Да хлеба з павагай

Хлеб… Здаецца, гэта звычайнае слова, але колькі сіл, працы, энергіі трэба для таго, каб вырасціць яго! Тут і праца вучонага, які вывеў новы гатунак зерня, і праца інжынера, рабочага і сейбіта, які кінуў зерне ў глебу. Ночы без сну. Дні без адпачынку. Напружаная праца хлебароба. З даўніх часоў хлеб для нашага народа быў святыняй. З ім звязаны дзень сённяшні і надзея на будучыню. Хлеб —  гэта мерка нашага багацця, самае важнае вынаходcтва чалавечага розуму. І нам, педагогам, важна, каб гэта разумелі і нашы навучэнцы.

Вельмі часта можна бачыць дзяцей, якія непаважліва адносяцца да хлеба. Цяжка ўявіць, што яны вырастуць добрымі людзьмі. Я мела магчымасць назіраць, як асабліва беражліва бяруць у рукі скібачку хлеба састарэлыя людзі. Адразу разумееш, што яны добра ведаюць яго сапраўдную цану. Узнікае пытанне “Як жа выхоўваць падрастаючае пакаленне, каб сфарміраваць у іх беражлівасць і павагу да хлеба?”. І тады я вырашыла паназіраць за дзецьмі.

Настае абедзенны час у школе… У думках адразу круціцца: “Як вучні бу­дуць адносіцца да хлеба?” Назіраю. І што я чую і бачу? Можна адразу здагадацца: “я не ем хлеб”, “а я не люблю есці з хлебам”… Першакласнік сядзіць і каме­чыць хлеб. Калі я спытала, навошта ён гэта робіць, то ў адказ пачула: “Так проста…” Зразумела, ёсць праблема, над якой неабходна працаваць усім разам.

Было вырашана адназначна: праводзім тлумачальную работу з дзецьмі ўсім педагагічным калектывам. На ўроках музыкі спяваем песні пра хлеб і ладзім гутаркі пра працу хлебароба, на ўроках фізічнай культуры і спорту — пра значэнне хлеба для росту і развіцця дзіцяці, на ўроках літаратуры і пісьма аналізуем розныя мастацкія творы, на ўроках выяўленчага мастацтва —  рэ­прадукцыі карцін. А вось на класных і інфармацыйных гадзінах выкарыстоў­ваем самыя розныя формы работы: сустрэчы з працаўнікамі сяла, экскурсіі ў школьны музей, дзе ёсць кірунак “Хлеб —  усяму галава”, прагляд відэа­ролікаў і прэзентацый, а таксама ма­стацкіх фільмаў на ваенную тэматыку.

На сваіх занятках расказваю дзецям пра кошт кожнай лустачкі хлеба.

Усё сваё жыццё людзі паважліва адносіліся да хлеба. Ад пакалення да пакалення, ад дзядоў да бацькоў і дзяцей перадавалася пачуццё павагі да хлеба. Я вельмі спадзяюся, што нашы вучні сапраўды зразумеюць цану хлеба і будуць беражліва да яго адносіцца ў любых сітуацыях.

Няхай жа і ў сям’і, і на школьным уроку, і на перапынку дзеці сэрцам адчуюць, як нялёгка даецца людзям хлеб. Я вельмі спадзяюся, што падрастаючае пакаленне навучыцца паважаць і берагчы гэтую святыню…

Алена БАГДАНОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў дзіцячага сада — сярэдняй школы п.Юбілейны Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці.