Cярэдняя школа № 16 Полацка занесена на рэспубліканскую Дошку гонару

- 10:27Актуально, Образование

“Для нас усіх гэта грандыёзная падзея”. Дырэктар сярэдняй школы № 16 Полацка Ірына Зімніцкая аб занясенні ўстановы адукацыі на рэспубліканскую Дошку гонару. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 

— У мінулым годзе на рэспубліканскай Дошцы гонару была гімназія № 2 Віцебска — наш прызнаны флагман, арыенцір у рабоце з таленавітай і высокаматываванай моладдзю, мы тут пакуль у зусім розных вагавых катэгорыях. Але ж ацэнка працы калектыву робіцца комплексная, і нам пастаўлены найвышэйшы бал. Пачуцці неверагодныя — велізарная радасць, гордасць, натхненне! — адзначае Ірына Зімніцкая.

Паспяховасць школы залежыць ад таго, наколькі ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу падтрымліваюць сваю канкурэнтаздольнасць. Яе найважнейшымі ўмовамі, у сваю чаргу, становяцца ініцыятыўнасць, уменне творча ду­маць і знаходзіць нестандартныя рашэнні. У эпоху хуткай змены тэхналогій сярэдняя школа № 16 Полацка будуе прынцыпова новую сістэму бесперапыннай адукацыі, што прадугледжвае пастаяннае развіццё, індывідуалізацыю запытаў і магчымасцей іх задавальнення. Прычым ключавой характарыстыкай адукацыі становіцца не толькі перадача ведаў і тэхналогій, але і фарміраванне творчых кампетэнтнасцей, гатоўнасці да перанавучання.

— У нас створана максімальна спрыяльнае асяроддзе для ўключэння навучэнцаў у грамадска карысныя справы, даследчыя праекты, творчыя заняткі, спартыўныя мерапрыемствы, у хо­дзе якіх яны вучацца вынахо­дзіць, разумець і асвойваць новае, выказваць і абгрунтоўваць уласнае меркаванне, умець прымаць рашэнні і дапамагаць адно аднаму, — падкрэслівае Ірына Зімніцкая. — Адной з прыярытэтных задач з’яўляецца ўзмацненне выхаваўчага патэнцыялу школы, забеспячэнне ін­ды­ві­ду­алі­за­ва­на­га псі­хо­ла­га-педа­гагічнага суправаджэння ­наву­чэнцаў. Мы нацэлены на стварэнне здароўезберагаль­ных, камфортных і бяспеч­ных умоў для навучання і правя­дзення вольнага часу, актыўнае садзейнічанне сацыялізацыі, раскрыццю здольнасцей і росту патэнцыялу кожнага навучэнца, яго адаптацыі да новых эканамічных умоў, самавызначэнню адносна будучай прафесіі. Сваю місію наша школа ба­чыць у выхаванні асобы з актыўнай грама­дзянскай пазіцыяй і высокімі маральнымі каштоўнасцямі. А вытокі сталасці асобы — у прывітай з дзяцінства любові да роднага краю, пашане да спадчыны, перададзенай папярэднімі пакаленнямі, у гордасці за дасягненні землякоў.

Установа адукацыі эфектыўна рэалізуе рэспубліканскія інавацыйныя праекты “Укараненне тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай дасведчанасці малодшых школьнікаў” і “Укараненне мадэлі арганізацыйна-метадычнага забеспячэння дзейнасці рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў”.

Штогод навучэнцы сярэдняй школы № 16 Полацка становяцца стыпендыятамі заахвочвальнай прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Свой дастаткова важкі ўклад у камандную скарбонку рэгіёна ўстанова адукацыі кожны год уносіць на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах.

— У 2022 годзе нашы ўдзель­нікі адзначаны на заключным этапе 4 дыпломамі і пахвальным водзывам — лепшы вынік сярод школ вобласці, — паведамляе дырэктар школы. — Акрамя таго, атрыманы дыплом І ступені па біялогіі на VII Міжрэгіянальнай алімпіядзе БДУ, дыпломы I ступені па фізіцы і III ступені па біялогіі на Міжнароднай алімпіядзе Pyshech. Дарэчы, нашы дзеці двойчы станавіліся пераможцамі міжнародных алімпіяд: 47-й Міжнароднай алімпіяды школьнікаў па фізіцы (Швейцарыя) і 52-й Міжнароднай Мен­дзялееўскай алім­піяды школьнікаў па хіміі. У цэлым за год навучэнцы заваявалі больш за 100 дыпломаў раённых, абласных, рэспубліканскіх творчых конкурсаў, аглядаў, фестываляў, конкурсаў работ даследчага характару, навукова-практычных канферэнцый. Таксама мы былі сярод пераможцаў рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў “Зялёныя школы”, міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”, рэспубліканскіх Тураўскіх чытанняў і Свята-Ефрасіннеўскіх педагагічных чытанняў, усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”.

