Code Club — сусветны ІТ-праект для школьнікаў

- 15:03Выхаваўчая прастора

— Табе тата дапамагаў?

— Ну, спярша я яму патлумачыў, а пасля — ён мне!

Так расказвае трэцякласнік пра сваю работу над чарговым праектам у Scratch. Вучні Радашковіцкай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна, напэўна, першымі ў Беларусі далучыліся да сусветнага руху Code Club. Што гэта і навошта такія клубы навучэнцам, мы даведаліся дзякуючы настаўніцы фізікі намесніку дырэктара па метадычнай рабоце Святлане Аркадзьеўне Шнэйдэр і настаўніку інфарматыкі і працоўнага навучання Паўлу Пятровічу Янчаўскасу.

Ініцыятыва Code Club нарадзілася ў Вялікабрытаніі і ахапіла ўжо 150 краін. Педагогі, што далучаюцца да праекта, ствараюць уласныя групы, дзе вучаць дзяцей, якім ад 9 да 13 гадоў, асновам праграмавання.

Кожны настаўнік, які хоча заснаваць свой клуб, можа прайсці курс падрыхтоўкі на сайце codeclubworld.org, атрымаць гатовыя інструкцыі і матэрыялы і дапамагчы дзецям яшчэ ў пачатковай школе азнаёміцца з асновамі праграмавання. Галоўная ўмова — заняткі павінны быць бясплатнымі.

Па ўсім свеце існуе каля 13 000 такіх суполак, дзе вучацца 195 000 дзяцей. У Беларусі працуюць ужо 2 клубы — у Радашковічах і Барысаве.

— Са Scratch я знаёмая даўно, — расказвае Святлана Аркадзьеўна. — У 2016 годзе пабачыла ў “Настаўніцкай газеце” нататку пра тое, што яго вывучэнне збіраецца развіваць Парк высокіх тэхналогій. Размяшчаліся ў газеце і кантакты, па якіх можна было звярнуцца па падрабязнасці.

Так Святлана Аркадзьеўна спярша сама, а пасля і на курсах ПВТ стала вывучаць Scratch. Веды адразу ж прымяніла на практыцы — пачала праводзіць для вучняў 2 класа факультатыў. Запыт быў вялікі, ды толькі да 3 класа. У гэтым узросце дзецям можна наведваць толькі адзін факультатыў, і, зразумела, бацькі запісвалі іх на больш прывычныя матэматыку ці мовы.

Ужо тады Святлана Аркадзьеўна падумвала стварыць уласны Code Club — так называюць клубы, у якіх дзеці вывучаюць асновы праграмавання пад наглядам настаўніка-валанцёра. Праект пачынаўся з некалькіх груп у Вялікабрытаніі, а ператварыўся ў міжнародную ініцыятыву, да якой далучаюцца і ў Бразіліі, і ў Бангладэш. Ідэя аўтараў праекта ў тым, каб любы педагог, які ўмее працаваць з дзецьмі, нават калі ён нічога не ведае пра ІТ, меў магчымасць выкладаць найбольш распаўсюджаныя мовы праграмавання. Для гэтага неабходна толькі знайсці памяшканне, выбраць адну гадзіну на тыдні і сабраць групу.

С.А.Шнэйдэр.

— Мне вельмі падабалася ідэя, але арганізаваць такое я пабойвалася: здавалася, што гэта патрэбна толькі мне, — тлумачыць Святлана Аркадзьеўна. — Сітуацыя змянілася, калі Асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” стала развіваць такі рух у Беларусі. З’явілася ўпэўненасць, што адкрыюцца і іншыя клубы, будзе магчымасць кансультавацца з іншымі настаўнікамі.

Да ініцыятывы ахвотна далучыўся і настаўнік інфарматыкі і працоўнага навучання Павел Пятровіч Янчаўскас. Ён першым пачаў заняткі з вучнямі 4 класа, адразу за ім — Святлана Аркадзьеўна з трэцякласнікамі. Педагогі-валанцёры стварылі групы па вывучэнні візуальнага асяроддзя праграмавання Scratch. Code Club таксама дае магчымасць выкладаць HTML i CSS, Python, таму праз год ці больш зацікаўленыя вучні змогуць перайсці на наступную прыступку ў межах клуба.

З чаго пачынаецца клуб

Клуб — гэта ў першую чаргу настаўнік, які жадае знаёміць дзяцей з праграмаваннем.

— Каб зразумець, як ладзіць заняткі, я прайшла дыстанцыйны курс: за 2 тыдні засвоіла прынцыпы Code Club, навучылася працаваць з іх матэрыяламі, азнаёмілася з вопытам работы валанцёраў з іншых краін, — расказвае Святлана Аркадзьеўна.

