Да Дня беларускага пісьменства гатовы

- 12:02Выхаванне

20 жніўня ў Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная падрыхтоўцы і правядзенню юбілейнага ХХV Дня беларускага пісьменства. На пытанні журналістаў адказвалі начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Алена Паўлава, намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама Рыгор Сыса і начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянціна Барадзінчык.

Як адзначыла Алена Паўлава, за час правядзення свята набыло агульнанацыянальны статус і стала значнай падзеяй у культурным жыцці краіны. “Асноўная ідэя мерапрыемства — беражлівае захаванне і развіццё духоўнай спадчыны Беларусі, прапаганда нацыянальных культурных традыцый, паказ іх узаемасувязі са славянскімі вытокамі і з сённяшнім днём, дэманстрацыя пастаяннага клопату дзяржавы пра духоўна-маральнае развіццё грамадства ў кантэксце падтрымкі кнігі і чытання, нацыянальнай літаратуры і кнігавыдання”, — сказала Алена Савельеўна.

Свята традыцыйна праходзіць пад патранажам і пры актыўным удзеле міністэрстваў інфармацыі, культуры, адукацыі, спорту і турызму. У праграму ўключаны мерапрыемствы, прапанаваныя як рэспубліканскімі міністэрствамі і ведамствамі, так і мясцовымі органамі ўлады (Брэсцкім абласным, Іванаўскім раённым выканкамамі). Акрамя гэтага, для дэлегацый і гасцей запланаваны экскурсіі з наведваннем музеяў, аглядам славутасцей раёна. Пра магчымыя эксурсійныя маршруты расказала Валянціна Андрэеўна Барадзінчык.

Рыгор Максімавіч Сыса заўважыў, што і проста прагулка па Іванаве будзе вельмі прыемнай. “Горад да свята гатовы”, — запэўніў ён. Гарады, дзе праходзяць Дні беларускага пісьменства, заўсёды атрымліваюць новы імпульс у сваім развіцці. Праводзяцца работы па рамонце, рэканструкцыі і аднаўленні будынкаў, вуліц і плошчаў, абнаўленні жыллёвага фонду, уводзяцца ў эксплуатацыю аб’екты сацыяльна-культурнай сферы, адкрываюцца помнікі архітэктуры і мастацтва. На падрыхтоўку Іванава да юбілейнага свята пісьменства з розных бюджэтаў было выдаткавана 4 млн рублёў.

На прэс-канферэнцыі было адзначана, што 2 верасня адбудзецца адкрыццё памятнага знака, прысвечанага XXV юбілейнаму Дню беларускага пісьменства, на галоўнай сцэне свята ў цэнтральным парку адбудуцца ўрачыстыя цырымоніі адкрыцця і ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Напярэдадні свята штогод праходзіць міжнародны круглы стол з удзелам замежных літаратараў на тэму “Мастацкая лiтаратура як шлях адно да аднаго”. Таксама традыцыйна пройдзе падвядзенне вынікаў фіналу Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. У фінале конкурсу ў Іванаве прымуць удзел 12 дзяцей трох узроставых груп.

На галоўнай сцэне на працягу дня пройдуць эстафета перадачы вымпела гораду Слоніму, які стане сталіцай Дня беларускага пісьменства ў 2019 годзе, літаратурна-мастацкае дзеянне “Бачу Беларусь такой…”, арганізаванае Саюзам пісьменнікаў Беларусі, рэспубліканская народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы — разам!”. Увечары на галоўнай сцэне адбудзецца святочны канцэрт з нагоды закрыцця свята “Льецца песня над Палессем”.

Мерапрыемствы, у тым ліку прэзентацыі кніжных праектаў, будуць прысвечаны знамянальным датам 2018 года: Году малой радзімы, юбілейным датам класікаў беларускай літаратуры — Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Маўра, Канстанцыі Буйло, Максіма Гарэцкага, Сяргея Грахоўскага, Эдзі Агняцвет, Алеся Бачылы, Мікалая Ткачова і інш.

Акрамя таго, падчас прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі агучыла некаторую статыстыку па выданні кніг у краіне. За першае паўгоддзе бягучага года было выдадзена 4679 кніг і брашур агульным тыражом 11,7 мільёна экзэмпляраў. За гэты ж перыяд паліцы беларускамоўных выданняў папоўніліся 643 найменнямі кніг і брашур. Агульны тыраж гэтай літаратуры склаў 2,123 млн экзэмпляраў. Калі параўноўваць гэтыя лічбы з гэтым жа перыядам мінулага года, то ўсе паказчыкі выраслі.