Да інклюзіі з TEMPUS

- 16:13Адукацыйная прастора, Рознае

Днямі ў Мінску прайшлі мерапрыемствы ў межах рэалізацыі міжнароднага праекта TEMPUS Inovest “Усходняе партнёрства ў сферы педагагічных інавацый у інклюзіўнай адукацыі”. Арганізатарам мерапрыемстваў выступіў Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі.

Нагадаем, што праект INOVEST рэалізуецца ў межах Праграмы Еўрапейскага саюза TEMPUS. Ён з’яўляецца вынікам сумеснай работы групы экспертаў з Тэхналагічнага інстытута Карлсруэ (Германія), Інстытута Непарыўнай Адукацыі (Кішынёў), Універсітэта Алікантэ (Іспанія), Каралеўскага Тэхналагічнага інстытута (Стакгольм), Мінскага гарадскога ІРА, БДПУ імя Максіма Танка, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама інстытутаў і ўніверсітэтаў Украіны і Малдовы.

Праект распрацаваны ў адпаведнасці з еўрапейскай праграмай TEMPUS для Беларусі, Украіны і Малдовы. У апошніх 10 гадоў у гэтых краінах праведзены рэформы ў сферы спецыяльнай адукацыі, у выніку чаго значная колькасць дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі пераведзена ў звычайныя школы. Галоўная праблема пры такім пераходзе ў тым, што арганізацыйныя і метадалагічныя прынцыпы навучання ў школах Беларусі, Украіны і Малдовы арыентаваны на дзяцей са звычайным развіццём, і асаблівасці вучэбна-пазнавальнай дзейнасці дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі пры гэтым амаль не ўлічваюцца. Неадэкватныя формы і метады педагагічнага ўздзеяння на такіх дзяцей могуць стварыць перадумовы для фарміравання ў іх негатыўных адносін да школы.

Укараненне педагагічных інавацый у сферы інклюзіўнай адукацыі на аснове найноўшых асістыўных тэхналогій і ІКТ — асноўная мэта праекта INOVEST. Мяркуецца, што ў яго межах будуць распрацаваны і ўкаранёны вучэбныя праграмы падрыхтоўкі настаўнікаў і дырэктараў школ згодна з сучаснымі педагагічнымі інавацыямі ў гэтай сферы, а таксама створаны курсы лекцый і вучэбныя комплексы. Будзе распрацавана і рэгіянальная сетка прамоўтараў педагагічных інавацый у інклюзіўнай адукацыі.
Сярод вучэбных праграм, якія прапаноўвае INOVEST, “Педагагічныя інавацыі ў інклюзіўнай адукацыі ў школе” (курс для настаўнікаў, разлічаны на 2 тыдні) і такі ж курс перападрыхтоўкі для прамоўтараў (на 7 месяцаў), “Кіраванне педагагічнымі інавацыямі і сучаснае навучанне” (курс для дырэктараў школ на 4 тыдні). Слухачы курсаў павінны будуць вывучаць розныя дысцыпліны, у іх ліку “Уводзіны ў псіхалогію чалавечай унікальнасці”, “Інавацыйная педагогіка”, “ІКТ для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі”, “Дапаможныя тэхналогіі ў адукацыі”, “Творчасць і інавацыі ў школе” і іншыя.
Існуе дарожная карта INOVEST, якая прадугледжвае мерапрыемствы, што будуць рэалізоўвацца, тэрміны іх правядзення, называе партнёраў-выканаўцаў. Ёсць сярод мерапрыемстваў і круглыя сталы з удзелам прадстаўнікоў каманды праекта. У 2013 годзе сустрэчы ў межах INOVEST праходзілі ў Германіі, Іспаніі, Швецыі.

