Да матывацыі — праз гульню

- 11:53Адукацыйная прастора

Падтрымліваць і развіваць матывацыю школьнікаў да вывучэння нямецкай мовы дапамагаюць гульнявыя тэхналогіі на розных этапах урока. Гэтыя тэхналогіі валодаюць высокім вучэбным, развіццёвым і выхаваўчым патэнцыялам, бо ўлічваюць псіхалагічныя і ўзроставыя асаблівасці дзяцей, іх інтарэсы і схільнасці, ствараюць атмасферу іншамоўных зносін на занятках, выяўляюць творчыя здольнасці вучняў, дапамагаюць ім пераадолець сарамлівасць і нерашучасць, зняць моўны бар’ер і стомленасць, знізіць псіхаэмацыянальную нагрузку.

Гульня — адзін з найбольш эфектыўных сродкаў развіцця камунікатыўных навыкаў дзяцей і павышэння іх матывацыі да вучобы. Гульнявыя прыёмы можна прыстасоўваць да розных мэт і задач урока. Гэтыя прыёмы дапамагаюць лягчэй засвоіць вучэбны матэрыял і ненавязліва развіваюць камунікатыўныя, сацыякультурныя, сацыяльныя, асобасныя і дзейнасныя кампетэнцыі.

Практыка паказвае, што не ўсе гульні, прапанаваныя аўтарамі падручнікаў, адпавядаюць індывідуальным асаблівасцям вучняў. Таму ўзнікла неабходнасць пашырэння і дапаўнення набору гульняў і гульнявых заданняў.

У сваёй рабоце выкарыстоўваю розныя віды гульняў: моўныя (фанетычныя, лексічныя, граматычныя), маўленчыя (гульні на сумесную маўленчую дзейнасць і камунікатыўнае ўзаемадзеянне, ролевыя гульні і гульні-сімуляцыі), рухавыя, інтэлектуальныя і народныя.

Моўныя гульні дапамагаюць фарміраваць і ўдасканальваць рэпрадуктыўныя навыкі вучняў, павышаюць іх упэўненасць у лінгвістычнай кампетэнцыі. Так, фанетычныя гульні (“Ведзьмаў суп”, “Трапіць у “дзясятачку”, “Манашчыны спевы” і “Лоўля памылак”) дапамагаюць адпрацаваць/скарэкціраваць вымаўленне гукаў у словах і фразах, інтанацыю і фанематычны слых. Гэтыя гульні добра падыходзяць для арганізацыі фанетычнай зарадкі ці пераадолення цяжкасцей на перадтэкставым этапе работы з друкаваным тэкстам ці аўдыязапісам. Так, падчас гульні “Ведзьмаў суп” вучні становяцца ў кола і, уявіўшы, што ў яго цэнтры знаходзіцца вялікі кацёл, кідаюць туды розныя інгрэдыенты (не толькі ядомыя), якія ўтрымліваюць у назвах пэўны гук. Кожнае слова паўтараецца тройчы. Гэтая гульня дазваляе візуалізаваць і адпрацаваць лексіку па тэме ўрока, прыносіць шмат радасці вучням і разнявольвае іх.

Даволі цікавай з’яўляецца гульня “Трапіць у “дзясятачку”. На дошцы малюецца мішэнь. Вучні вымаўляюць за настаўнікам нямецкія словы і жэстамі імітуюць кідок кап’я ці палёт стралы прама ў цэнтр мішэні, пры гэтым дасканала прагаворваючы словы па тэме ўрока.

Дзецям вельмі падабаецца гульня “Манашчыны спевы”, падчас якой яны з падручнікамі ў руках рухаюцца ланцужком за “галоўным манахам” (настаўнікам) і паўтараюць за ім прачытаныя фразы з вершаў ці тэкстаў. Пры гэтым педагог пастаянна мяняе напрамак руху, абыходзіць перашкоды (мэблю). Гэтая гульня дапамагае лепш запомніць прачытаны матэрыял, развівае ўменні азнаямленчага чытання.

Пры правядзенні гульні “Лоўля памылак” вымаўляю словы з пэўным гукам. Кожнае слова вымаўляецца 4—5 разоў, пры гэтым я часам наўмысна раблю памылку, а вучні павінны яе “злавіць” і пляснуць у далоні.

Лексічныя гульні актывізуюць лексіку па пэўнай тэме, абагачаюць слоўнікавы запас вучняў, ілюструюць і адпрацоўваюць выкарыстанне слоў у пэўных сітуацыях (“Даміно”, “Наадварот”).

З дапамогай граматычных гульняў замацаванне граматычнага матэрыялу праходзіць цікава і без асаблівага напружання. Шмат станоўчых эмоцый выклікае ў вучняў гульня “Словы-невідзімкі”, падчас якой выбіраецца вядучы, што “піша” словы па тэме ў паветры. Астатнія дзеці запісваюць іх у сшыткі. Выйграе той, хто правільна запісаў найбольшую колькасць слоў.

Маўленчыя гульні развіваюць уменні ў пэўным відзе маўленчай дзейнасці (чытанні, успрыманні і разуменні іншамоўнага маўлення на слых, маналагічным, дыялагічным ці пісьмовым маўленні) і маюць творчы характар. Так, гульня “Фотаробат” развівае ўспрыманне і разуменне іншамоўнага маўлення на слых у рамках работы па тэме “Знешнасць і характар” у 7 класе. Падчас гульні вучні па словах настаўніка малююць на дошцы ці альбомных аркушах партрэт злачынцы, аб’яўленага ў вышук.

У сваёй рабоце актыўна выкарыстоўваю гульні на актывізацыю маўленчага ўзаемадзеяння вучняў (“Кірмаш”,“Класная вандроўка”).

Рухавыя гульні (гульні-перастаноўкі “Хлеў”, “Чырвоная Шапачка”), якія часта суправаджаюцца музыкай і песнямі, добра падыходзяць для фанетычных зарадак і фізкультхвілінак, уводзін і замацавання лексічнага і граматычнага матэрыялу.

Для работы з краіназнаўчым матэрыялам па тэмах “Святы” ў 5 класе, “Музыка”, “Літаратура”, “Кіно” і “Нацыянальная кухня” ў 8 класе і многіх іншых тэмах выдатна падыходзяць гульні-віктарыны, гульні “Аўкцыён” і “Веру — не веру”, настольныя гульні (гульні з кубікамі, гульні-змейкі).

Пры выбары гульняў варта ўлічваць узровень падрыхтоўкі вучняў і ступень складанасці гульнявых заданняў. Прапаноўваючы дзецям пэўную гульню, настаўнік павінен канкрэтызаваць яе мэту, правілы і час. Інакш не будзе станоўчага эфекту.

Дзякуючы гульнявым тэхналогіям, у маіх выхаванцаў павышаюцца пазнавальная цікавасць і матывацыя да вывучэння нямецкай мовы, актыўнасць у класнай і пазакласнай рабоце па прадмеце.

Надзея ВЯРЭНІЧ,
настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 2 Лунінца.