У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце ўручылі пасведчанні і дыпломы спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і іншыя ўзнагароды.
Адкрываючы ўрачыстае мерапрыемства, рэктар БДЭУ Уладзімір Шымаў падкрэсліў, што галоўная задача ўніверсітэта — стварыць умовы для раскрыцця прафесійнага, навуковага і творчага патэнцыялу студэнтаў, а таксама кар’ернага росту выпускнікоў. “У эпоху эканомікі ведаў найважнейшым эканамічным паказчыкам становіцца навукаёмістасць вытворчасці, таму развіццю маладзёжнай навукі ўдзяляецца такая вялікая ўвага”, — адзначыў Уладзімір Мікалаевіч.
На працягу апошніх гадоў у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце паспяхова рэалізуецца праект універсітэцкай дэкады студэнцкай навукі “Моладзь у навуцы і бізнесе”. Сёлета план мерапрыемстваў дэкады папоўніў новы конкурс бізнес-ідэй і праектаў “Маркет ідэй”, накіраваны на развіццё дзелавой актыўнасці, стварэнне ўмоў для ажыццяўлення прадпрымальніцкай ініцыятывы студэнтаў, развіццё канкурэнтаздольнай і сацыяльна адказнай асобы.
З мэтай падтрымкі інавацыйнай актыўнасці студэнтаў і работы над праектамі ва ўніверсітэце дзейнічае студэнцкі даследчы цэнтр “Бізнес-інкубатар БДЭУ”, які ажыццяўляе арганізацыйную і юрыдычную падтрымку інавацыйных распрацовак. Тут прайшоў ужо цэлы шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на стымуляванне прадпрымальніцкай актыўнасці студэнтаў.
Таксама ў бягучым годзе на базе БДЭУ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі прайшло рэспубліканскае стартап-мерапрыемства “Моладзь у прадпрымальніцтве”, у якім прынялі ўдзел больш за 150 студэнтаў з розных універсітэтаў краіны з 57 стартап-праектамі.
Штогод у БДЭУ праводзіцца 8—9 буйных студэнцкіх канферэнцый рознага ўзроўню. За 2016 год на канферэнцыях было прачытана каля 2,5 тысячы дакладаў, у зборніках матэрыялаў канферэнцый апублікавана больш за 700 тэзісаў.
Адной з эфектыўных форм навукова-даследчай работы студэнтаў універсітэта з’яўляюцца студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі. Сёння ў БДЭУ паспяхова функцыянуюць 28 такіх лабараторый, якімі кіруюць вядучыя выкладчыкі ўніверсітэта.
Студэнты БДЭУ актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах і алімпіядах рознага ўзроўню. Напрыклад, на Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў у мінулым годзе пададзена 121 студэнцкая работа, з якіх 98 (81%) заваявалі прызавыя месцы.
“Студэнты нашага ўніверсітэта актыўна ўдзельнічаюць у міжнародных алімпіядах і конкурсах, якія праводзяцца Міжнародным саюзам эканамістаў і фінансістаў, Фінансавым універсітэтам пры Урадзе Расійскай Федэрацыі, Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным эканамічным універсітэтам, — з гонарам адзначыў Уладзімір Шымаў. — Па выніках 2015 года нашы студэнты заваявалі больш за 120 узнагарод, у 2016 годзе — больш за 130”.
Рэктар БДЭУ асабліва адзначыў ролю навуковых кіраўнікоў, дзякуючы якім студэнты ўніверсітэта змаглі дасягнуць высокіх вынікаў у навуцы і заваяваць прэстыжныя ўзнагароды на конкурсах і алімпіядах рознага ўзроўню. На думку Уладзіміра Шымава, творчая ініцыятыва і асабісты прыклад навуковых кіраўнікоў — неабходная ўмова паспяховага развіцця даследчай дзейнасці студэнтаў.
Падрыхтавала Галіна ГЕНАДЗЬЕВА.