Мужчынская справа

- 12:54Кампетэнтна

На чэмпіянаце WоrldSkillsAsia, які праходзіў напрыканцы восені ў Абу-Дабі (ААЭ), адной з самай прыцягальнай для наведвальнікаў была пляцоўка, дзе працавалі зваршчыкі. Вядома, рабочыя зоны былі закрыты ад неабароненых вачэй, але водбліскі дугі і жывыя гукі зваркі зачароўвалі. Многія (у тым ліку я) нават спрабавалі прасунуць фотаапарат за ахоўную фіранку, каб зрабіць эфектнае фота ці відэа. Сапраўды, тут было значна цікавей, чым на ІТ-пляцоўках, дзе ўдзельнікі, не міргаючы, углядаліся ў свае маніторы і толькі пальцы хуценька бегалі па клавіятуры. І на краш-тэст, дзе сасуды, вырабленыя маладымі зваршчыкамі, выпрабоўвалі на герметычнасць, сабраліся прадстаўнікі многіх краін. Хварэлі ўсе за ўсіх (не толькі за землякоў), падтрымліваючы апладысментамі кожнага ўдзельніка выпрабаванняў. Пабочнаму назіральніку цяжка ацаніць работу айцішніка, а ў зварцы ўсё навідавоку: вада пад ціскам прасачылася (праз дзіравае шво) або не прасачылася… Сумленная работа. Сумленнае судзейства.

На пляцоўцы, дзе працавалі эксперты з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Індыі, Малайзіі, Інданезіі, Кітайскага Тайбэя, быў і прадстаўнік Беларусі — старшы майстар Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў Генадзь Раманоўскі. Адзначу, што было надзвычай прыемна назіраць за яго работай на чэмпіянаце: і падчас экспертных абмеркаванняў, і на этапе арганізацыі спаборніцтваў, і нават пры правядзенні краш-тэста ўсе нейкім чынам групаваліся вакол Генадзя Аляксеевіча. Вельмі дасведчаны, яркі, харызматычны (між іншым, адзіны еўрапеец на пляцоўцы), ён быў сапраўдным лідарам у коле прафесіяналаў WorldSkillsAsia.

Дарэчы, усе чэмпіёны Нацыянальнага конкурсу WorldSkillsBelarus у кампетэнцыі “Зварачныя тэхналогіі” — выпускнікі Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, выхаванцы Генадзя Раманоўскага (адзін працуе зараз на “Савушкіным прадукце”, другі — “амкадоравец”, трэці — зваршчык на НВА “Пасат”). Генадзь Аляксеевіч перакананы, што беларускія хлопцы могуць і павінны займаць высокія месцы на міжнародных чэмпіянатах. Для іх падрыхтоўкі ў ліцэі створаны выдатны рэсурсны цэнтр, абсталяваны па апошнім слове зварачнай тэхнікі. А самае галоўнае, Генадзь Раманоўскі ведае, як рыхтаваць.

Ці трэба казаць, што, як толькі я апынулася ў сталіцы Палесся, адразу накіравалася ў Пінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў.


WorldSkills: скарбонка сусветнага вопыту


У Генадзя Раманоўскага вялікі вопыт удзелу ў міжнародным руху WorldSkills. Ён выступаў экспертам у кампетэнцыі “Зварачныя тэхналогіі” на шэрагу міжнародных і рэгіянальных чэмпіянатаў прафесійнага майстэрства, што праводзіліся ў Расіі, Кітаі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Зараз рыхтуецца да ўдзелу ў сусветным першынстве, якое пройдзе гэтым летам у сталіцы Татарстана — Казані.

“Удзел у руху WorldSkills даў нам капітальны вопыт, — гаворыць Генадзь Аляксеевіч. — Мы многае ўбачылі, пазнаёміліся з сусветнымі стандартамі ў галіне зварачных тэхналогій — і гэта вялікая справа. Насамрэч, у нас гэтыя тэхналогіі таксама ёсць, але стандарты, на жаль, заніжаны. Вытворчасць часта псуе прафесіяналаў, бо там найперш запатрабавана хуткасць, а не якасць і не прыгажосць зваркі. Аднак трэба ўсведамляць: калі мы хочам быць на вышыні, нам трэба ўкараняць сусветныя напрацоўкі”.

