Да добрых вынікаў — праз працу

Эканомія бюджэтных сродкаў, дадатковы заробак на развіццё матэрыяльнай базы ўстановы, далучэнне дзяцей да працы. У Благавіцкай сярэдняй школе Чавускага раёна ўсе гэтыя важныя напрамкі дзейнасці рэалізуюць адначасова. У навучальнай установе ёсць даволі вялікі прышкольны ўчастак. Яго плошча тут эфектыўна выкарыстоўваецца на карысць педагагічнага і вучнёўскага калектыву.

— Пры належнай апрацоўцы і працы зямля можа прыносіць немалы прыбытак. Таму на працягу ўжо звыш 40 гадоў нашы настаўнікі і вучні разам апрацоўваюць тэрыторыю вакол школы. Гэтую дзейнасць некалі пачала настаўніца Наталля Архіпаўна Волкава. Пад яе пільным кіраўніцтвам усе навучэнцы былі размеркаваны па звёнах, якія даглядалі разнастайныя аддзелы прышкольнага ўчастка: кветкава-дэкаратыўны, палявых і агароднінных культур, дэндрарый, ягаднікі і шматлікія іншыя. Тагачаснымі навучэнцамі з семак былі вырашчаны акацыі, лістоўніцы, ясень. Дрэвы і зараз цешаць вока ўсіх, хто завітвае ў нашу ўстанову, — расказала дырэктар Наталля Краўцова.

Ні адзін куток зямлі тут не пустуе і зараз. Прылеглая тэрыторыя школы акружана кветнікамі, рознымі малымі архітэктурнымі формамі, зробленымі ўласнымі сіламі педагогаў і вучняў. Прышкольны ўчастак, як і раней, актыўна выкарыстоўваецца для вырошчвання агароднінных культур. Працуюць на зямлі карпатліва, таму і ўраджай заўсёды збіраюць добры. Вырашчаная прадукцыя даволі паспяхова рэалізоўваецца. Заробленае ад гэтай дзейнасці пазней выкарыстоўваецца на патрэбы ўстановы. Напрыклад, значная частка выдаткаў на касметычны рамонт аплачваецца менавіта гэтымі сродкамі.

— У свой час за грошы, выручаныя ад продажу сельскагаспадарчай прадукцыі, у школу былі набыты кінапраектары, школьныя дошкі,

парцьеры. Таксама мы змаглі адпаведна абсталяваць кабінеты хіміі, фізікі і біялогіі. Так вынікі працы на прышкольных участках дазваляюць нам у значнай ступені эканоміць бюджэтныя рэсурсы, — адзначыла Наталля Уладзіміраўна.

Характэрна, што да земляробчых работ у школе прыцягваецца не толькі тэхнічны персанал. У пазаўрочны час на ўчастках актыўнічаюць навучэнцы. Пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі і біялогіі Таццяны Міхайлаўны Лурыкавай хлопцы і дзяўчаты набываюць навыкі вырошчвання агароднінных і дэкаратыўна-кветкавых культур, усведамляюць усю складанасць і значнасць работы на зямлі, у сельскай гаспадарцы.

Дарэчы, у найбліжэйшы час у Благавіцкай сярэдняй школе плануюць развіваць паспяхова пачатую некалі справу. У планах педагагічнага калектыву — пашырэнне пераліку агародніны для вырошчвання. Мясцовыя сельвыканкам і сельгаскааператыў у гэтым плане цалкам ідуць насустрач школе, аказваючы педагогам і вучням усебаковую падтрымку ў апрацоўцы зямлі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *