Clever-fest

Першы магілёўскі фестываль моў Clever-fest прайшоў у абласным цэнтры. Мерапрыемства, прымеркаванае да Сусветнага дня пародненых гарадоў, сабрала на адной пляцоўцы больш за 140 удзельнікаў з 15 устаноў адукацыі сталіцы Прыдняпроўскага краю.

Па словах аўтара і каардынатара праекта дырэктара гімназіі № 4 Магілёва Яўгена Іванавіча Дуплеўскага, фестываль накіраваны на матывацыю вывучэння замежных моў, веданне якіх дапамагае палепшыць міжкультурнае ўзаемадзеянне і знайсці паразуменне з прадстаўнікамі іншых дзяржаў.

Фестываль першапачаткова задумваўся як агульнагарадская падзея, таму што ў гімназіі мерапрыемстваў на моўную тэматыку было ўжо дастаткова. Кіраўніцтва навучальнай установы хацела падзяліцца сваімі думкамі і ідэямі са школамі горада. У гімназіі самі распрацавалі Палажэнне аб правядзенні фестывалю, узгаднілі яго з Магілёўскім гарвыканкамам, знайшлі ўсебаковую падтрымку з боку калег з іншых навучальных устаноў, прыцягнулі спонсарскую дапамогу.

— Нашаму калектыву даўно хацелася стаць ініцыятарамі цікавага і неардынарнага праекта, які ідзе ў нагу з сучаснай моладдзю, — адзначыў суразмоўца. — Сёння нашы дзеці жывуць у шырокай інфармацыйнай прасторы, якая не мае практычна ніякіх меж, таму яны не адчуваюць абмежаванняў у плане зносін — галоўным чынам, тэрытарыяльных. Мы задаліся мэтай зняць яшчэ і моўныя бар’еры, якія могуць служыць перашкодай для свабоднай камунікацыі.

У аснове фестывалю ляжыць конкурсны складнік. Так, вучні 5—10 класаў змагаліся за ўзнагароды ў дзвюх намінацыях: “Моўная мазаіка” — аповед пра мову і гісторыю яе ўзнікнення (удзельнічалі каманды навучальных устаноў); “Спікер”— конкурс прамоўніцкага майстэрства (індывідуальныя выступленні па трох катэгорыях: 5—6, 7—8 і 9—10 класы). Былі заяўлены выступленні дзяцей на літоўскай, грузінскай, балгарскай, нямецкай, французскай, іспанскай, італьянскай, кітайскай і нават карэйскай мовах.

Таксама былі прадстаўлены інтэрактыўныя моўныя прэзентацыі і моўныя гульні, метадычныя майстар-класы для настаўнікаў, арганізавана фотазона. Акрамя гэтага, на першым фестывалі можна было даведацца аб пабрацімах і партнёрах абласнога цэнтра — гарадах, з якімі ў Магілёва склаліся шматгадовыя культурныя і эканамічныя сувязі.

У падтрымку фестывалю ў сацыяльных сетках былі створаны групы Clever-fest, у якіх размяшчаліся навіны мерапрыемства і праходзілі віртуальныя падарожжы па розных краінах. Таксама ў фестывалю з’явіўся свой лагатып — чатырохлістая канюшына.

— Сімволіка абрана невыпадкова: па-першае, рускае “клевер” сугучна з англійскім словам сlever, “разумны”, па-другое, чатыры пялёсткі сімвалізуюць нумар гімназіі, па-трэцяе, гэтая расліна традыцыйна прыносіць поспех, — растлумачыў Яўген Іванавіч.

Многія каманды ўстаноў адукацыі ладзілі сапраўдныя касцюміраваныя шоу. На сцэне можна было ўбачыць яркіх прадстаўнікоў розных культур — носьбітаў той ці іншай мовы. Так, навучэнцы прымералі вобразы тэмпераментнага італьянскага акцёра Андрыяна Чэлентана, вядомага расійскага выканаўцы балгарскага паходжання Філіпа Кіркорава, паўсталі ў выглядзе персанажаў з твора Льюіса Кэрала “Аліса ў краіне Цудаў”, дэманстравалі мастацтва кітайскіх танцорак з веерамі. Выступленні былі настолькі яркімі і займальнымі, што многія гледачы сталі задумвацца пра вывучэнне яшчэ адной замежнай мовы.

— Было вельмі цікава назіраць і слухаць, — расказаў Яўген Іванавіч. — Столькі слоў на розных мовах свету гімназія не чула яшчэ ніколі. Нават пра рускую мову можна было даведацца шмат новага. І ўдзельнікі, і арганізатары стаміліся, але ўсе засталіся задаволены. Гэта той рэдкі выпадак, калі ўсё, што запланавалі, атрымалася на сто працэнтаў.

Па выніках шматгадзіннага моўнага фестывалю кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі магілёўскіх устаноў вышэйшай адукацыі, вызначыла пераможцаў. Так, лепшымі ў намінацыі “Моўная мазаіка” прызнаны: сярэдняя школа № 34 (прэзентацыя італьянскай мовы; 1-е месца), сярэдняя школа № 38 (прэзентацыя карэйскай мовы; 2-е месца), гімназія № 4 Магілёва (прэзентацыя кітайскай мовы; 3-е месца). У намінацыі “Спікер” сярод навучэнцаў 5—6 класаў дыплома І ступені ўдастоены Карына Кучук (гімназія № 4), ІІ — Ксенія Цыкунова (сярэдняя школа № 11), ІІІ — Дар’я Карпекіна, Яўгенія Базяк, Ягор Зайцаў (сярэдняя школа № 43); сярод навучэнцаў 7—8 класаў 1-е месца замацавалася за Карынай Багатыровай (сярэдняя школа № 43), 2-е — у Юліі Катляровай (сярэдняя школа № 42), 3-е — у Данііла Халейкі (сярэдняя школа № 31); сярод навучэнцаў 9—10 класаў абсалютным лідарам стала Юлія Васіленка (сярэдняя школа № 5), дыпломы ІІ і ІІІ ступені атрымалі Дзмітрый Пералыгін (сярэдняя школа № 42) і Настасся Зайцава (сярэдняя школа № 13) адпаведна.

Пераможцам уручаны дыпломы і памятныя падарункі ад спонсараў і партнёраў мерапрыемства. Усім канкурсантам дасталіся сертыфікаты ўдзельнікаў Першага магілёўскага моўнага фестывалю.

Па словах Яўгена Іванавіча Дуплеўскага, у перспектыве Clever-fest павінен стаць унікальнай культурна-асветніцкай пляцоўкай, дзе можна будзе пачуць усю моўную разнастайнасць свету і абмяняцца перадавым вопытам у засваенні замежных моў.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота прадастаўлена гімназіяй № 4 Магілёва.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *