Ціхія выбары

- 10:35Інфармацыйная гадзіна

2 красавіка ў Арменіі прайшлі першыя пасля канстытуцыйнага рэферэндуму 2015 года парламенцкія выбары. Гэта перадапошні этап пераходнага перыяду, які скончыцца ў 2018 годзе, з заканчэннем паўнамоцтваў дзеючага прэзідэнта Сержа Саргсяна.

Наступны кіраўнік дзяржавы будзе выбраны ўжо не грамадзянамі краіны, а дэпутатамі парламента, і Арменія цалкам пяройдзе ад прэзідэнцка-парламенцкай формы кіравання да парламенцкай. У першым туры кіраўнік дзяржавы павінен быць выбраны 75% галасоў дэпутатаў, а калі гэтага зрабіць не ўдасца, то планка апускаецца да 60. Калі і ў гэтым выпадку выбары будуць безвыніковымі, то прэзідэнт будзе выбраны большасцю ад агульнай колькасці дэпутатаў. Прэзідэнт будзе назначаць прэм’ер-міністрам кандыдата ад партыі або партыйнага блока, які перамог на парламенцкіх выбарах. Узброеныя сілы будуць падпарадкоўвацца ўраду, вярхоўным галоўнакамандуючым у час вайны з’яўляецца прэм’ер-міністр.

На рэферэндуме 6 снежня 2015 года былі прыняты змены, якія змянілі і выбарчую сістэму краіны — Нацыянальны сход упершыню будзе выбраны выключна на прапарцыянальнай аснове. Для праходжання ў парламент устаноўлены бар’ер у 5% для партый і 7% для блокаў. Упершыню не агаворана канчатковая колькасць дэпутатаў — Нацыянальны сход будзе складацца мінімум са 101 дэпутата з абавязковым гарантаваннем стабільнай большасці партыі, якая перамагла, або блоку і прадстаўніцтва апазіцыі. Акрамя таго, цяпер у Нацыянальным сходзе ва ўстаноўленым Выбарчым кодэксам парадку выдзелены месцы для прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей — езідаў, рускіх, асірыйцаў і курдаў. Колькасць дэпутатаў кожнага полу ў агульнанацыянальных прапарцыянальных спісах павінна быць не менш за 25%.

У выбарах, якія прайшлі, удзельнічалі дзевяць палітычных сіл — пяць партый і чатыры блокі. Ні ў кога не выклікала сумнення, што кіруючая Рэспубліканская партыя захавае за сабой дамінаванне. Пытанне было ў тым, хто з апазіцыі пройдзе ў парламент. Частка з апазіцыйных партый і блокаў такой лічыцца чыста намінальна — тая ж Партыя квітнеючай Арменіі (ПКА), якую ўзначальвае буйны бізнесмен і кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта Гагік Царукян, практычна заўсёды падтрымлівае ініцыятывы прэзідэнта і ўрада.

У выніку ў новы парламент прайшлі ўсяго дзве партыі і два блокі, толькі адзін з якіх — ліберальны “Елк” (“Выхад”) можна назваць сапраўды апазіцыйным.

Ні Армянскі нацыянальны кангрэс першага Прэзідэнта Арменіі Лявона Тэр-Петрасяна (1,66%), ні партыя “Адраджэнне Арменіі” (3,72), ні блок былых міністраў “Аханян і Рафі Аскаран” (2,07), ні камуністы (0,75), ні свабодныя дэмакраты (0,94) у новым парламенце прадстаўлены не будуць.

Пасля падвядзення вынікаў адбылося і пераразмеркаванне мандатаў па новай сістэме з улікам галасоў, аддадзеных за партыі, не прадстаўленыя ў Нацыянальным сходзе. РПА атрымае ў новым парламенце 58 мандатаў са 105. Блок “Царукян” будзе прадстаўлены ў парламенце 31 дэпутатам, блок “Елк” атрымае дзевяць месцаў, а “Дашнакцуцюн” — сем. Такім чынам, партыя ўлады можа не падпісваць кааліцыйнае пагадненне з іншымі сіламі.

Што да таго, хто ж стане кандыдатам у прэзідэнты, а хто — прэм’ерам, пакуль яснасці няма. Цяперашні прэм’ер-міністр Карэн Карапецян карыстаецца вялікай папулярнасцю, яго рэйтынг дасягае 80%. Аднак, згодна з новаўвядзеннямі армянскай канстытуцыі 2015 года, прэм’ер-міністрам Арменіі можа назначацца асоба, якая з’яўляецца грамадзянінам краіны і 4 гады бязвыезна жыла ў Арменіі. Але Карэн Карапецян, з’яўляючыся грамадзянінам Арменіі, да лютага 2018 года не пражываў бязвыезна ў Арменіі і да назначэння ў верасні 2016 года на пасаду прэм’ер-міністра пражываў у Маскве. Гэты факт можа быць выкарыстаны для яго замены на лідара РПА Сержа Саргсяна, які пакіне пасаду прэзідэнта. Не выключаны і варыянт, што дзеючы прэзідэнт аддасць перавагу перад пасадай прэм’ера пасадзе спікера парламента, якая становіцца ў новым раскладзе вельмі ўплывовай, таму інтрыга з раздзелам пастоў захаваецца мінімум на паўгода.

Цяперашнія выбары запомняцца тым, што, напэўна, упершыню ў гісторыі Арменіі ўсе палітычныя сілы, якія прайшлі ў парламент, прызналі вынікі выбараў і не будуць іх аспрэчваць. Нягледзячы на тое, што частка апазіцыі, якая не прайшла ў парламент, гаворыць пра масавыя парушэнні, нават яны (АНК Тэр-Петрасяна і партыя Адраджэнне) адмовіліся падаваць у суды заявы аб пераглядзе вынікаў галасавання. Магчыма, новы расклад сіл іх і не задаволіў, але ў цэлым, як заявілі прадстаўнікі Еўрасаюза, “выбары адлюстроўваюць волю народа Арменіі”.

Алег ВЯРЦІНСКІ.