Чытайце дзецям

- 10:49Адукацыйная прастора

У гэты студзеньскі дзень Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі быў запоўнены незвычайнай публікай: на Калядныя сямейныя чытанні сюды запрасілі прыёмныя сем’і з дзецьмі з Гродна.

ГрАІРА разам з Гродзенскай абласной арганізацыяй грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” у межах рэалізацыі сацыяльна-творчага праекта “Сямейныя чытанні” арганізаваў для бацькоў і іх дзяцей мерапрыемства, галоўная мэта якога — паказаць баць­кам, як можна цікава праводзіць час са сваімі дзецьмі, чытаючы разам кнігі. І першай такой кнігай для сумеснага чытання стаў зборнік беларускіх народных казак “Не сiлай, а розумам”, выдадзены выдавецтвам “Мастацкая літаратура”.

— Мы ставілі мэту паказаць бацькам формы і метады далучэння дзяцей і падлеткаў да чытання, дапамагчы фарміраванню добразычлівых і даверлівых адносін паміж бацькамі і дзецьмі праз чытанне кніг, — гаворыць намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах мола­дзі Гродзенскага аблвыканкама, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Ірына Сцепаненка. — Галоўная ідэя мерапрыемства — “Чытайце дзецям! Чытайце разам з дзецьмі! Мацуйце сям’ю i краіну!”.

У праграме былі прэзентацыі дзіцячых кніг для сумеснага чытання. З казкамі са зборніка “Не сiлай, а розумам” дзяцей пазнаёміла бібліятэкар ліцэя № 1 Гродна Іна Балуева. Можна было паўдзельнічаць у майстар-класах па вырабе калядных упрыгажэнняў і паштовак, пабываць у цэнтры пясочнай тэрапіі, дзе дзеці малявалі пяском казачных герояў, паглядзець спектакль “Божае нараджэнне” тэатра “Батлейка” сярэдняй школы № 6 Гродна і сустрэцца з сапраўднымі пісьменнікамі. На сустрэчу да дзяцей прыйшлі паэт Віктар Кудлачоў і празаік Пётр Сямінскі.

А потым удзельнікі літаратурнага свята стварылі разам “Калядную сямейную кнігу — 2020”. Усе сем’і напісалі невялічкія казкі, апавяданні, вершы пра Новы год, Каляды і свае сямейныя традыцыі іх святкавання і атрымалі ў падарунак кнігу беларускіх казак для сумеснага сямейнага чытання.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.