Да глыбіні душы

Праз зачыненыя дзверы прыслухоўваюся да ўрока васьмікласнікаў і адчуваю нейкі дзіцячы ўкол рэўнасці. Гэта ж я мушу сядзець зараз за партай, цягнуць руку і дзяліцца ўражаннямі пра чарговы твор! Пяць гадоў прайшло з тых часоў, калі я была вучаніцай Ульяны Канстанцінаўны Богдан, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 15 Пінска. А яе ўрокі па-ранейшаму карысныя, парады — заўсёды да месца. А яшчэ яна гэтак жа саромеецца шмат гаварыць пра сябе.

Гісторыя Ульяны Канстанцінаўны класічная: нарадзілася ў невялікай вёсачцы, у хаце ля ракі, пешшу хадзіла ў школу за некалькі кіламетраў і з дзяцінства была ўпэўнена ў выбары будучай прафесіі. Нават калі паступіць у педагагічны не атрымалася — не хапіла ведаў па нямецкай мове, — рук не апусціла. Цэлы год працавала ў калгасе: садзіла агуркі і лічыла трактарыстам працадні, а па начах наноў рыхтавалася да экзаменаў. Вярнулася і паказала, як добра цяпер можа “шпрэхн зі дойч”.

Пасля была работа ў вясковай школе, вяселле і пераезд за мужам у Пінск, і ўрэшце — нараджэнне трох дачушак. Такое шчасце, што нельга і ўявіць, але для прафесіі катастрофа: каму трэба настаўніца, у якой дома — цэлы клас?! Першы час Ульяна Канстанцінаўна працавала ў дзіцячым садзе, а пасля даведалася, што ў Пінску будуюць новую школу. Завітала з такой жа сяброўкай-настаўніцай да будаўнічага вагончыка і пагрукала ў дзверы. Насустрач выйшла дырэктар у рабочай вопратцы, паглядзела строга, тут жа, ля вагончыка, арганізавала субяседаванне. На работу ўзяла, але папярэдзіла: наводзіць парадак у школе прыйдзецца самім, вучыцеся трымаць у руках шпаталь і клеіць шпалеры! Так у далёкім 1989 годзе Ульяну Канстанцінаўну прынялі ў школу, якой яна аддала ўжо амаль 30 гадоў.

Настаўніца расказвае пра сваё жыццё з будзённай прастатой — здаецца, не было ні цяжкай працы, ні хвалявання за свой лёс. Але тыя перажыванні, якімі няёмка дзяліцца “для друку”, яна ніколі не хавала ад вучняў. Мы бачылі, што адчувае Ульяна Канстанцінаўна, калі настаўнікі-прадметнікі скардзіліся на нашу дысцыпліну, а завуч лавіў вучняў, што збеглі з урокаў. У такіх выпадках яна стомлена апускалася за стол, уздыхала і “чахвосціла”. І заўсёды пачынала з адной і той жа фразы: “Я абурана да глыбіні душы!”

Не ведаю, ці гэта абдуманая педагагічная тактыка, ці Ульяна Канстанцінаўна проста не магла інакш, але яна ніколі не пагражала бацькамі ці дырэктарам, ніколі не прадказвала нам змрочную будучыню невукаў. Яна проста расказвала пра свае асабістыя пачуцці. І дзейнічала гэта мацней за любыя пагрозы. Мы разумелі, што ад нашых паводзін залежыць спакой іншага чалавека — класнага кіраўніка, і такая адказнасць прымушала трымаць сябе па-даросламу. Не скажу, што не прапускалі ўрокі і заўсёды выконвалі дамашняе заданне, але ўсвядомленасць у нашых учынках была адназначна.

Такі ж падыход выкарыстоўвала Ульяна Канстанцінаўна і на ўроках беларускай мовы і літаратуры. На жаль, чытанне школьнікі рэдка прымаюць усур’ёз, і без дадатковай матывацыі тут ніяк. У ход ішлі трагічныя і камічныя гісторыі з жыцця аўтара, асабістыя ўспаміны, ўражанні. Калі хтосьці з пісьменнікаў асабліва зацікавіў вучня, у Ульяны Канстанцінаўны заўсёды знаходзілася пра яго кніга, ды не адна… Падсуне яе дапытліваму даследчыку — і нараджаюцца цэлыя навуковыя работы.

Давялося Ульяне Канстанцінаўне паўдзельнічаць і ў алімпіядным руху. Некалькі гадоў запар яе вучні не пакідалі шансаў сапернікам на гарадской і абласной алімпіядах, займалі прызавыя месцы на рэспубліканскіх. “Ой, і нарабілі вы мне клопату!” — смяялася яна, калі выклікалі на чарговае святочнае ўзнагароджанне, калі ў школу зноў прыязджалі журналісты, калі ў 2013 годзе яе выбралі жанчынай года (“За вернасць і адданасць прафесіі”). Сама ж па-ранейшаму насіла “сваім зорачкам” поўныя торбы падручнікаў і часопісаў, а за кожную перамогу дарыла кнігу беларускага аўтара і заўсёды знаходзіла правільныя словы для подпісу на форзацы.

У асабістай бібліятэцы Ульяны Канстанцінаўны ёсць адна цікавая палічка — з кнігамі пра беларускую культуру. Як правільна віншаваць з нараджэннем і хрэсьбінамі, якім мусіць быць купальскае кола і што заспяваць на вяселлі — пра ўсё гэта настаўніца гаварыла на занятках гуртка “Зямля продкаў”, што праіснаваў больш за 15 гадоў. Гурткоўцы, як іх празвалі ў школе, ставілі спектаклі ў невялічкім школьным музейчыку і праводзілі тэматычныя праграмы для іншых вучняў.

Народная культура — не самае “крутое” хобі, па меркаванні падлеткаў, аднак на гурток вучні заўсёды хадзілі з ахвотай. Па-першае, было цікава пачуць пра экзатычнае для нас, гарадскіх дзяцей, жыццё старадаўняй беларускай вёскі. Па-другое, важна было выпіць чаю і пагаварыць адно з адным, а найперш — з Ульянай Канстанцінаўнай. Яна ведала, калі Улад быў закаханы ў Олю, а калі — у Аліну, чаму Марына і Карына не размаўлялі цэлы тыдзень і чаму Юрась з Машай больш не хочуць сядзець за адной партай. Ды самае важнае — такія сакрэты яна захоўвала надзейна і парады давала вельмі далікатна, каб кожны разумеў, што яго дзіцячая бяда кранула настаўніцу да глыбіні душы.

Гэтае “да глыбіні душы”, напэўна, і ёсць галоўны прафесійны сакрэт Ульяны Канстанцінаўны. Думаю, патрэбна вялікая смеласць і ўпэўненасць у сабе, каб не хавацца за субардынацыяй “вучань — настаўнік” і выходзіць на больш шчыры, чалавечы ўзровень зносін. Прастатой і адкрытасцю заваёўваць давер вучняў.

У сакавіку Ульяна Канстанцінаўна адзначыла 60-гадовы юбілей і цяпер збіраецца на пенсію — у вёсцы, у той самай хаце ля ракі, дзе ўсё пачыналася, чакае матуля. Настаўніца прызнаецца, што паспела стаміцца і вельмі хоча адпачыць. Але ў яе ўжо трое ўнукаў — дзве дзяўчынкі і маленькі хлопчык. Зноў цэлы клас! А значыць, усё: дзіцячыя беды, давяральныя гутаркі, настаўніцкія перажыванні — пачынаецца наноў. З гэтым яе і віншую!

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.