываецца, і яму становіцца некамфортна, — звярнула ўвагу педагог. — Так і ў творах Л.Талстога прасочваецца дыялектыка душы, калі герой пераходзіць ад пакуты да найвышэйшага шчасця, потым рэзка да страты сэнсу жыцця і зноў да яго здабыцця. 

Напрыклад, у аповесці М.Гогаля “Ноч перад Калядамі” ёсць момант, калі каваль Вакула ідзе тапіцца, таму што Аксана паставіла яму задачу здабыць чаравікі, якія носіць сама царыца. Ён ідзе па вёсцы прыгнечаны. Я прапаную дзецям паразважаць: вы сустракаеце Вакулу, што вы яму скажаце, каб падбадзёрыць? Вучні дасылаюць мне на Viber свае адказы, якія я размяшчаю ў маім блогу. Дзеці складаюць апавяданні і казкі, ствараюць відэаролікі, у якіх рэкамендуюць да чытання тыя ці іншыя творы, а таксама дэкламуюць цытаты з іх і вершы ў рамках праекта “Чытаем шэдэўры разам”. Практыкуюцца сямейныя чытанні. Мы рыхтуем тэатралізацыі і візуалізацыі мастацкіх тэкстаў, фотапраекты, напрыклад, у адным з іх вучаніцы паўставалі ў вобразах тургенеўскіх дзяўчат.

Настаўніца распрацавала шэраг аўтарскіх электронных рэсурсаў: 

– інтэрактыўную стужку часу “Залаты век рускай літаратуры” https://nivcherkes.wixsite.com/literatura19
-кабінет рускай мовы і літаратуры https://nivcherkes.wixsite.com/kabinet/home
– блогі “Крэатыўнае чытанне. Шкодна не чытаць” https://nivcherkes.wixsite.com/mysite-3
– “Крэатыўнае чытанне” https://nivcherkes.wixsite.com/mysite-3
– электронны вучэбна-метадычны комплекс “Паэзія перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Муза ў салдацкім шынялі” https://nivcherkes.wixsite.com/poeziavov
– сайты “Хай чытаюць” https://nivcherkes.wixsite.com/vrednonechitat
– “Краіна Літаратурыя 2.0” https://nivcherkes.wixsite.com/literaturia-20
– “Сямейныя фатаграфіі — частка гісторыі краіны” https://nivcherkes.wixsite.com/foto-my-famili
– “Рэклама ў “Тваім фармаце” https://socialreklama.wixsite.com/tvoiformat/about
– “Мой любімы горад” https://nivcherkes.wixsite.com/mysite.

Наталля Іванаўна абагульняла педагагічны вопыт па выкарыстанні эпісталярнай спадчыны рускіх пісьменнікаў на ўроках. Праз лісты можна вывучаць біяграфію аўтараў, эпоху, у якой яны жылі, гісторыю стварэння твораў, у іх адлюстраваны эмацыянальны стан пісьменніка, яго стаўленне да сваіх герояў, працэс пошуку літаратурных прататыпаў. Цытаты педагог збірае ў канверты. Тут і ліст Пушкіна Арыне Радзівонаўне, і лісты Чэхава, і фрагменты лістоў пісьменнікаў ХХ стагоддзя, у тым ліку і часоў Вялікай Айчыннай вайны. 

Педагог наведвае памятныя мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю класікаў. Гэта ёй спатрэбілася пры напісанні падручніка па рускай літаратуры для 9 класа. Так, яна распрацоўвала матэрыялы, прысвечаныя Пушкіну і Лермантаву, і прыкладала да іх уласныя фота. Напрыклад, здымак Міхайлаўскага, Царскага Сяла і ліцэя, дзе вучыўся Пушкін, Бахчысарайскага фантана ў Крыме і помніка Аляксандру Пушкіну і Наталлі Ганчаровай ў Маскве на Арбаце. Наталля Іванаўна адзначыла, што да гэтага помніка прыходзяць фатаграфавацца маладыя пары пасля роспісу ў загсе, і прапанавала дзецям абмеркаваць, ці можна лічыць сям’ю Пушкіна шчаслівай. Меркаванні падзяліліся. Як бы там ні было, але высакароднасць кахання адчуваецца ў вядомых радках паэта: “Я вас любил так искренне, так нежно, // как дай вам бог любимой быть другим”. Прыклад такіх пачуццяў мы бачым і ў рамане “Капітанская дачка”, і ў іншых творах Пушкіна. 

У “Гранатавым бранзалеце” А.Купрына ёсць выказванне генерала Аносава пра тое, што сапраўднае каханне бывае рэдка і яно заўсёды павінна быць трагедыяй. Наталля Іванаўна звяртаецца да дзяцей: “А вы верыце ў сапраўднае каханне? Ці заўсёды гэта трагедыя? Вы можаце паспрачацца з аўтарам і даказаць адваротнае на прыкладзе жыцця вашых бацькоў, родных, знаёмых”. Дарэчы, у падручніку размешчана і фота гранатавага бранзалета, якое педагог зрабіла ў Санкт-Пецярбургу ў музеі Расійскай акадэміі навук.

— Шмат цікавага матэрыялу не ўвайшло ў гэты вучэбны дапаможнік. І мне разам з калегай з БДУ С.М.Захаравай паступіла прапанова ад Нацыянальнага інстытута адукацыі распрацаваць метадычныя рэкамендацыі для выкладання рускай літаратуры ў 9 класе, над чым я зараз і працую, — адзначыла Наталля Іванаўна.

Надзея ЦЕРАХАВА. 
Фота аўтара.