Наступны крок — месца. Сустрэчы клуба могуць праходзіць у бібліятэцы, школе, офісе — любым памяшканні, дзе педагог можа гарантаваць бяспеку дзяцей. У Радашковіцкай сярэдняй школе заняткі праходзяць у кабінеце інфарматыкі і лінгафонным кабінеце.

Нарэшце, самае важнае — дзеці і іх бацькі. Наведваць Code Club можна толькі з пісьмовага дазволу бацькоў, таму Святлана Аркадзьеўна і Павел Пятровіч пачалі сваю работу з вялікага бацькоўскага сходу, на якім таты і мамы азнаёміліся з дзейнасцю клубаў.

На сайце Code Club можна спампаваць карысныя матэрыялы, якія дапамагаюць і ў навучанні, і ў арганізацыі клубаў. Так, бацькі школьнікаў атрымалі брашуры пра работу клуба і бланкі заяў на ўваходжанне туды. Па правілах, у адной групе можа займацца да 15 чалавек, таму клубы набралі хутка.

— Можа быць складана выбраць арганізацыйную форму для такіх заняткаў, — папярэджвае Святлана Аркадзьеўна. — Нашы праходзяць у межах інавацыйнага праекта “Увядзенне кампетэнтнасна-арыентаванай лічбавай мадэлі прафарыентацыйнай работы як кампанент мабільнай адукацыі”: заняткі ў Code Club дапамагаюць фарміра­ваць інжынернае мысленне ў раннім узросце. У іншых школах клуб можна арганізоўваць як аб’яднанне па інтарэсах ці ў межах работы STEM-класа.

Як праходзяць сустрэчы

Заняткі адбываюцца раз на тыдзень. Вучоба ў клубе — гэта падрыхтоўка праектаў па гатовых інструкцыях. Настаўнік выбірае адну з праграм: для навічкоў ці ўжо падрыхтаваных вучняў — і атрымлівае пакрокавыя інст­рукцыі, якія можна проста раздрука­ваць, патлумачыць і перадаць дзецям. Калі настаўнік сам толькі асвойвае прадмет, ён загадзя спрабуе сабраць праект, разбірае новыя паняцці, незразумелыя вучням, і рыхтуе тлумачэнні.

— Матэрыялы курса — на англійскай мове, — гаворыць Святлана Аркадзьеўна, — таму нам даводзіцца яшчэ і перакладаць іх. Я прыцягваю да гэтага працэсу старшакласнікаў — вучняў класа з паглыбленым вывучэннем замежнай мовы ці з педкласа. Яны ахвотна адгукаюцца, ды пакуль няма такога моцнага інтарэсу, каб самі разабраліся ў Scratch і правялі заняткі. Калі ахвотнікі знойдуцца, я буду рада даць ім магчымасць паспрабаваць.

Перакладзеныя інструкцыі Святлана Аркадзьеўна змяшчае ў раздзеле Code Club на сайце школы, таму кожны, хто задумаўся пра стварэнне свайго клуба, можа пагля­дзець матэрыялы там і дапамагчы з далейшым перакладам.

Адзін праект можна сабраць за некалькі сустрэч. На першай настаўнік тлумачыць новыя функцыі, якія спатрэбяцца вучням, а пасля ўручае інструкцыю — і пачынаецца самае цікавае.

П.П.Янчаўскас.

— Калі дзеці ў рабоце, а я прымушаю іх адарвацца ад камп’ютара, каб яны не праводзілі каля экрана шмат часу, адчуваю сябе так, быццам нават перашка­джаю, — дзеліцца Святлана Аркадзьеўна.

Праекты, складзеныя заснавальнікамі Code Club, пабудаваны так, каб даць дзіцяці крыху інфармацыі і адразу ж задаць пытанне — яны абавязкова змяшчаюць пэўную праблему, з якой вучні павінны справіцца самастойна.

— Сёння дзяцей трэба прывучаць ду­маць самастойна, — упэўнена Святлана Аркадзьеўна, — бо нават падчас лабараторных работ на ўроках фізікі заўважаю, што яны задаюць шмат пытанняў, каб хутка атрымаць гатовыя адказы, хутка выканаць заданне і, на жаль, хутка ўсё забыць.

Калі справіцца з праблемай сваімі сіламі ў дзяцей не атрымліваецца, настаўнік тлумачыць першаму, хто папрасіў дапамогі. Цяпер гэты вучань становіцца экспертам — тлумачыць рашэнне іншым.

 — Клуб добры тым, што гэта нефармальнае асяроддзе, дзе няма абавязковай пра­грамы — толькі напрамак, у якім можна працаваць, і гатовыя модулі з заданнямі. Дзеці могуць ісці ў сваім тэмпе, — падкрэслівае Святлана Аркадзьеўна. — Звычайна, калі вучань адстае на дадатковых занятках, у яго не атрымліваецца — і ён губляе інтарэс. У клубе ёсць магчымасць спыніцца і разабраць складанае пытанне асобна.

Аднак Code Club — гэта не толькі пра настаўніка і вучняў. Кіраўнікі клубаў прыцягваюць да навучання бацькоў. Яны ствараюць для дзяцей асабістыя кабінеты ў Scratch, каб школьнікі маглі прадоўжыць работу дома разам з бацькамі.

— У пачатковай школе бацькі звычайна шмат увагі ўдзяляюць сваім дзецям, а для іх асабліва важная пахвала ад бацькоў, таму я стараюся зрабіць так, каб вучні паказвалі мамам і татам свае мульцікі і гульні. А Павел Пятровіч, які праводзіць заняткі па суботах, увогуле плануе запрашаць іх на сустрэчы клуба, — гаворыць Святлана Аркадзьеўна.

Па правілах, наведваць і нават право­дзіць сустрэчы можа любы, галоўнае, каб за працэсам сачыў педагог, таму ў больш дарослыя групы дарэчным будзе запрашаць на заняткі прадстаўнікоў ІТ-індустрыі, якія могуць і пракансультаваць у пэўнай мове праграмавання, і дапамагчы ў выбары прафесіі ўнутры ІТ-сферы.

Далей — уласныя ідэі

Клубы ў Радашковічах працуюць зусім нядаўна. Пакуль нельга з дакладнасцю сказаць, што будзе ўстойлівы інтарэс з боку вучняў, але і першыя поспехі дзяцей, і сусветны вопыт Code Club абнадзейваюць, таму настаўнікі ўжо строяць планы на будучы год.

Калі падрастуць вучні, якія маюць цікавасць да тэхнікі і базавае ўяўленне пра алгарытмы, Павел Пятровіч плануе займацца з імі канструяваннем на платформе Arduino.

— Існуе спецыяльная мадыфікацыя Scratch для таго, каб праграмаваць датчыкі і механізмы каструктара Arduino, — Scratch4Arduino, — тлумачыць Павел Пятровіч. — Можна выкарыстоўваць таксама асяроддзе mBlock, ArduBlock ці KittenBlock, каб пачаць праграмаваць сабраныя з канструктара мадэлі і такім чынам паказаць сувязь паміж кодам і фізічным светам.

Педагог ужо набыў некалькі набораў, з якімі можна пачаць заняткі. А каб створаныя робаты былі яшчэ і відовішчнымі, ён плануе падключыць сваё хобі. У вольны час Павел Пятровіч стварае фігуры з кардону.

— Пры дапамозе спецыяльнай праграмы Pеpakura Design любы 3D-аб’ект раскладаецца на выкрайкі, з якіх можна зрабіць аб’ёмную папяровую фігуру, — расказвае Павел Пятровіч. — Напрыклад, я зрабіў да Дня горада Жалезнага чалавека і асобна яго маску: дзеці ахвотна яе прымяраюць і фата­графуюцца са скульптурай.

— А цяпер уявіце, што вучні напішуць чат-бота, які можа падтрымаць простую гутарку, і размесцяць яго ў такім “целе” Жалезнага чалавека, — працягвае думку Святлана Аркадзьеў­на. — Атрымліваецца, і высокія тэхналогіі асвояць, і рукамі працаваць навучацца. 

У самой Святланы Аркадзьеўны таксама ёсць падобны інтарэс. Яна займаецца валеннем, цікавіцца электронікай і ўжо прыдумала, як аб’яднаць гэтыя, здавалася б, палярныя хобі.

— Думаю, дзяўчынкам спадабаецца ідэя зваліць, напрыклад, тапачкі, якія могуць падаць сігнал гаспадару, калі той забудзе, дзе іх пакінуў, — з азартам прапануе педагог.

Галоўная мэта, да якой імкнуцца настаўнікі, ствараючы Code Club, — развіваць цікавасць да дакладных навук у школе.

— З 50 вучняў 10-х класаў толькі 8 выбіраюць фізіку і матэматыку як профільныя прадметы, а хацелася б, каб такіх вучняў было значна больш, — падкрэслівае Святлана Аркадзьеўна.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і з асабістага архіва герояў.