Чарговы раз адчыніла свае дзверы для юных даследчыкаў і творчай моладзі гомельская гімназія № 36 імя І.Мележа. Тут прайшлі ХІІ адкрытыя Мележаўскія чытанні.
За гады свайго існавання Мележаўскія чытанні сталі вядомы далёка за межамі не толькі Гомельскай вобласці, але і Беларусі. Штогод разам з навучэнцамі ўстаноў свайго рэгіёна гомельская гімназія збірае і даўніх сяброў з сярэдняй школы № 132 Самары, сярэдняй школы № 12 Ірпеня Кіеўскай вобласці і сярэдняй школы № 7 з інтэрнатным аддзяленнем Новамаскоўска Днепрапятроўскай вобласці. Нядаўна спіс замежных дэлегацый папоўніла школа імя Максіма Горкага з балгарскага горада Стара-Загора, а таксама далучылася да мерапрыемства мінская гімназія № 14. Сёлета ўдзел у чытаннях упершыню прынялі навучэнцы маскоўскай сярэдняй школы № 1973.
Як бачым, сяброўскае кола з кожным годам пашыраецца, разрастаюцца рамкі супрацоўніцтва, і ўсё больш становіцца прасторы для абмену вопытам. Улічваючы гэта, арганізатары чытанняў вырашылі сёлета ўнесці некаторыя карэктывы ў правядзенне мерапрыемства і пачаць яго з Дзён сяброўства. Па сутнасці такія дні праводзіліся ў рамках чытанняў і раней. Але цяпер піраміда перавярнулася, і ўжо конкурс даследчых і творчых работ вучняў быў упісаны ў рамкі Дзён сяброўства. У выніку адной з галоўных задач мерапрыемства разам з далучэннем навучэнцаў да даследчай дзейнасці, павышэннем іх цікавасці да культурнай спадчыны было пастаўлена ўмацаванне і развіццё супрацоўніцтва паміж установамі агульнай сярэдняй адукацыі горада, краіны і блізкага замежжа. І гэта цалкам апраўдана. Тым больш што на ХІІ адкрытыя Мележаўскія чытанні завітала больш за 20 замежных гасцей.
Дні сяброўства расцягнуліся на 5 дзён. Першыя тры былі напоўнены сустрэчамі, знаёмствамі і цікавымі экскурсіямі. Дэлегацыі наведалі Палац Паскевічаў, музей чыгуначнай дарогі, гомельскі філіял Веткаўскага музея народнай творчасці, прамысловыя прадпрыемствы Гомеля і абласны драматычны тэатр. Такая цікавая праграма дала магчымасць дзецям і педагогам пазнаёміцца, пасябраваць і абмеркаваць самыя розныя тэмы. А таму непасрэдна чытанні здаваліся ім не столькі спаборніцтвам, колькі магчымасцю данесці равеснікам свае веды ці пазнаёміць са сваімі творамі.
Усяго на конкурс былі заяўлены 203 работы, якія абаранялі больш за 260 вучняў. Як звычайна, чытанні праходзілі ў чатырох секцыях: “Культурная спадчына, Pro et contra (псіхалогія і сацыялогія), “Мой родны кут” і “Мой паэтычны радок”. Па выніках работы секцый кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзілі выкладчыкі Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф.Скарыны, Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі, метадысты, педагогі-псіхолагі і настаўнікі, адзначыла 84 работы. Дыпломы І ступені атрымалі 22 удзельнікі, дыпломы ІІ і ІІІ ступені — 27 і 35 канкурсантаў адпаведна. Добра паказалі сябе навучэнцы некаторых гімназій Гомеля, а таксама Добруша, Жлобіна, Рэчыцы, Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага. Сярод сельскіх навучальных устаноў трэба адзначыць Мілевіцкі дзіцячы сад — сярэднюю школу Жыткавіцкага раёна, вучні якой Наталля Емяльянава, Максім Ефімовіч, Таццяна Дарафей і Раман Лахвіч атрымалі за сваю даследчую работу дыплом І ступені.
Узнагароды атрымалі і настаўнікі вучняў, якія сталі пераможцамі сёлетніх адкрытых Мележаўскіх чытанняў. Памяць аб конкурсе — дыплом удзельніка — атрымалі ўсе юнакі і дзяўчаты, каму ў гэтым годзе перамагчы не ўдалося. Трэба спадзявацца, за сваёй перамогай яны прыйдуць на наступныя чытанні.
Натялля ЛУТЧАНКА.