Да экзаменаў падрыхтаваліся

- 12:01Адукацыйная прастора

Навучэнцы 9—11 класаў на гэтым тыдні здаюць выпускныя экзамены. Адзінаццацікласнікі пішуць пераказ па беларускай або рускай мове (на выбар), кантрольную работу па матэматыцы, а таксама здаюць у вуснай форме экзамены па гісторыі Беларусі і замежнай мове. Мы завіталі ў гімназію № 28 Мінска для таго, каб паназіраць за ходам іспыту па матэматыцы ў выпускнікоў 11 класа. Эпідэмічная сітуацыя дыктуе свае патрабаванні. На экзамене вучні ў масках, сядзяць адно ад аднаго на пэўнай адлегласці, захоўваючы правілы сацыяльнага дыстанцыявання. Члены экзаменацыйнай камісіі, сярод якіх настаўніца матэматыкі, намеснік дырэктара ўстановы Марына Іванаўна Стасевіч, таксама былі ў масках. 

Пакуль  ідзе экзамен, дырэктар гімназіі Алеся Мікалаеўна Зяневіч расказвае: “Для педагагічнага калектыву нашай гімназіі чацвёртая чвэрць сёлета выдалася на­дзвычай адказнай па той прычыне, што некаторыя гімназісты знаходзіліся ў самаізаляцыі. Нашы настаўнікі актыўна выкарыстоўвалі ўсе магчымасці электроннага дзённіка, у які прымацоўвалі файлы і відэаматэрыялы, праводзілі анлайн-урокі на платформе Zoom для таго, каб у дзяцей быў большы стымул для заняткаў, карысталіся платформай Вучань.by. Акрамя таго, для нашых выпускнікоў мы наладзілі індывідуальныя кансультацыі, не толькі анлайн, але прызначалі асобныя дні і час, калі дзеці, якія не наведвалі гімназію, маглі прыйсці да педагога і атрымаць адказы на свае пытанні. Усе вучні падышлі да экзаменаў падрыхтаванымі і ў псіхалагічным плане, і ў плане асваення праграмнага матэрыялу. 

Памяшканне, дзе ішоў экзамен, напярэдадні было апрацавана дэзынфіцыруючымі сродкамі, добра праветрана. Мы растлумачылі дзецям, што падчас экзамену ім дазволена карыстацца маскамі і антысептыкам, які знаходзіўся ў класе, але можна было прынесці і свой. Для кожнага вучня на парце была падрыхтавана бутэлька з вадой для піцця, антыбактэрыяльныя сурвэткі. Ручкі, алоўкі, лінейкі і іншыя прыстасаванні для кожнага вучня былі складзены ў асобны файл. Рассадка выконвалася праз парту ў шахматным парадку па адным. Зрабіць гэта было нескладана, бо экзамен пісалі 12 вучняў адзінага ў гімназіі 11 класа. У класе вучыліся 14 чалавек, але двое былі вызвалены ад экзаменаў па стане здароўя, не звязаным з каранавіруснай інфекцыяй”.

Навучэнцы матэматыку асвойвалі на базавым узроўні, таму і экзаменацыйную кантрольную пісалі адпаведную па складанасці. Экзамен доўжыўся 5 гадзін, але амаль усе вучні справіліся з работай загадзя, бо яна падалася ім даволі лёгкай. Дзеці пакідалі клас спакойныя і ўпэўненыя. Дарэчы, як паказалі вынікі іспыту, вучні пацвердзілі свае гадавыя адзнакі, а некаторым удалося іх палепшыць.

Чакала завяршэння экзамену і класны кіраўнік 11 класа настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Міхайлаўна Дабравольская, якая з гордасцю гаворыць пра сваіх вучняў: “Выпускнік Георгій Леу — лепшы знаўца французскай мовы, пераможца гарадскога этапу рэспубліканскай алімпіяды. І атэстатам можа пахваліцца: толькі 9—10 балаў. Юрый Белы і Ягор Саханько — нашы будучыя праграмісты. Ужо ўнеслі свой уклад у скарбонку дасягненняў гімназіі, атрымаўшы 2-е месца ў рэспубліканскім конкурсе Патрыёт.by. Створаная імі гульня “Баграціён”, прысвечаная 75-годдзю Вялікай Перамогі, вельмі папулярная сярод вучняў гімназіі. Герман Лазук і Міхаіл Балоцін — залаты фонд гімназіі. Сябры не толькі па школе, але і па жыцці. Юнакі добра вучацца, адгукаюцца на любую просьбу, удзельнікі шматлікіх гарадскіх мерапрыемстваў: Вахта памяці, турніры МНС, алімпіяды па французскай мове і па фізічнай культуры і здароўі і гарадскога навагодняга балю для пераможцаў конкурсаў і алімпіяд. Такія вучні — надзея і апора для любой навучальнай установы. Юлія Лавец — наша зорка. Яна паспела зняцца ў галоўнай ролі кароткаметражнага фільма “Ціхая Та” на тэму правоў дзяцей. Вось такія нашы сучасныя выпускнікі. Нягледзячы на тое, што ў 10—11 класах на павышаным узроўні яны вывучалі беларускую і французскую мовы, працягнуць навучанне многія з іх жадаюць у тэхнічных універсітэтах. Напэўна, таго патрабуе час. Дарэчы, за выпускны экзамен па матэматыцы Георгій, Герман і Міша атрымалі 10 балаў”.

“Эстафету ў выпускнікоў гімназіі ўжо рыхтуюцца пераняць першакласнікі, — гаворыць дырэктар Алеся Мікалаеўна. — Да нас прыходзяць бацькі, якія хочуць, каб іх дзеці атрымлівалі адукацыю на беларускай мове, а таксама тыя, хто любіць французскую культуру і прыгожую французскую мову, таму што наша гімназія вылучаецца моцным узроўнем выкладання гэтай мовы, што пацвярджаюць перамогі вучняў на алімпіядах і конкурсах даследчых работ. Англійскую мову як асноўную вывучаюць у невялікіх групах дзеці, якія прыходзяць з іншых устаноў. Запатрабавана англійская і на факультатывах, і як дадатковая платная адукацыйная паслуга. Дарэчы, з будучага навучальнага года ў гімназіі пачне працаваць англійскі клуб. На працягу гэтага навучальнага года ва ўстанове дзейнічаў філіял кафедры лічбавай эканомікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. У гімназіі створаны ўсе ўмовы для рознабаковага развіцця дзяцей, ёсць спартыўныя і мастацкія гурткі, музычны калектыў “Званочкі”, франкафонны тэатр “Сюрпрыз”, навуковае таварыства вучняў “Дыямент”, музей “Традыцыям верныя”, беларуская хатка, мастацкая галерэя. У якасці профільных прадметаў вучні 10 класа выбралі матэматыку і замежную мову, а з наступнага навучальнага года мы паспрабуем увесці мультыпрофільнае навучанне па матэматыцы, замежнай мове і хіміі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.