Да кожнага вучня — свой падыход

Настасся Віктараўна Шэмет пяты год выкладае хімію і біялогію ў Ганцавіцкай гімназіі Брэсцкай вобласці. За гэты час маладая настаўніца паспела не толькі адчуць сябе ўпэўнена, але і паспяхова выступіць у прафесійных конкурсах, падрыхтаваць пераможцаў раённых прадметных алімпіяд па сваіх прадметах.

Яшчэ ў дзяцінстве ў Настассі з’явілася мара стаць педагогам. У пачатковых класах яна з захапленнем глядзела на сваю настаўніцу.

— Я ўяўляла сябе на месцы маёй першай настаўніцы, як я, калі падрасту, таксама буду стаяць ля дошкі і тлумачыць вучням новую тэму, — з усмешкай узгадвае Н.В.Шэмет. — Ішлі гады, а гэтая прафесія мяне па-ранейшаму прываблівала. У старшых класах зразумела, што маё жаданне можа спраўдзіцца, калі прыкласці адпаведныя намаганні.

У школе Настасся вельмі любіла ўрокі хіміі, асабліва ёй падабалася рашаць задачы і ўраўненні. Не меншую цікавасць выклікалі і ўрокі біялогіі. Калі настаў час выбару прафесіі, Настасся задумалася: звязаць жыццё з педагогікай ці з медыцынай? І ўсё ж дзіцячая мара не адпусціла яе. Дзяўчына стала студэнткай факультэта прыродазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

 Працягваць вывучэнне любімых прадметаў было цікава. Асабліва запомніліся лабараторныя заняткі, дзе можна было прымяняць набытыя веды на практыцы. Шмат светлых успамінаў і яркіх уражанняў пакінула педагагічная практыка ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”, дзе ўпершыню давялося паспрабаваць сябе ў ролі важатай. Увогуле студэнцкае жыццё ў сталіцы было для яе асаблівым перыядам, які прынёс шмат новых магчымасцей, знаёмстваў, сяброў. Аднак, атрымаўшы дыплом, Настасся з лёгкай душой вярнулася на малую радзіму.

— Зараз пяты год працую ў гімназіі Ганцавіч, — адзначыла Настасся Віктараўна. — Час праляцеў вельмі хутка. Спачатку, калі прыйшла ў новы калектыў, было нямала хваляванняў і пытанняў. На маю думку, вельмі важна, у якой сітуацыі аказваецца новы ў калектыве чалавек, а тым больш малады спецыяліст. Мяне ў гімназіі адразу прынялі вельмі добра і дружалюбна. Калегі былі гатовы прыйсці на дапамогу і даць параду, за што я ім бязмежна ўдзячна.

Маладой настаўніцы без асаблівых праблем удалося знайсці агульную мову не толькі з калегамі, але і з вучнямі розных класаў. Парадавалі адкрытасць, шчырасць дзяцей. На ўроках Настассі Віктараўны пануе працоўная атмасфера, аднак педагог стараецца, каб пры гэтым яна была нязмушанай. Настаўніца робіць стаўку на дыялог з вучнямі, да кожнага стараецца знайсці падыход і зацікавіць. Падбірае цікавыя заданні, каб прыцягнуць увагу да новай тэмы і як мага лепш яе патлумачыць.

За час работы Настасся Віктараўна з цікавасцю паспрабавала свае сілы ў некалькіх конкурсах. Стала пераможцай раённага этапу конкурсу “Малады настаўнік ­Брэстчыны”, на абласным этапе перамагла ў намінацыі “Лепшы мультымедыйны ўрок”. Падзяліла з калегамі падрыхтоўку і першае месца ў раённым конкурсе “Лепшае школьнае вучэбна-метадычнае аб’яднанне”. Таксама ў скарбонцы асабістых прафесійных дасягненняў — грамата Ганцавіцкага райвыканкама за добрасумленную працу, правядзенне адкрытых урокаў на раённым семінары настаўнікаў біялогіі.

— У рабоце кіруюся словамі акадэміка В.В.Ключэўскага: “Каб быць добрым выкладчыкам, трэба любіць тое, што выкладаеш, і тых, каму выкладаеш”, — падкрэслівае Н.В.Шэмет. — Мае галоўныя поспехі — гэта дасягненні маіх вучняў. Рада, што сярод іх ужо ёсць пераможцы раённых этапаў рэспубліканскіх прадметных алімпіяд па хіміі і біялогіі. З цікавасцю дзеці ўдзельнічалі і ў раённым конкурсе навукова-даследчых работ. Для гэтага вывучалі якасці і лекавыя ўласцівасці мёду. Вучань 6 класа Мацвей Бернат, які прадстаўляў навукова-даследчую работу, стаў лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу на лепшую навукова-даследчую работу ў аздараўленчым лагеры “Зубраня”.

Настасся Віктараўна сёння ўжо не ўяўляе сваёй работы без класнага кіраўніцтва. На ўласным вопыце пераканалася: гэта цікавы, неабходны, але вельмі адказны і складаны абавязак. Тут трэба быць не толькі настаўнікам, але яшчэ і мудрым выхавальнікам, тонкім псіхолагам, умець пачуць і зразумець кожнае дзіця, дапамагчы, калі ўзнікаюць нейкія цяжкасці ці непаразуменні. Разнастайныя выхаваўчыя і пазашкольныя мерапрыемствы дапамагаюць маладой настаўніцы з’яднаць клас і паступова ўсё больш раскрываць патэнцыял кожнага вучня. З дзецьмі ёй сумаваць не даводзіцца, жыццё заўсёды напоўнена цікавымі падзеямі і яркімі фарбамі.

Таццяна ШЫМКО.