Генадзь Раманоўскі кажа, што сёння ў ліцэі ёсць усё абсталяванне, якое выкарыстоўваецца на спаборніцтвах WorldSkills. “У папярэднія гады мы шукалі, дзе б нам папрацаваць з найноўшымі зварачнымі апаратамі, а цяпер такой праблемы няма. Створаны ўсе ўмовы для таго, каб рыхтаваць моцных спецыялістаў. І вельмі важна, што з’явіўся доступ да сучаснай тэхнічнай інфармацыі, мы можам адсочваць самыя перадавыя тэхналагічныя навіны”, — дзеліцца вопытам Генадзь Аляксеевіч.

У рэжыме нон-стоп

Іван Адамавіч ЯНКОВІЧ, загадчык рэсурснага цэнтра: “Раней, каб зварыць што-небудзь складанае, трэба было гадоў 20 адпрацаваць на вытворчасці. Цяпер наш выпускнік можа зрабіць тое ж самае, што і дасведчаны зваршчык”.


Сёння ў Пінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў паспяхова працуе рэсурсны цэнтр па спецыяльнасці “Тэхналогія зварачных работ”, створаны ў 2013 годзе. У цэнтры абсталяваны 2 майстэрні: газазварачных работ і газаплазменнай рэзкі; механізаванай зваркі ў асяроддзі ахоўных газаў і ручной дугавой. Ёсць невялікая лабараторыя, у якой можна праводзіць тэсты гатовых вырабаў на розныя віды кантролю (візуальнага, разбуральнага і ультрагукавога). Маюцца таксама выдатныя трэнажоры, на якіх можна адпрацаваць любыя спосабы зваркі, што дазваляе істотна эканоміць матэрыялы і электроды.

Як паведаміла намеснік дырэктара ліцэя па вучэбна-вытворчай рабоце Галіна Колб, рэсурсны цэнтр загружаны штодня з раніцы да вечара. У 2013 годзе, калі ён толькі пачынаў работу, у ліцэі склалі праграмы навучання працягласцю 2 тыдні. Але жадаючых з розных устаноў адукацыі было так многа, што нельга было задаволіць усе запыты. Давялося рабіць тыднёвыя праграмы, і ўсё роўна заняткі распісаны на месяцы наперад.

“Да нас ахвотна прыязджаюць навучэнцы і майстры з усёй Брэсцкай вобласці, бо ў іншых установах такое абсталяванне на малюнках паказваюць, а ў нас можна працаваць на ім, — расказвае Галіна Уладзіміраўна. — А вы, дарэчы, былі ў нашым рэсурсным цэнтры? Зайдзіце — там усё як на сучаснай высокатэхналагічнай вытворчасці ці як на WorldSkills — сусветнага ўзроўню”.

На базе рэсурснага цэнтра вядзецца таксама перападрыхтоўка, падчас якой можна асвоіць новыя спосабы зваркі, павысіць кваліфікацыйны разрад. Спецыялісты з ліцэя вучаць зваршчыкаў і непасрэдна на вытворчасці.

“Людзі старой загартоўкі часта не ведаюць новага абсталявання, — гаворыць Галіна Уладзіміраўна. — Нашы спецыялісты Генадзь Аляксеевіч Раманоўскі і Іван Адамавіч Янковіч умеюць хутка і даступна перадаць сучасныя веды, навучыць новаму — і зваршчыкі на вытворчасці пачынаюць па-іншаму глядзець на сваю работу, па-іншаму працаваць”.

Рэсурсны цэнтр ліцэя працуе і на патрэбу цэнтра занятасці, пры неабходнасці нават летам.


“Вучыцца зварачнай справе прыходзяць людзі з адукацыяй, часта з сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай. А вось выпускнікоў прафесійна-тэхнічных устаноў вельмі мала, — расказвае Галіна Колб. — Ад цэнтра занятасці ў нас вучацца адна-дзве групы на год. Па кваліфікацыйных патрабаваннях жанчыны не дапускаюцца да гэтай спецыяльнасці, прафесія толькі для мужчын. Але запыты ад жанчын перыядычна паступаюць”.

Напрыканцы мінулага года рэсурсны цэнтр папоўніўся новым абсталяваннем на суму звыш 200 тысяч долараў. Калі я была ў Пінску, у ліцэі якраз вялася рэканструкцыя памяшканняў — новае абсталяванне плануецца ўстанавіць у абноўленых інтэр’ерах. Гэта прынцыповае рашэнне кіраўніцтва ліцэя: каб рыхтаваць сапраўдных прафесіяналаў, гатовых расці і развівацца, патрэбны не толькі сучасная тэхніка, але і высокая культура вытворчасці.


Аснова машынабудавання


“Сёння любы зварачны апарат — гэта як камп’ютар. Дзеці цудоўна арыентуюцца ў гаджэтах, і на сучасным абсталяванні ім працаваць вельмі лёгка і цікава”, — гаворыць Генадзь Раманоўскі. Можа, таму цікавасць пінскай моладзі да прафесіі звар-шчыка расце. Са з’яўленнем рэсурснага цэнтра ў ліцэі няма праблем з наборам навучэнцаў на базе 9 класаў.

Галіна Уладзіміраўна КОЛБ, намеснік дырэктара ліцэя па вучэбна-вытворчай рабоце:

“Нашы выпускнікі хутка “набіваюць“ руку і могуць зарабляць добрыя грошы. Многія адкрываюць малыя прадпрыемствы, напрыклад, станцыі тэхабслугоўвання аўтамабіляў (там зваршчыкі заўсёды патрэбны) ці працуюць у галіне садова-паркавага дызайну. Хачу сказаць, гэта такая прафесія, дзе чалавек заўсёды будзе з хлебам”.

“Але мы не можам зразумець, куды знікаюць дзеці пасля 11 класаў, — гаворыць Галіна Колб. — У верасні мы нават у цэнтр занятасці тэлефанавалі — можа, там ёсць неўладкаваныя выпускнікі. Не, няма. Сёлета набралі няпоўную групу. Але хачу сказаць, што сабраліся вельмі матываваныя дзеці, якія хочуць навучыцца. Менавіта з такіх хлопцаў і атрымліваюцца пераможцы WorldSkills — у іх ёсць жаданне”.

Галіна Уладзіміраўна падкрэслівае, што рэсурсны цэнтр не меў бы такой каштоўнасці, калі б не выбітныя спецыялісты, якія там працуюць. “У Генадзя Аляксеевіча зварка — у крыві, ён жыве гэтай тэмай і паглынае ўсю новую інфармацыю, чытае англамоўную літаратуру. Я пра яго сказала б так: зваршчык і педагог”, — гаворыць Галіна Колб.

Сёння айчынныя прадпрыемствы адыходзяць ад трансфарматараў і выпрамляльнікаў, набываюць новае абсталяванне і разумеюць: патрэбны зваршчыкі новай генерацыі. І маладыя спецыялісты, якія прайшлі навучанне ў рэсурсным цэнтры Пінска, адпавядаюць гэтым запытам.

Штотыдзень для вучняў выпускных класаў школ Пінска і Пінскага раёна ліцэй праводзіць экскурсіі, майстар-класы, прафесійныя спробы. Дзеці маюць магчымасць не толькі паглядзець на зварачнае абсталяванне, але і папрацаваць на ім.

Зараз на базе ліцэя вядзецца прафесійная падрыхтоўка школьнікаў па дзвюх прафесіях — сталяра і муляра. За 2 гады навучэнцы з трох пінскіх школ атрымаюць другі прафесійны разрад.

— Думалі ў рамках прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў рыхтаваць зваршчыкаў, — гаворыць Галіна Уладзіміраўна. — Але адмовіліся ад гэтай ідэі. Тыя, хто хацеў атрымаць рабочую прафесію, пасля 9 класа пайшлі ў прафтэхустановы. На другой ступені засталіся дзеці, арыентаваныя на атрыманне вышэйшай адукацыі. Па-першае, у іх не такая матывацыя, як у нашых навучэнцаў (хоць яны і равеснікі), а па-другое, заняткі праводзяцца раз на тыдзень, і дзеці проста забудуць тое, што вывучылі, няма магчымасці замацаваць пройдзенае. Усё ж такі прафесія зваршчыка патрабуе сур’ёзнай практыкі.

“Зварка — гэта аснова машынабудавання, — гаворыць Галіна Уладзіміраўна. — І сёння яна адкрывае неверагодныя магчымасці: тое, што раней можна было злучыць толькі клёпкай (напрыклад, біметалы), ужо з поспехам зварваецца. Нашы выпускнікі ведаюць, як з гэтым працаваць, нездарма запыты на іх паступаюць да нас з усёй краіны. Гэтай вясной прадпрыемствы гатовы былі забраць удвая больш зваршчыкаў, чым мы выпусцілі”.


Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара.