Да канца года пачнецца мантаж рэактара другога энергаблока

- 11:59Інфармацыйная гадзіна

Корпус рэактара для другога энергаблока даставяць з Расіі на Беларускую АЭС у верасні, паведаміў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк.

“У гэтым годзе восенню мы павінны пачаць мантаж абсталявання рэактарнай устаноўкі на другім энергаблоку. Корпус рэактара павінен прыбыць у верасні, да канца бягучага года пачнём яго мантаж”, — расказаў Міхаіл Міхадзюк.

На першым энергаблоку корпус рэактара і ўсе чатыры парагенератары ўжо зманціраваны. Завяршылася зварка галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода першага энергаблока — гэта ключавая падзея для падрыхтоўкі да запуску першага блока.

Паводле слоў Міхаіла Міхадзюка, усе кантракты на пастаўку асноўнага абсталявання падпісаны, значная частка ўжо адпраўлена расійскімі заводамі-вытворцамі ў Астравец. “Абсталяванне для АЭС праходзіць шматступеньчаты кантроль якасці на ўсіх этапах вытворчасці і непасрэдна пры паступленні на пляцоўку станцыі”, — падкрэсліў намеснік міністра.

Астравецкі раён наведалі ўдзельнікі прэс-туру “Узаемадзеянне Беларусі і Расіі ў сферы ядзернай энергетыкі”, які праходзіў у Беларусі 23—24 жніўня. Прадстаўнікі СМІ вывучылі работу інфармацыйнага цэнтра АЭС, азнаёміліся з будаўніцтвам горада энергетыкаў, сустрэліся з байцамі зводнага беларуска-расійскага студэнцкага будатрада, а таксама пабывалі на аб’ектах БелАЭС. Арганізатарамі прэс-туру выступілі Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы і Нацыянальны прэс-цэнтр Беларусі.