Выхавальніца дзіцячага сада Таццяна Ракіцкая: мая мара — аказваць дапамогу дзецям у запуску маўлення

- 14:20Первое рабочее место

“Кожны раз кажу сабе: “Хопіць!”, аднак спыніцца не магу і не хачу”. Да чаго імкнецца ў сваім педагагічным станаўленні маладая выхавальніца дзіцячага сада № 3 Браслава Таццяна Ракіцкая. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Мне неверагодна пашчасціла працаваць у сучасным дзіцячым садзе, прастора якога добра абсталявана для паўнавартаснага развіцця маленькіх выхаванцаў: інтэрактыўныя дыдактычныя сталы і пясочніца, мультымедыйны праектар, светлавыя сталы для малявання пяском, бізікар, бізідом, бізікуб, сучасныя сюжэтна-ролевыя гульні, — з захапленнем дзеліцца малады спецыяліст.

“Навучыць чалавека быць шчаслівым нельга, але выхаваць яго так, каб ён быў шчаслівы, можна” — крэда Таццяны Ракіцкай.

Свой першы прафесійны вопыт яна атрымала ў дзіцячым са­дзе ў Наваполацку, калі апошні год вучылася ў ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай. У 2020 годзе была накіравана ў дзіцячы сад № 3 Браслава. Пачынала выхавальніцай у сярэдняй групе. Зараз працуе ў спе­цыяльнай групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.

— Я праводжу заняткі па азнаямленні выхаванцаў з прыродай і грамадствам, а таксама мастацкай накіраванасці. З малышамі працуе і настаўнік-дэфектолаг. Рэкамендацыі спецыяліста, якія заносяцца ў спецыяльны сшытак, рэалізуюцца ў адукацыйным працэсе. Наша дзейнасць нацэлена на поспех і вынік. Імкнёмся фарміраваць камандны дух у групе. Улічваючы, што дзеці тут рознага ўзросту — ад трох да сямі-васьмі гадоў, дасягнуць гэтага бывае няпроста, — падкрэслівае Таццяна Ракіцкая.

Яна ўдзячна вопытным калегам, пад кіраўніцтвам якіх удалося лёгка засвоіць, як займальна арганізаваць адукацыйны працэс з выхаванцамі, спалучаючы тэорыю і практыку, авалодаць неабходнымі навыкамі і выбудаваць уласную сістэму работы, сплана­ваць формы ўзаемадзеяння з сям’ёй.

 — Мой прыярытэт у рабоце з бацькамі — максімальная інфармацыйная адкрытасць, супрацоўніцтва на партнёрскай пазіцыі, паважлівыя двухбаковыя адносіны. Мы з імі аднадумцы, і яны прымаюць удзел у жыцці дзіцячага сада. У бацькоўскім клубе “За руку з сям’ёй” таты і мамы малышоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця абменьваюцца вопытам выхавання дзяцей, атрымліваюць кансультацыі настаўніка-дэфектолага, педагога-псіхолага і іншых спецыялістаў. Таксама яны знаёмяцца з узроставымі і псіхалагічнымі асаблівасцямі да­шкалят, — паведамляе суразмоўніца.

Малады педагог ужо ажыццявіла шэраг праектаў разам з бацькамі: “Краязнаўчы калейдаскоп”, “Няма мілей за родны край”, якія пасялілі ў маленькіх сэрцах гордасць за малую радзіму, за сваіх продкаў і свой народ.

Яна прымае актыўны ўдзел у рабоце раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання. Далучылася да абласнога творчага праекта “Лічбавыя рэсурсы як сродак удасканалення адукацыйнага працэсу ва ўстанове дашкольнай адукацыі”. Ён скіраваны на распрацоўку сучасных форм навучання, высокую інтэрактыўнасць, мультымедыйнасць, забеспячэнне магчымасці дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі адукацыі. Таццяна Ракіцкая аформіла зборнік электронных адукацыйных рэсурсаў, які змяшчае прэзентацыі, інтэрактыўныя гульні, плакаты, віртуальныя экскурсіі, маршруты выхаднога дня. Гэты карысны дапаможнік размяшчаецца на сайце ўстановы, і ўсе жадаючыя маюць доступ да яго.

— Дашкольнікам патрэбны эмацыянальныя, яскравыя і цікавыя віды дзейнасці як у дзіцячым садзе, так і дома. Сучасныя тэхналогіі, інтэрнэт-рэсурсы і педагагічныя прыёмы дазваляюць дасяг­нуць гэтага. Заняткі ператвараюцца ў гульню — мэтанакіраваную, вясёлую і інтэнсіўную, якая актывізуе адукацыйную дзейнасць выхаванцаў, — пераканана педагог.

У 2022 годзе Таццяна Ракіцкая скончыла Акадэмію паслядыпломнай адукацыі і атрымала кваліфікацыю “настаўнік-дэфектолаг”, каб больш упэўнена адчу­ваць сябе сярод розных па здольнасцях і магчымасцях дзяцей, ства­раць інклюзіўнае асяроддзе. На гэтым не спынілася, працягвае спасці­гаць новыя веды праз самаадукацыю.

— Для сябе ў дзейнасці дэфектолага я выбрала наступны кірунак — аказанне ранняй дапамогі дзецям у запуску маўлення. Па-першае, мне гэта цікава, па-другое, такіх спецыялістаў не хапае. Пастаянна ўдзельнічаю ў дыстанцыйных семінарах, лекцыях, практыкумах і вэбінарах па гэтай тэме. Толькі за мінулае лета атрымала шэсць сертыфікатаў, — адзначае суразмоўніца.

Блізкая ёй і інавацыйная дзейнасць па тэме “Эфектыўныя заняткі з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій як спосаб павышэння матывацыі ў выхаванцаў да фарміравання асноў бяспекі жыццядзейнасці”. Малады спецыяліст актыўна прымяняе на практыцы метады візуалізацыі: прэзентацыі, інтэлект-карты, сінквейн і іншыя. Таксама інавацыі сталі штуршком для ўдзелу ў абласным конкурсе “#Маладыя_педагогі #new_generation” у намінацыі “Выкарыстанне элементаў медыянавучання на занятках ва ўстановах дашкольнай адукацыі” ў 2021 годзе. Таццяна Ракіцкая адзначана дыпломам ІІІ ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама за ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют”, сертыфікатам удзельніка завочнага фармату рэспубліканскага этапу фестывалю “Педагагічны дэбют”. У бягучым годзе за прафесіяналізм і добрасумленную творчую работу ў галіне дашкольнай адукацыі занесена на Дошку гонару аддзела адукацыі Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта.

Марына ЖДАНАВА