Да любімай справы — з энергіяй і натхненнем

Вельмі абаяльная, захопленая, улюбёная ў свой прадмет, валодае высокай прафесійнай камунікатыўнай культурай, інтэлектам, матывавана на ўласнае прафесійнае ўдасканаленне і бесперапынную самаадукацыю. Так можна коратка ахарактарызаваць настаўніцу англійскай мовы гімназіі № 1 Дзяржынска Аксану Антонаўну Вайцяхоўскую.

Кожны чалавек ідзе сваім шляхам да прафесіі настаўніка. Хтосьці выбірае гэтую дарогу пад уплывам свайго настаўніка, хтосьці прыходзіць у школу выпадкова. Аксана Антонаўна прыйшла ў гэтую прафесію дзякуючы сваёй дзіцячай мары. “У апошнія гады вучобы ў школе я зразумела, што не змагу расстацца са сваёй дзіцячай марай — стаць настаўнікам, — успамінае А.А.Вайцяхоўская. — Але, будучы выдатніцай па ўсіх прадметах, доўга не магла вызначыцца, які прадмет мне бліжэй. Вельмі любіла ўрокі беларускай мовы, мяне зачароўвала англійская гаворка. Удзельнічала ў алімпіядах па рускай мове, біялогіі, хіміі, а вучылася ў класе фізіка-матэматычнага профілю. Настаўнікі гімназіі Дзяржынска Т.В.Кацуба, М.Л.Доўнар, Г.Ю.Бурынская, В.М.Варанецкая, Г.А.Кучэйка, К.Л.Тарайковіч былі для мяне прыкладам педагагічнага майстэрства, тымі мэтрамі педагогікі, на каго хацелася раўняцца ў жыцці. І я вырашыла: выбіраць прадмет буду на месцы, прама ў педуніверсітэце. Гледзячы на велізарны інфармацыйны стэнд з пералікам факультэтаў і спецыяльнасцей, я спыніла ўвагу на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій з замежнымі мовамі, які толькі што адкрыўся. Бацькі падтрымалі і ўхвалілі мой выбар”.

Адкрытая, эмацыянальная, але разам з тым вельмі мэтанакіраваная і настойлівая, з цвёрдай думкай, што ўрок англійскай мовы — адзін з самых складаных і самых цікавых, бо веданне замежнай мовы ва ўсе часы з’яўлялася паказчыкам узроўню адукаванасці чалавека, — такой увайшла Аксана Антонаўна ў клас на свой першы ўрок.

Урокі, пазакласныя мерапрыемствы, класнае кіраўніцтва, алімпіяды, канцэрты англійскай песні, канферэнцыі, настаўніцтва над маладымі педагогамі, кіраўніцтва рэсурсным цэнтрам… І ўсё на высокім прафесійным узроўні.

Аксана Антонаўна глыбока прадумвае і ў літаральным сэнсе стварае кожны свой урок. Патрабавальнасць, высокая працавітасць, арганізаваны тэмп урока, шчыльнасць і рацыянальнасць відаў дзейнасці — вось складнікі эфектыўнага ўрока педагога Вайцяхоўскай. Настаўніца па-майстэрску фарміруе ўменні і навыкі разумовай працы, вучыць планаваць сваю дзейнасць, знаходзіць больш рацыянальныя шляхі яе выканання, ацэньваць вынікі, аргументавана адстойваць свае погляды і перакананні. Аксана Антонаўна шмат увагі ўдзяляе выкарыстанню на вучэбных занятках логіка-сэнсавых мадэлей, інтэрактыўных прыёмаў навучання. Выкарыстоўвае дадаткова аўтэнтычныя дапаможнікі Spark, Prime Time, якія дазваляюць навучэнцам выконваць цікавыя матывуючыя заданні на інтэрактыўнай дошцы і ў лінгафонным кабінеце.

