Да бяспечных паводзін разам са Стабедам

У той час, калі дзеці толькі пачынаюць пазнаваць навакольны свет і яшчэ не маюць дастатковага жыццёвага вопыту, яны нярэдка сутыкаюцца з небяспекай і могуць стаць ахвярамі свайго няведання, бесклапотнасці, легкадумнасці. Нам, дарослым, неабходна не толькі самім ахоўваць і засцерагаць дзіця, але і рыхтаваць яго да сустрэчы з рознымі складанымі, а часам і небяспечнымі жыццёвымі сітуацыямі.

Першыя 5—6 гадоў свайго жыцця дзіця найбольш актыўнае, яно па максімуму набывае і засвойвае важную інфармацыю, якая паступае да яго з навакольнага асяроддзя, у тым ліку і першапачатковыя навыкі, якія тычацца бяспекі жыццядзейнасці. Навыкі гэтыя прадугледжаны і вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі. У нашым садзе работа ў гэтым кірунку вядзецца сістэмна і паступова. Яна ажыццяўляецца ў працэсе гульняў, падчас розных забаўляльных мерапрыемстваў, размоў, чытання твораў дзіцячай літаратуры, на занятках. Мы аналізуем з дзецьмі праблемныя сітуацыі, з якімі яны могуць сутыкнуцца ў жыцці.
На працягу многіх гадоў работы ў сістэме дашкольнай адукацыі я ўпэўнілася, што проста размоў аб тым, як трэба дзейнічаць у нейкім канкрэтным выпадку, недастаткова. Дзеці з большай цікавасцю ўсведамляюць тую інфармацыю, якая суправаджаецца ілюстрацыямі, да чаго яны могуць, мякка кажучы, “дакрануцца”, убачыць на свае вочы. Я вырашыла выкарыстоўваць для гэтых мэт лялечны тэатр. Я думаю, вы пагодзіцеся, што лялечны тэатр карыстаецца нязменнай любоўю ў дзяцей. Тэатр — цудоўны сродак для развіцця логікі, маўлення, мыслення, фантазіі, развіцця творчых здольнасцей, а таксама пашырэння слоўнікавага запасу дзіцяці. Вядома, што дзіцячая памяць вельмі актыўная і дапытлівая, і падчас спектакляў дзеці засвойваюць усю інфармацыю, якая не толькі пашырае іх кругагляд, але і вучыць, як сябе паводзіць у садзе, дома і на вуліцы.
Дашкаляты з задавальненнем уключаюцца ў падзеі, якія адбываюцца на сцэне, адказваюць на пытанні лялек, выконваюць іх просьбы, выслухоўваюць іх скаргі і даюць парады. Разам з персанажамі выхаванцы смяюцца і сумуюць, заўсёды імкнуцца прыйсці на дапамогу ў час небяспечнай сітуацыі. Разам з тым непрыкметна для сябе яны засвойваюць правілы бяспечных паводзін.
Аднойчы зусім выпадкова да мяне ў рукі трапілі апавяданні пісьменніка Д.Арлова пра маленькага казачнага хлопчыка, якога звалі Стабед, і пра яго прыгоды. З-за сваёй непаслухмянасці і легкадумнасці хлопчык заўсёды аказваўся ў складаных і непрыемных сітуацыях. Я прачытала гэтыя павучальныя творы сваім выхаванцам, і яны ім вельмі спадабаліся. З той пары, калі хто-небудзь з дзяцей трапляў у непрыемныя сітуацыі, сябры казалі яму павучальна: “Ну вось, ты зусім як Стабед!”
Адсюль вытокі маёй ідэі па стварэнні серыі апавяданняў для тэатральных пастановак з удзелам Стабеда. Тэмы для іх выхавальнікі бяруць са штодзённага жыцця: “Стабед на дачы”, “Стабед у гасцях у дзяцей (зімой)”, “Стабед на гульнявой пляцоўцы”, “Стабед і запалкі”, “Стабед адзін дома”.
Разам з героямі апавяданняў дзеці актыўна запамінаюць правілы бяспечных паводзін на гульнявой пляцоўцы (на арэлях, на горцы, у пясочніцы), у хатніх умовах (з электрапрыборамі, запалкамі, вострымі рэчамі), каля вады, а таксама з небяспечнымі насякомымі.
Канечне, формы, метады і прыёмы работы з дзецьмі пры фарміраваннні ў іх бяспечных паводзін могуць быць рознымі. Галоўнае, каб яны давалі станоўчы вынік, каб нашы дзеці раслі здаровымі і шчаслівымі.

Ніна ФІЛІПЧЫК,
выхавальнік ясляў-сада № 2 “Журавінка” Быхава.