Да мабільнай адукацыі на базе воблачных тэхналогій

- 15:26Рознае, Сродкі навучання

У межах ХХІ Міжнароднага спецыялізаванага форуму па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях “ТІБО-2014” прайшоў круглы стол “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі”, які сабраў вучоных і практыкаў, спецыялістаў у сферы ІКТ.

Намеснік дырэктара Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Уладзімір Іванавіч Комік расказаў удзельнікам круглага стала аб галіновай праграме інфарматызацыі сістэмы адукацыі, распрацоўка якой прадугледжана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 531. Вопыт стварэння падобных спецыялізаваных праграм у краіне ўжо назапашаны. Сёння ж мерапрыемствы па інфарматызацыі выконваюцца ў межах сямі розных праграм, сярод якіх Нацыянальная праграма паскоранага развіцця паслуг у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на 2011—2015 гады, Праграма развіцця агульнай сярэдняй адукацыі на 2007—2016 гады і інш. Асноўныя задачы, якія вырашаюцца ў гэтых праграмах, — аснашчэнне сродкамі ІКТ устаноў адукацыі, распрацоўка электронных адукацыйных рэсурсаў, забеспячэнне доступу ўстаноў адукацыі да сеткі інтэрнэт.

“Што тычыцца агульнага стану спраў, то ў галіне інфарматызацыі адукацыі да сённяшняга часу зроблена нямала, — адзначыў У.І.Комік. — Аднак ёсць і шэраг праблем, якія патрабуюць вырашэння. Сярод іх фрагментарнае выкарыстанне ІКТ у адукацыйным працэсе; няпоўная замена састарэлай тэхнікі; недахоп электронных адукацыйных рэсурсаў, да якіх удзельнікі адукацыйнага працэсу маюць пастаянны доступ; у сістэме адукацыі практычна не выкарыстоўваюцца магчымасці электроннага дакументаабароту (пакуль ён застаецца папяровым). Сучасная тэндэнцыя ў інфарматызацыі грамадства — гэта развіццё электронных паслуг. У адукацыйнай галіне пакуль, на жаль, адсутнічае нарматыўная прававая база і няма сістэмнасці ў прадастаўленні электронных паслуг. Яшчэ адна праблема — дэфіцыт кваліфікаваных ІТ-спецыялістаў ва ўстановах адукацыі. Гэтыя спецыялісты запатрабаваны ў рэспубліцы. А паколькі ёсць канкурэнты, здольныя забяспечыць больш высокі ўзровень заработнай платы, то іх у сістэме адукацыі становіцца ўсё менш. Улічваючы ўсё гэта, мы прыйшлі да высновы, што зараз патрэбна новая, крыху іншая стратэгія інфарматызацыі адукацыі”.

Плануецца, што галіновая праграма інфарматызацыі будзе распрацоўвацца ў цесным узаемадзеянні з Міністэрствам сувязі і пачне дзейнічаць з 2016 года. У ёй будуць улічаны ўсе сучасныя тэндэнцыі. Так, у цяперашні час пераважаюць падыходы, якія забяспечваюць укараненне мадэлей мабільнай адукацыі на базе воблачных тэхналогій. Для сучасных працэсаў інфарматызацыі адукацыі характэрна таксама актыўнае развіццё інфармацыйнага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу па прынцыпе арганізацыі сацыяльных сетак. Важнай асаблівасцю з’яўляецца тое, што для сучаснага педагога неабходна забяспечыць пастаянны доступ да калекцый электронных адукацыйных элементаў, з дапамогай якіх ён мог бы самастойна канструяваць вучэбныя заняткі. У інфарматызацыі адукацыі зараз назіраецца развіццё інфармацыйнай культуры педагогаў і навучэнцаў праз павышэнне інфармацыйнай кампетэнтнасці як складніка прафесійнай кампетэнтнасці ў цэлым. Тэндэнцыя інфарматызацыі адукацыі — развіццё электроннага дакументаабароту і забеспячэнне электронных паслуг і сэрвісаў на аснове інтэграваных баз даных.

Начальнік упраўлення інфармацыйных тэхналогій і электронных адукацыйных рэсурсаў Нацыянальнага інстытута адукацыі Ірына Мікалаеўна Васільева паведаміла прысутным аб электронным адукацыйным кантэнце для дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, які ствараецца ў інстытуце на працягу трох гадоў у межах навукова-тэхнічнай галіновай праграмы “Электронныя адукацыйныя рэсурсы”. Разумеючы, што будучыня за воблачнымі тэхналогіямі, рэсурсы, якія распрацоўваюцца, размяшчаюцца ў сетцы інтэрнэт, каб усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу мелі доступ да іх з любой кропкі і з любой прылады. Сёння гэтыя рэсурсы функцыянуюць у сістэме Moodle. Пакуль толькі 22 установы адукацыі рэспублікі (а гэта каля 1000 навучэнцаў і 140 педагогаў) працуюць з гэтымі матэрыяламі, каб ацаніць магчымасці іх выкарыстання ў адукацыйным працэсе, гатоўнасць да прымянення электронных сродкаў навучання педагогаў, навучэнцаў, а таксама тэхнічную аснашчанасць устаноў адукацыі. Плануецца, што з 1 верасня 2014 года ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі атрымаюць доступ да гэтага кантэнту ў поўным аб’ёме.

