Да чэмпіянату свету рыхтуюцца ў Гродне

Студэнты з пяці краін: Беларусі, Расіі, Літвы, Украіны і Бразіліі — сабраліся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы для ўдзелу ў зборах па падрыхтоўцы да чэмпіянату свету па праграмаванні.

Гэтыя зборы даюць магчымасць студэнтам пад­рых­тавацца да ўдзелу ў самым масавым і самым прэстыжным чэмпіянаце па спартыўным праграмаванні ICPC (International Collegiate Programming Contest). Вучэбна-трэніровачныя зборы Discover Grodno by Moscow Workshops ICPC з’яўляюцца часткай су­светнай сістэмы падрыхтоўкі да чэмпіянатаў па спартыўным праграмаванні і праводзяцца разам ГрДУ і цэнтрам развіцця ІТ-адукацыі Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута на базе кафедры матэматычнага і інфармацыйнага забеспячэння эканамічных сістэм факультэта эканомікі і кіравання Гродзен­скага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Як паведаміў старшы выкладчык кафедры матэматычнага і інфармацыйнага забеспячэння эканамічных сістэм ГрДУ Юрый Сцёпін, ва ўніверсітэце такія зборы праводзяцца трэці раз. У залежнасці ад узроўню падрыхтоўкі каманды будуць праходзіць вучэбную праграму ў двух дывізіёнах. У больш складаным дывізіёне навучанне арганізавана на англійскай мове, у другім дывізіёне — на рускай мове. У праграме — лекцыі па камп’ютарных тэхналогіях, выкананне і разбор алімпіядных заданняў. Вядуць заняткі вопытныя трэнеры з Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута, Белдзяржуніверсітэта і ГрДУ імя Янкі Купалы.

— Такое навучанне дае магчымасць студэнтам з розных краін, якія цікавяцца праграмаваннем, наладжваць далейшыя прафесійныя кантакты, абменьвацца вопытам і папаўняць свае веды ў высокаканкурэнт­ным асяроддзі, — гаворыц­ь прарэктар па міжнародных праграмах і лічбавых інавацыях МФТІ, а таксама заснавальнік вучэбных збораў Discover Grodno by Moscow Workshops ICPC Аляксей Малееў. — Гродна як месца іх правядзення выбрана невыпадкова. Гродзен­скія студэнты ўпершыню прынялі ўдзел у гэтым адукацыйным мерапрыемстве ў Маскве ў 2012 годзе і былі першымі з Беларусі. Высокі ўзровень арганізацыі, прыгажосць Гродна робяць правядзенне збораў у гэтым горадзе прывабным для многіх студэнтаў і трэнераў.

Акрамя вучэбна-трэніровачных збораў, у Гродзен­скім дзяржаўным універсітэце з 2006 года праводзяцца адкрытыя міжнародныя чэмпіянаты па спартыўным праграмаванні, задачы якіх потым выкары­стоўваюцца  пры падрыхтоўцы студэнтаў да фіналу чэмпіянату свету па праграмаванні.

Старшы выкладчык кафедры вылічальнай матэматыкі БДУ Аляксей Тоўсцікаў будзе весці заняткі на зборах. Ён сам быў удзельнікам фіналу чэмпіянату свету па праграмаванні ў 2010 годзе, а зараз прывёз у Гродна каманды студэнтаў, якія былі пераможцамі Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Інфарматыка” і маюць высокі патэнцыял для ўдзе­лу ў сусветным першынстве па праграмаванні.

А вось з Літвы прыехалі не толькі студэнты, у складзе дэлегацыі — тры школьнікі. На працягу тыдня яны будуць вучыцца, а таксама знаёміцца з гісторыяй і культурай Гродна.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.