Чытаем з карысцю для зроку

У рамках дабрачыннага праекта “Я вижу!”, які рэалізоўваецца Беларускім дзіцячым фондам і кампаніяй А1 пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя, упершыню выйшаў комікс на беларускай мове “Погляд у мінулае”. Арганізатары праекта чарговы раз знайшлі спосаб у займальнай форме расказаць школьнікам пра тое, наколькі важна клапаціцца пра зрок. Так з’явілася прыгодніцкая гісторыя ў малюнках пра школьніцу Алесю і яе сяброў, якія знаходзяць выйсце з любой незвычайнай сітуацыі з дапамогай акуляраў. 

“Беларускі дзіцячы фонд — грамадская арганізацыя, якая больш за 30 гадоў займаецца вырашэннем праблем дзяцей, — адзначыла падчас прэзентацыі комікса намеснік дырэктара Беларускага дзіцячага фонду Ірына Чарнякова. — У многіх праектах і праграмах вялікую ўвагу мы ўдзяляем здароўю дзяцей. З 2016 года ў Беларусі рэалізоўваецца ўнікальны дабрачынны праект “Я вижу!” па дыягностыцы, раннім выяўленні паталогій органаў зроку ў дзяцей школьнага ўзросту з сельскай мясцовасці і аказанні ім афтальмалагічнай дапамогі. Чацвёрты год мабільныя брыгады ўрачоў-афтальмолагаў на мікрааўтобусах наведваюць сельскія школы, у тым ліку ў аддаленых населеных пунктах. Выкарыстоўваючы неабходнае медыцынскае абсталяванне, спецыялісты право­дзяць бясплатныя агляды школьнікаў, даюць прафесійныя кансультацыі, вядуць размовы з настаўнікамі, баць­камі і дзецьмі пра важ­насць захавання зроку, выканання зрокавага рэжыму, прафілактыкі зніжэння зроку. Кожнае дзіця пры агля­дзе ўрачамі атрымлівае памятку з практыкаваннямі для вачэй. Выявіць захворванне і лячыць яго — гэта работа ўрачоў. А бацькі і настаўнікі павінны вучыць дзяцей захоўваць зрок, несці адказнасць за ўласнае здароўе”.

Сумесна з кампаніяй А1 Беларускі дзіцячы фонд рэалізаваў праект у Магілёўскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях, дзе ўрачы агледзелі 36 800 дзяцей. У 33 працэнтаў былі выяўлены парушэнні органаў зроку, у многіх паталогія органаў зроку была дыягнаставана ўпершыню. У гэтым годзе работа працягваецца на Віцебшчыне, дзе на сёння агле­джана больш як 8,5 тысячы дзяцей (да канца года плануецца агледзець больш за 15 тысяч дзяцей). У выніку ў чатырох абласцях краіны абследаванне павінны прайсці больш як 50 тысяч дзяцей.

Арганізатары праекта “Я вижу!” з дапамогай сацыяльнай рэкламы імкнуцца прыцягнуць увагу грамадства да гэтай вострай праблемы. Напэўна, многія беларусы бачылі сацыяльны ролік па тэлебачанні і білборды, стылізаваныя пад табліцы з літарамі ШБ, з заклікам наведваць разам з дзецьмі афтальмолага. Хтосьці бачыў плакаты з практыкаваннямі (зарадкай) для вачэй на прыпынках грамадскага транспарту і з карысцю правёў час, чакаючы тран­спарт. “Данесці важную інфармацыю школьнікам — адна з галоўных задач праекта, — адзначыла спецыяліст групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі А1 Кацярына Севасцьянчук. — Наша кампанія прымала ўдзел у правя­дзенні майстар-класа па правільным харчаванні і яго ўплыве на захаванне зроку. Мы размяшчалі адпаведную сацыяльную рэкламу на білбордах Мінска і Брэста. Зараз мы выйшлі на новую ступень у камунікацыі з дзецьмі. Комікс “Погляд у мінулае” — гэта яскравая прыгодніцкая гісторыя, літаратурная гульня з чытачамі, але яго героі гавораць пра тое, на што звяр­таюць увагу і афтальмолагі: важна берагчы зрок і своечасова рэагаваць на змены, якія з ім адбываюцца”.

Аўтарамі гісторыі “Погляд у мінулае” сталі Вольга Алданава і Мікіта Сеннікаў — прадстаўнікі творчага аб’яднання “Сучасны комікс” — адзі­нага ў Беларусі аб’яднання, дзе не толькі ствараюць коміксы, але і папулярызуюць беларускую мову і комікс-культуру краіны. Вольга Алданава таксама стварыла ілюстрацыі для твора. “Калі гаварыць пра арыенціры, якімі мы кіраваліся пры стварэнні комікса, то, напэўна, гэта бу­дзе анімацыйны серыял “Грэвіці Фолз”, — гаворыць Мікіта Сеннікаў. — Старэйшае пакаленне пры чытанні нашага твора ўспомніць прыгодніцкія апавяданні і аповесці беларускага пісьменніка Янкі Маўра. Незвычайная і містычная гі­сторыя комікса “Погляд у мінулае” пачынаецца напрыканцы летніх канікул у невялікім дачным доміку. Галоўная гераіня Алеся знаходзіць стары дзённік свайго дзядулі-вучонага, пасля чаго жыццё дзяўчынкі становіцца падобным на прыгодніцкі дэтэктыў. Таямнічыя шыфры, старажытныя камяні, касмічныя караблі — усё гэта чытачы знойдуць на старонках твора”.

Комікс разлічаны на дзіцячую аўдыторыю ад дзесяці гадоў. Захапляльныя прыгоды герояў, тэматычныя загадкі і рэбусы, спецыяльныя практыкаванні для вачэй — тое, што дазволіць юным чытачам не толькі правесці свой вольны час з карысцю для здароўя, але і даведацца цікавыя факты з гісторыі Беларусі. Неўзабаве пасля выхаду друкаванай версіі комікс будзе даступны ў анлайн-фармаце. “По­гляд у мінулае” — першая частка прыгодніцкай гісторыі, наступная з’явіцца ў снежні і будзе называцца “Не для чужых вачэй”.

Партнёрам выпуску серыі “Погляд у мінулае” выступіла кампанія OZ. “Мы вельмі рады далучыцца да незвычайнага праекта, які мае яскравае візуальнае ўвасабленне, прадстаўляе беларускую комікс-культуру, а таксама нясе важную сацыяльную місію, — гаворыць
PR-спецыяліст кампаніі OZ Настасся Зотава. — Усе дзеці ад дзесяці гадоў, якія набудуць што-небудзь (з бацькамі ці без) у нашым магазіне ў Мінску на праспекце Пераможцаў, 3 і ў Віцебску на вуліцы Леніна, 65, атрымаюць комікс у падарунак. Падрабязную інфармацыю пра праект “Я вижу!” і пра акцыю наведвальнікі змогуць атрымаць у нашых кансультантаў у гэтых магазінах”.

Чытачы, якіх комікс натхніць на стварэнне ўласных гісторый у малюнках, могуць адправіць іх на эле­ктронны адрас moderncomicsby@gmail.com (ён пазначаны і на вокладцы кнігі) і атрымаць адказ ад прафесійных ілюстратараў. Найлепшыя з фан-арт-работ, якія дашлюць аматары коміксаў, плануецца апублікаваць у адным з выпускаў серыі “Погляд у мінулае”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.