Высокі ўзровень якасці ведаў дазваляе выпускнікам прадоўжыць адукацыю ў выбраных імі ўніверсітэтах. З 2021 года тут мэтанакіравана робяць акцэнт на медыцынскім профілі, бо гораду патрэбны медыцынскія работнікі. Многія выпускнікі выбіраюць інжынерныя спецыяльнасці. І, між іншым, назіраецца тэндэнцыя: калі раней часцей паступалі ва ўстановы Мінска, то цяпер і Віцебска, Полацка даволі актыўна.

— Працоўны калектыў дастаткова стабільны. Большасць новых педагогаў, прыходзячы ў школу, застаюцца на доўгія гады. Пакідаюць каманду адзінкі і вельмі хутка — як толькі зразуме­юць, што ў нас цішком у баку ад спраў адсядзецца не атрымаецца, — тлумачыць Ірына Зімніцкая. — Ганаруся нашымі педагогамі, яны здольны вырашаць адукацыйныя і выхаваўчыя задачы любой цяжкасці. У педкалектыве працуюць пераможцы абласных і рэспубліканскіх прафесійных конкурсаў “Кіраўнік года”, “Лепшы класны кіраўнік”, “Настаўнік года”, выдатнікі адукацыі, лаўрэаты ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”. Узровень метадычнай кампетэнтнасці настаўнікаў дазваляе дасягаць значных вынікаў у конкурсах прафесійнага майстэрства. Сярод іх толькі за мінулы год, напрыклад, рэспубліканскія конкурсы “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” (на абласным этапе 6 дыпломаў і 2 на заключным) і на лепшы праект летняга аздараўленчага лагера (трэці год запар мы ў ліку пераможцаў на рэспубліцы), маладзёжных ініцыятыў “Моладзь за маральныя і сямейныя каштоўнасці”, абласныя конкурсы на лепшы праект шостага школьнага дня, метадычнага майстэрства “Выхаванне культуры энергазберажэння як аснова павышэння дабрабыту кожнага чалавека” і “Педагагічны алімп”. Па выніках абласнога конкурсу праектаў па духоўна-маральным выхаванні “Скарбніца мудрасці” на нашым рахунку адразу 6 дыпломаў. Гэта далёка не поўны пералік.

Па выніках 2022 года ў рэйтынгу ўстаноў адукацыі раёна школа заняла 1-е месца.

На базе сярэдняй школы № 16 Полацка дзейніча­юць 7 рэсурсных цэнтраў і раённы Музей гісторыі развіцця адукацыі Полацкага рэгіёна, у які ўваходзяць зала баявой і працоўнай славы педагогаў, зала гісторыі развіцця адукацыі, летапісная зала, галерэя творчасці педагагічных работнікаў, цэнтр мастацкай вышыўкі, персанальныя выставы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы.

— Калі, вобразна кажучы, вылучыць адметныя рысы характару нашай школы, то ў ліку першых бу­дуць ініцыятыўнасць, адказ­насць, асабістая зацікаўленасць і камандны настрой. Бо ўсе — педагогі, вучні, іх бацькі, адміністрацыя і група тэхнічнай падтрымкі, сацыяльныя партнёры — шчыра стараюцца ўнесці найбольшы асабісты ўклад у агульную справу. У песні, якую мы па добрай традыцыі спяваем на апошнім званку, ёсць словы “мы адзіныя”. Вельмі ўдзячны за падтрымку кіраўніцтву раёна і ўпраўлення па адукацыі райвыканкама, галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама. Мы, насамрэч, заўсёды і ва ўсім разам, таму вынік адпаведны. Занясенне на рэспубліканскую Дошку гонару накладае на нас надзвычайную адказнасць. Дасягнуты ўзровень высокі, аднак трэба больш плённа развівацца, рухацца далей. Мы на гэта настроены. Прыадкрыю сакрэт: літаральна да апошняй лінейкі рыхтуем вялікі прыемны сюрпрыз. А пачатак новага навучальнага года абяцае яшчэ больш пазітыўных пераўтварэнняў, — рэзюмуе Ірына Зімніцкая.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 16 Полацка