На думку І.М.Васільевай, распрацоўка якаснага адукацыйнага кантэнту немагчыма без падключэння высокакваліфікаваных спецыялістаў. Важна, каб гэты кантэнт меў і багаты змест, і інтэрактыў, даў магчымасць павысіць матывацыю навучэнцаў у адукацыйным працэсе, бо, працуючы дыстанцыйна з рэсурсамі, якія выкладзены ў сетцы, патрэбна высокая матывацыя і самаарганізацыя.
З падрыхтоўкай кадраў для ІТ- галіны ўдзельнікаў круглага стала пазнаёміла прарэктар па вучэбнай рабоце і менеджменце якасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Алена Мікалаеўна Жывіцкая. Яна адзначыла, што ўніверсітэт актыўна рэагуе на сітуацыю на рынку працы: адкрываюцца новыя спецыяльнасці, складаюцца новыя вучэбныя праграмы. Толькі з гэтага навучальнага года ва ўстанове адкрыта падрыхтоўка па 11 новых спецыяльнасцях. Акрамя таго, уведзены новы напрамак у адукацыі — “Электронная эканоміка” — з адкрыццём падрыхтоўкі па дзвюх новых спецыяльнасцях: “Эканоміка электроннага бізнесу” і “Электронны маркетынг”. З 2014 года будзе адкрыта падрыхтоўка па такіх спецыяльнасцях, як “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў бізнес-менеджменце”, “Праграмаванне і вытворчасць праграмнакіруемых электронных сродкаў”, “Праграмнакіруемыя электронна-аптычныя сістэмы”. Зараз ва ўніверсітэце 12 факультэтаў, 42 кафедры, дастаткова вялікая навукова-даследчая частка. Навучанне на І ступені ажыццяўляецца па 53 спецыяльнасцях (па дзвюх мадэлях навучання), на ІІ ступені — па 36 спецыяльнасцях. Калі да 2013 года ва ўніверсітэце дзейнічала традыцыйная мадэль навучання (5 гадоў на І ступені навучання і 1 год на ІІ ступені), то з гэтага навучальнага года адбыўся пераход на новую мадэль (4 гады на І ступені навучання і 2 гады на ІІ ступені).

Па словах А.М.Жывіцкай, пераход на новую мадэль навучання быў бы немагчымым без інтэнсіфікацыі інфарматызацыі адукацыйнага працэсу. У цяперашні час у БДУІР створана і функцыянуе вялікая камп’ютарная сетка (3800 камп’ютараў падключаны да яе), аўдыторыі аснашчаны мультымедыйнай тэхнікай, па ўсіх курсах і дысцыплінах створаны электронныя вучэбна-метадычныя комплексы, і любы студэнт можа зайсці ў электронную бібліятэку і азнаёміцца з імі (электронныя лекцыі, практычныя заняткі, лабараторныя работы); дзейнічае цэнтр відэаканферэнцсувязі. У мінулым годзе дзякуючы ёй студэнты вывучалі курс па праграмаванні мабільных сістэм, лекцыі праводзілі выкладчыкі з Ілінойскай тэхналагічнай асацыяцыі. Плануецца ў найбліжэйшы час размясціць усе асноўныя электронныя рэсурсы ў воблаку, і як вынік — усе камп’ютарныя класы будуць мець доступ да гэтых тэхналогій.

З тэхналогіяй стварэння і распаўсюджвання адукацыйнага кантэнту прысутных пазнаёміў дацэнт кафедры сетак і прылад тэлекамунікацый БДУІР Віктар Юр’евіч Цвяткоў. Загадчык лабараторыі Навукова-даследчага інстытута прыкладных фізічных праблем БДУ Леанід Уладзіміравіч Семяненка расказаў аб аўтаматызацыі статыстычных назіранняў і інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння ў сферы адукацыі.
Падводзячы вынікі мерапрыемства, А.М.Жывіцкая падкрэсліла, што ў самы бліжэйшы час інфарматызацыя адукацыі будзе развівацца па такіх напрамках, як фарміраванне на базе воблачных тэхналогій інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры інфармацыйнага асяроддзя сістэмы адукацыі, распрацоўка электронных адукацыйных рэсурсаў, развіццё электронных паслуг і мадэрнізацыя інфармацыйна-камунікацыйнай інфрастуктуры ўстаноў адукацыі. Важнымі напрамкамі з’яўляюцца метадычнае і арганізацыйнае забеспячэнне сістэмы адукацыі, развіццё кадравага патэнцыялу і інфарматызацыя сістэмы кіравання адукацыяй.

 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.