Cучасныя матывы на нямецкай мове

- 11:19Адукацыйная прастора, Рознае

Пастаянна павышаць матывацыю да вывучэння замежнай мовы, кожны ўрок ператвараць у цікавае здабыванне ведаў і спадзявацца, што гэты прадмет будзе адным з любімых у школе, — такой бачыцца мне задача сучаснага настаўніка замежнай мовы.

У пачатковай школе вучням заўсёды цікава адкрываць для сябе ўсё новае: яны з задавальненнем уваходзяць у гэты незвычайны свет закадзіраваных літар, слоў і сказаў, каб потым самім навучыцца разумець замежную мову, пачаць размаўляць на ёй.

Потым многія пераходзяць у 5 клас, паступаюць у гімназію. Вывучэнне замежнай мовы становіцца для іх складанай, а часам і вельмі цяжкай справай. Гэта бывае выклікана тым, што дзеці прыходзяць у новы вучнёўскі калектыў, да новага настаўніка, навучанне праходзіць па новых, больш складаных падручніках. Усё гэта часта тычыцца і вывучэння нямецкай мовы ў 5 класе гімназіі.

Вялікая роля ў матывацыі да вывучэння гэтай замежнай мовы належыць выкарыстанню дзіцячых песень. У 3—4 класах, калі навучанне нямецкай мове толькі пачынаецца, многія настаўнікі выбіраюць нескладаныя народныя дзіцячыя песні з простым матывам і тэкстам, што робіць вывучэнне нямецкай мовы ў пачатковай школе даступным і прывабным кожнаму.

На другой ступені навучання сучасным вучням ужо не вельмі хочацца спяваць гэтыя песні: сучасная моладзь патрабуе сучасных матываў. І тут цікава згадаць такога аўтара, як Rolf Zuckowski, некалькі песень якога змешчана ў падручніку па нямецкай мове для 5 класа гімназій. З гэтым кампазітарам я завочна пазнаёмілася яшчэ ў далёкім 2000 годзе, калі да мяне трапіла аўдыякасета з яго песнямі. Ужо ў той час мяне зацікавілі простыя і зразумелыя тэксты музычных твораў, а таксама сучасная рытмічна-танцавальная музыка, што вельмі падыходзіць для выкарыстання на ўроках нямецкай мовы і ў пазаўрочнай дзейнасці.

Rolf Zuckowski — універсальны паэт, кампазітар і спявак. Сваю дзейнасць ён пачаў яшчэ ў 70-х гадах ХХ стагоддзя. Да сённяшняга часу яго творчасць не страчвае сваёй актуальнасці. Ён выпусціў 39 альбомаў з песнямі для дзяцей і пра дзяцей. Ён спявае гэтыя песні разам з дзіцячым хорам, бо сам мае прыгожы голас. У сваіх песнях Rolf Zuckowski заўсёды з дзецьмі на роўных, яны яго сябры і суразмоўцы. Паэт як старэйшы брат вядзе іх у цудоўны, казачны свет дзяцінства.

У творчасці гэтага аўтара можна знайсці многа песень, якія адпавядаюць любой тэме ўрока нямецкай мовы. Напрыклад, Es schneit; Guten Tag, ich bin der Nikolaus; In der Weihnachtsbдckerei; Danke, lieber Tannenbaum добра падыходзяць да знаёмства з навагоднімі і каляднымі традыцыямі Германіі. Дарэчы, у апошнія гады песня Danke, lieber Tannenbaum выклікае асаблівае захапленне і з’яўляецца самай любімай. Яе мае вучні гатовы спяваць кожны дзень не толькі ў снежні, але і ў маі. Многа песень аб велікодных традыцыях, аб школьным жыцці, аб прыгодах і падарожжах, аб порах года і зменах у прыродзе, аб адносінах дарослых і дзяцей, аб тым, як цікава жыць на свеце.

Rolf Zuckowski піша аранжыроўкі да папулярных народных нямецкіх песень — тады яны гучаць жвава і па-сучаснаму адметна, не губляючы пры гэтым свойго каларыту.

У творчасці гэтага нямецкага аўтара ёсць многа лірычных песень (ён спявае іх сам) пра сэнс жыцця, пра вялікую ролю сям’і ў сучасным грамадстве, пра тое, як важна сябраваць і падтрымліваць адно аднаго, верыць у дабро, працягваць традыцыі продкаў і мірна суіснаваць з усімі народамі на планеце.

У сучасны век інфармацыйных тэхналогій вельмі проста знайсці інфармацыю пра гэтага кампазітара, пра яго дзейнасць, а таксама фота, відэа- і аўдыяматэрыялы, тэксты песень на прасторах інтэрнэту.

Творчасць такога аўтара, як Rolf Zuckowski, заўсёды натхняе. Урокі з выкарыстаннем кампазіцый гэтага творцы асабліва эмацыянальныя. Яго песні я выкарыстоўваю і ў пазакласнай дзейнасці, ствараючы сцэнарыі да свят, мерапрыемстваў падчас правядзення прадметнага тыдня і іншых конкурсаў.

Інеса КРАСІКАВА,
настаўніца нямецкай мовы гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра.