Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

- 17:11Нам пішуць

Круглы стол, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, прайшоў у сярэдняй школе № 1 Скідзеля. Мерапрыемства правялі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Стойлік і настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Чаркес. Навучэнцы, педагогі звярнуліся да дзейнасці нашага слаўнага земляка Францыска Скарыны. Яго імя вядома далёка за межамі Беларусі, бо Францыск Скарына заснаваў першую ва Усходняй Еўропе друкарню. “Псалтыр” — першая славянская друкаваная кніга, якая 6 жніўня 1517 года была выдадзена Францыскам Скарынам. 

У прадмове ён напісаў: “Я, Франциск Скорина, сын славного Полоцка, в лекарских науках доктор, повелел есми Псалтырю тиснути русскими словами, а словенским языком”. Кожнае са сваіх выданняў Скарына забяспечваў ілюстрацыямі і прадмовай, якая дазваляла лепш зразумець змест кнігі. Ён хацеў зрабіць веды даступнымі для простых, “паспалітых” людзей.

Першадрукар быў адоранай асобай, сапраўдным чалавекам Адраджэння. Скарына займаўся не толькі выданнем кніг, ён праявіў свой талент таксама і ў жывапісе, батаніцы, медыцыне. У Падуі Скарыну прысвоілі ступень доктара “лекарскіх навук”.

Францыск Скарына ведаў некалькі моў і падарожнічаў па Еўропе, сустракаючыся з самымі вядомымі людзьмі таго часу. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што захаваліся сведчанні яго гутарак з “тытанамі Рэнесансу” — Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла. На адной з фрэсак Рафаэля намаляваны чалавек, вельмі падобны на Францыска Скарыну, прычым Рафаэль намаляваў гэтага чалавека побач з сабою.

Кнігі, надрукаваныя Францыскам Скарынам, — гэта ўнікальныя выданні, частка з іх захоўваецца ў нашай краіне, іншыя — у музеях Масквы і Санкт-Пецярбурга, Лондана.

Удзельнікі круглага стала прыйшлі да высновы аб тым, што ў беларускага народа ёсць поўнае права ганарыцца сваім выбітным земляком Францыскам Скарынам, з чыім імем звязана значная дата 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Наталля ЧАРКЕС,
настаўнік-метадыст, настаўніца рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Скідзеля Гродзенскага раёна.

Фота аўтара.