Чытанне — вось лепшае навучанне

У сёлетнім навучальным годзе метадыст сталічнай гімназіі № 7 Святлана Жанаўна Лобач была ўдастоена гранта Мінгарвыканкама за праект “Выкарыстанне інтэрактыўных практычных модуляў як сродку фарміравання чытацкай пісьменнасці ў навучэнцаў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Пра асаблівасці гэтага праекта і яго практычную рэалізацыю  — наша гутарка са Святланай Жанаўнай.

— Святлана Жанаўна, чаму вы звярнуліся да праблемы фарміравання чытацкіх навыкаў малодшых школьнікаў? Як нарадзілася ідэя праекта?

— Праблема фарміравання чытацкай кампетэнтнасці сёння актуальная як ніколі, бо чытанне абумоўлівае пісьменнасць і адукаванасць кожнага чалавека, фарміруе ідэалы ў грамадстве, узбагачае ўнутраны свет, пашырае кругагляд. Але, на жаль, існуе тэндэнцыя зніжэння цікавасці да чытання і мы з калісьці чытаючай нацыі ператвараемся ў лакальна чытаючую. Сфера нашых інтарэсаў значна звузілася. Таму адна з задач сучаснай школы заключаецца ў тым, каб сфарміраваць у падрастаючага пакалення цікавасць да чытання, стварыць пэўныя ўмовы праз актыўныя формы навучання. Для кожнага кампетэнтнага чытача неабходна ўмець адбіраць, арганізоўваць інфармацыю, а таксама паспяхова прымяняць яе ў практычнай дзейнасці.

Шляхі вырашэння праблемы трэба шукаць яшчэ на І ступені навучання, калі дзіця толькі пачынае чытаць, паступова пашыраючы яго інтарэсы, слоўнікавы запас, павышаючы матывацыю да навучання. І на ўсё гэта накіраваны інтэрактыўныя практычныя модулі, якія нашы педагогі выкарыстоўваюць у адукацыйным працэсе.

Два гады назад я разам з калегамі паўдзельнічала ў гарад­ской панараме метадычных ідэй “Урок для педагога”, на якой мы атрымалі дыплом І ступені у намінацыі “Ад педагагічных ведаў — да педагагічнага майстэрства”. У гэтым конкурсе ў межах метадычнага адкрытага мерапрыем­ства мы прадставілі некалькі варыянтаў інтэрактыўных модуляў. А затым з’явілася ідэя дапоўніць гэтую сістэму і пашырыць яе інтэрактыўнымі заданнямі. Так нарадзіўся праект па фарміраванні чытацкай пісьменнасці навучэнцаў. Сама сістэма модульнага навучання прадстаўлена ў праекце не ў першасным выглядзе, а як нейкая схема, матрыца, кластар, куды закладваюцца пэўныя інтэрактыўныя заданні. Дыферэнцыяцыя гэтых заданняў адбываецца па модулях — з першага па чацвёрты, што адпавядае нумару класа.

— Раскажыце, калі ласка, падрабязней, якія практычныя інтэрактыўныя заданні падбіраюцца да кожнага модуля і як адбываецца фарміраванне чытацкіх навыкаў пачаткоўцаў?

— У першым модулі (адпавядае 1 класу) вучням прапаноўваецца выканаць заданні, якія дапамагаюць замацоўваць прымяненне розных форм словаўтварэння, актывізаваць і ўзбагачаць слоўнікавы запас, удасканальваць навыкі гука-літарнага аналізу слова. Напрыклад, дзецям даецца заданне “Слова ў слове”, калі неабходна ў чытэльным кірунку выключыць літары ў прапанаваных варыянтах (браслет — брат, линейка — иней, формула — форма). Яшчэ адно заданне “Ад слова — да слова”, дзе малодшым школьнікам неабходна ў прапанаваным варыянце слоў узяць частку, якая складаецца не менш як з трох літар і якая будзе з’яўляцца складовай часткай новаўтворанага слова. Напрыклад, черешня — черепаха, магнит — магия, магнит — нитка, заколка — коляска, колба, колодец. Таксама вучням прапануецца інтэрактыўнае практыкаванне “Вось такія пірагі” (даюцца ў пэўным парадку літары ў слове, іх трэба расставіць па сваіх месцах і ахарактарызаваць гукі: я г р и — гиря).

У другім модулі інтэрактыўныя практычныя заданні дапамагаюць у вырашэнні адукацыйных задач, звязаных з асваеннем лексічнага значэння слова, замацаваннем яго арфаграфічнага напісання праз сімвалічную праекцыю. Так, другакласнікам прапаноўваецца інтэрактыўная гульня “Дадай слоўца”. Дзеці кідаюць кубік, і на літару, якая ім выпадае, прадастаўляецца картка з ілюстрацыяй і пэўным надпісам накшталт “Ворона выигрышнее в…”, “Банкнота была б…” або “Выиграть весело в…”,  і ім неабходна дадаць слова па сэнсе. Напрыклад, “Банкнота была бумажной”, “Гусь грязнее гусеницы”.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 57, 25 мая 2019 года.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.