Чытаць — гэта прыгожа!

Па-сапраўднаму багатым чалавека робіць не матэрыяльны, а духоўны свет, дзякуючы якому ён бачыць прыгажосць вакол сябе. На працягу тысячагоддзяў галоўнай крыніцай ведаў была кніга. Людзі не перасталі чытаць са з’яўленнем радыё, тэлебачання і нават інтэрнэту. Праўда, калі раней прачытаныя кнігі абмяркоўвалі ў кампаніі сяброў, то цяпер на форумах і ў чатах. Сучасныя рэаліі патрабуюць ад бібліятэкі новых падыходаў, каб падтрымліваць цікавасць да кнігі і чытання.

З мэтай развіцця творчага патэнцыялу дзяцей і далучэння іх да пазакласнага чытання бібліятэка брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава арганізавала па ініцытыве вучняў (!) конкурс на лепшае фота з кнігай.

— Спаборніцтва нікога не абмяжоўвала нейкімі рамкамі і дазволіла ўсім праявіць фантазію ў стварэнні творчых фота, — расказала загадчыца школьнай бібліятэкі В.А.Філіповіч. — Умовы конкурсу былі вельмі простыя. На ўвасабленне сваіх ідэй не патрабавалася шмат часу. Удзельнікі рыхтавалі сэлфі, прадметныя, партрэтныя і нават сюжэтныя фотаздымкі. Лепшыя з іх былі апублікаваны ў інстаграм-акаўнце школьнай бібліятэкі @biblio_school20. Кожнае фота па-свойму цудоўнае. Адчувалася, што канкурсанты ўклалі ў іх часцінку сябе. Па выніках агульнашкольнага галасавання пераможцай спаборніцтва стала сямікласніца Ульяна Гарошка.

Трэба адзначыць, што конкурс знайшоў вялікі водгук сярод вучняў, таму ў школе і надалей плануюць праводзіць падобныя мерапрыемствы.

Нягледзячы на тое, што інстаграм-акаўнт бібліятэкі існуе ўсяго 3 месяцы, яго ўжо палюбілі многія вучні, найперш дзякуючы карыснай інфармацыі і яркаму візуальнаму афармленню. Ён стаў своеасаблівым клубам па інтарэсах, які аб’яднаў больш за 170 аматараў чытання і фотасправы. Акрамя таго, тут можна знайсці інфармацыю пра дзейнасць бібліятэкі, новыя кнігі, выставы, цікавыя факты.

— Калі стварала старонку школьнай бібліятэкі ў Instagram, хацелася далучыць вучняў да класічнай і сучаснай мастацкай літаратуры, матываваць да чытання, стварыць пазітыўны настрой і паказаць, што чы­таць — гэта прыгожа. Задума ўдалася! — адзначыла В.А.Філіповіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.