Праца дае свой плён. За настаўніцай ідуць дзеці, яны ёй вераць. І гэта стымулюе педагога да пошуку новых ідэй, эфектыўных прыёмаў работы з матываванымі вучнямі. А.А.Вайцяхоўская распрацавала арганізацыйна-метадычную мадэль работы з адораным навучэнцам па англійскай мове пры падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды. У аснове мадэлі — дакладнае планаванне дзейнасці настаўніка і вучня на кожным этапе, на кожных занятках. Істотная роля адводзіцца падбору вучэбнай літаратуры, а таксама заданняў як для індывідуальнай работы ў полі ўрока, так і самастойнай пазаўрочнай дзейнасці.

Адпрацаваная гадамі методыка пацвярджаецца высокімі вынікамі ацэнкі ведаў вучняў. Штогод навучэнцы Аксаны Антонаўны становяцца пераможцамі раённага, абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды. На працягу шасці гадоў педагог падрыхтавала больш за 30 пераможцаў другога этапу рэспубліканскай алімпіяды, 8 пераможцаў трэцяга этапу, прычым 5 з іх абсалютныя, і 5 пераможцаў заключнага этапу. Сярод пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды гэтага года — Марыя Клокава і Карына Карніцкая.

Сёння Аксана Антонаўна можа ганарыцца тым, што дзве вучаніцы пайшлі па яе слядах і стануць выкладчыкамі англійскай мовы. Успамінаючы свойго педагога, выпускніца 2014 года двухразовая пераможца заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды Аляксандра Сячко гаворыць: “Аксана Антонаўна пачала весці ў мяне англійскую мову ў 7 класе. Да гэтага я нават не ўяўляла, што гэты прадмет можа быць настолькі цікавым! Настаўніца сама вельмі любіць англійскую мову і перадае гэтую любоў сваім вучням. Захапілася прадметам я менавіта з-за таго, што ўлюбілася ў тое, як настаўніца вядзе ўрокі. Мой любімы педагог шчыры, добры і пазітыўны чалавек. І яна заўсёды застаецца такой са сваімі вучнямі. За ўвесь час, што я вучылася ў школе, я ні разу не бачыла яе ў дрэнным настроі. Таму мне было так цікава на яе ўроках і сапраўды хацелася вучыцца! Мы ніколі не баяліся памыліцца, выказаць свае думкі на англійскай мове. Аксана Антонаўна пераконвала нас, што па-іншаму размаўляць на замежнай мове не навучышся. Лічу, што мне вельмі пашанцавала, што ў мяне быў такі выдатны педагог”.

— Я часта задаю сабе пытанне: ці правільна я вучу, — заўважае Аксана Антонаўна. — Адказы часта падказвае педагагічная інтуіцыя. Кожны раз, аналізуючы, як прайшоў урок, працу дзяцей і ўласную, разумееш, што ўсё заканамерна і, па сутнасці, ты маеш тое, чаго вельмі моцна жадаеш. Застаючыся з вучнямі адзін на адзін у класе, ты ўсведамляеш, колькі яшчэ неабходна знайсці, прачытаць, прааналізаваць. І пачынаецца пакутлівы бясконцы пошук. Часам рашэнні прыходзяць у галаву на ўроку як быццам з ніадкуль. Але ты ведаеш, чаго варты нават адзін удалы ўрок… Калі майму вучню спадарожнічае поспех, я з упэўненасцю гавару сабе: “Ты ўсё робіш правільна”. Калі ж іх праследуюць няўдачы, нешта даецца вельмі цяжка, тады здаецца: гэта твае памылкі. Я ўвесь час прыходжу да высновы: чым больш сіл, часу, энергіі затрачваецца, тым больш высокі вынік. А можа і сам вынік у рэшце рэшт не так важны, таму што атрыманыя веды неацэнныя, а гадзіны, праведзеныя з любімымі вучнямі, зараджаюць цябе энергіяй, натхненнем і жаданнем працаваць яшчэ больш. І, азіраючыся на той час, калі стаяла перад выбарам спецыяльнасці, я разумею, што не памылілася, і адчуваю сябе шчаслівай, займаючыся любімай справай.

Алена КУЛІКОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
гімназіі № 1 Дзяржынска Мінскай вобласці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *