Добрымі суседзямі паабяцалі стаць навасельцы новага інтэрната студэнцкай вёскі

- 15:29Навіны

30 сакавіка адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця пятага па ліку інтэрната кватэрнага тыпу ў студэнцкай вёсцы ў Мінску. Навасельцамі 18-павярховага будынка сталі студэнты Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

За палётам паветраных шарыкаў, запушчаных у неба падчас урачыстасці, разам са студэнтамі і супрацоўнікамі МДЛУ назіралі і пачэсныя госці — намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь А.А.Тозік, намеснік міністра адукацыі В.В.Якжык, намеснік старшыні Мінгарвыканкама І.В.Карпенка.

Падчас цырымоніі адкрыцця пятага па ліку інтэрната кватэрнага тыпу ў студэнцкай вёсцы ў Мінску.— Мець такі інтэрнат — свята для ўніверсітэта, — канстатаваў  Віктар Віктаравіч Якжык. — На тэрыторыі СНД аналагаў гэтаму праекту няма.
Словы намесніка міністра пацвердзіла і рэктар Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля Пятроўна Баранава.
— Гэта суперінтэрнат! — сказала яна. — Мне даводзілася бываць у студэнцкіх інтэрнатах у самых розных краінах свету — у ЗША, Канадзе, Кітаі, Японіі, аднак такога інтэрната, дзе прадугледжана ўсё і нават створана безбар’ернае асяроддзе, я не бачыла нідзе. І нашы студэнты гэтаму вельмі рады: яны атрымліваюць выдатныя магчымасці для самастойнай работы, камфортнага пражывання і плённых зносін.
Анатоль Афанасьевіч Тозік у сваю чаргу выказаў спадзяванне, што студэнты лінгвістычнага ўніверсітэта пачнуць актыўна ствараць сем’і — балазе, побач з новым інтэрнатам неўзабаве з’явіцца яшчэ адзін, у якім, згодна з праектам, размесціцца дзіцячая дашкольная ўстанова для дзяцей студэнтаў і работнікаў устаноў вышэйшай адукацыі, якія жывуць непадалёк.
Ад імя гарадскіх улад студэнтаў-мовазнаўцаў павіншаваў І.В.Карпенка, паабяцаўшы да пачатку лістапада гэтага года адкрыць непадалёк студэнцкай вёскі дадатковыя станцыі метро.
Да нядаўняга часу паказчык забяспечанасці іншагародніх студэнтаў МДЛУ месцамі ў інтэрнаце (з улікам так званага ўшчыльнення) складаў 28%. З увядзеннем у строй новага інтэрната, па словах Н.П.Баранавай, згаданы паказчык вырасце да 43% пры ўмове паступовага адсялення з інтэрната МДЛУ студэнтаў БНТУ, МДЭУ імя А.Д.Сахарава і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.
Блокі ў новым інтэрнаце лінгвістычнага ўніверсітэта нагадваюць маленькія кватэры: два пакоі, разлічаныя на 2-3 чалавекі кожны; кухня, абсталяваная ўсім неабходным (у тым ліку халадзільнікам), ванны пакой, санвузел. Утульна, чыста, камфортна.
На кожным паверсе — вучэбны пакой. Ёсць і трэнажорная зала На цокальным паверсе размешчаны пральня і студэнцкае кафэ. Акрамя таго, у інтэрнаце знаходзіцца стаматалагічны кабінет, аснашчаны сучаснымі стаматалагічнымі ўстаноўкамі беларускай вытворчасці. Працуюць там два ўрачы-стаматолагі 33-й гарадской студэнцкай паліклінікі, аддзяленне якой размешчана побач — у суседнім будынку інтэрната БДУІР. На дэнтальныя рэнтгенаўскія здымкі студэнты накіроўваюцца ў сумежную гарадскую стаматалагічную паліклініку № 13, з якой заключаны дагавор аб супрацоўніцтве.
— Дзякуючы адкрыццю ў студэнцкай вёсцы аддзялення студэнцкай паліклінікі, палепшылася даступнасць медыцынскай дапамогі для юнакоў і дзяўчат, — заўважыла галоўны ўрач 33-й гарадской студэнцкай паліклінікі Мінска Алена Расціславаўна Харкова, якая таксама прысутнічала на цырымоніі адкрыцця інтэрната. — Тут працуюць тэрапеўты, ёсць назіральны кабінет, лабараторыя. Урачы наносяць візіты ва ўсе інтэрнаты, што месцяцца побач.
Усяго ў студэнцкай вёсцы ў Мінску плануецца адкрыць 7 інтэрнатаў. На сёння колькасць жыхароў самага буйнога сталічнага паселішча студэнтаў складае 7000 чалавек, з іх 1025 з’яўляюцца студэнтамі МДЛУ.

Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ.

liatkouskaya@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.