Сёлета мерапрыемствы прайшлі ў Мінску. У іх прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх краін — удзельніц праекта і ўстаноў-партнёраў. Рэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Мароз азнаёміла прысутных з сістэмай адукацыі Мінска, укараненнем інавацый ва ўстановы адукацыі сталіцы, мерапрыемствамі Мінгарвыканкама па падтрымцы творчых педагогаў, а таксама дзейнасцю інстытута па суправаджэнні інавацый, развіцці інклюзіўнай адукацыі. Выступіла каардынатар па фінансавых пытаннях праекта Утэ Хубер з Тэхналагічнага Інстытута Карлсруэ. Аб папярэдніх выніках і перспектывах праекта расказаў яго навуковы каардынатар Сімон Кайсын з Інстытута непарыўнай адукацыі Малдовы.
Акрамя таго, тры рабочыя групы ўдзельнікаў INOVEST прэзентавалі курсы для педагогаў па трох вучэбных кірунках (псіхалогія, інавацыі, ІКТ), матэрыялы якіх падрыхтаваны ўжо да выдання.
У бліжэйшы час за кошт сродкаў праекта плануецца пастаўка ў кожную ВНУ і ў пілотныя школы па ўкараненні інклюзіўнай адукацыі лабараторнага абсталявання для “Лабараторыі раскрыцця і развіцця здольнасцей вучняў” і “Лабараторыі мультымедыйных вучэбных інавацый”. Для навучання персаналу пілотных школ па ўкараненні інклюзіўнай адукацыі з верасня 2014 года плануецца арганізаваць кароткачасовыя курсы.
Прадстаўнік офіса Праграмы TEMPUS у Беларусі Кацярына Мінюковіч адзначыла, што праект INOVEST тычыцца прыняцця мер па фарміраванні структуры, паслядоўнасці дзеянняў, згодна з якімі павінна адбывацца рэалізацыя інклюзіўнай адукацыі ў працэс навучання і выхавання ўстаноў адукацыі нашай краіны. З 26 праектаў TEMPUS, якія сёння рэалізуюцца ў Беларусі, падобных праектаў толькі чатыры. Ім, як правіла, аддаецца прыярытэт, увага да іх вынікаў сур’ёзная. Падчас маніторынгу былі адзначаны станоўчыя моманты праекта. У БДПУ імя Максіма Танка распрацавана новая праграма па дысцыпліне “Тэорыя і практыка спецыяльнай адукацыі”, якая заснавана на ўкараненні педагагічных інавацый у інклюзіўны працэс. У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны спецыяльныя курсы па інклюзіўнай адукацыі былі ўключаны ў навучальныя планы па чатырох спецыяльнасцях. У ходзе маніторынгу былі дадзены і некалькі даволі сур’ёзных рэкамендацый. Важна, каб праграмы педагагічных інавацый у інклюзіўнай адукацыі, якія будуць выкарыстоўвацца для павышэння кваліфікацыі школьных педагогаў, былі разгледжаны і адобраны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Падчас круглага стала ў Мінску яго ўдзельнікі пазнаёміліся з вопытам работы рэсурсных цэнтраў (пілотных школ) па ўкараненні інклюзіўнай адукацыі, наведалі сярэднія школы №№ 25 і 91, а таксама сярэднюю школу № 111, дзе азнаёміліся з вопытам арганізацыі дыстанцыйнага навучання дзяцей-інвалідаў, на свае вочы ўбачылі створанае ва ўстанове безбар’ернае асяроддзе. У сярэдняй школе № 51 госці паназіралі за рэалізацыяй праекта “Электронная школа”, а ў БДПУ імя Максіма Танка азнаёміліся з асаблівасцямі навучання студэнтаў, якія будуць працаваць у сферы інклюзіўнай адукацыі. У ЦКРНіР Партызанскага раёна Мінска ўдзельнікі праекта паназіралі за выкарыстаннем альтэрнатыўных камунікацый з дзецьмі з аўтычнымі парушэннямі.
Падчас сустрэчы адбыліся майстар-класы з удзельнікамі праекта з Беларусі, Украіны, Малдовы, Германіі. Прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў краін — удзельніц міжнароднага семінара адзначылі высокі ўзровень дзейнасці сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь — кадравы патэнцыял устаноў адукацыі, матэрыяльна-тэхнічную базу, творчасць і апантанасць сталічных педагогаў.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.