Да навыкаў самастойнай работы праз ІКТ

Задача сучаснай школы — выпускаць навучэнцаў, падрыхтаваных да жыцця, здольных самастойна працаваць, мысліць, прымяняць атрыманыя веды на практыцы. Невыпадкова апошнім часам павысілася цікавасць да фарміравання навыкаў самастойнай работы. Павялічылася роля самастойных работ у адукацыйным працэсе, дакладней абазначыліся методыка і дыдактычныя сродкі іх эфектыўнай арганізацыі. У фарміраванні навыкаў самастойнай дзейнасці школьнікаў сталічныя педагогі актыўна выкарыстоўваюць ІКТ.

Настаўніцы англійскай мовы ліцэя № 2 Мінска Вользе Валер’еўне Брыч у фарміраванні вучэбна-пазнавальных навыкаў самастойнай работы навучэнцаў дапамагае выкарыстанне адукацыйнай платформы WikispacesClassroom. Як і іншыя віды вікі-сэрвісаў, WikispacesClassroom валодае асаблівымі дыдактычнымі ўласцівасцямі і метадычнымі функцыямі, якія адрозніваюць яго ад іншых інтэрнэт-рэсурсаў. Да іх адносяцца публічнасць (вікі-дакумент даступны ўсім удзельнікам праекта, якія знаходзяцца на адлегласці), нелінейнасць (кожны ўдзельнік можа ўнесці змяненні ў захаваную раней версію дакумента), мультымедыйнасць (магчымасць выкарыстоўваць пры стварэнні вікі-дакумента матэрыялаў рознага фармату: тэкставага, графічнага, фота-, відэа-, аўдыяматэрыялаў), інтэрактыўнасць усіх відаў: часавая, парадкавая, змястоўная, творчая і г.д.

Выкарыстанне WikispacesClassroom дазваляе настаўніцы арганізаваць калектыўную работу па вырашэнні вучэбна-пазнавальных задач эўрыстычнага характару і стварэнні сумеснага прадукту, далучыць навучэнцаў да абмеркавання працэсу сумеснай дзейнасці ў чаце і пры дапамозе відэазванкоў, да працэсу ацэнкі і рэдактавання праектаў сваіх аднакласнікаў, ажыццяўляць кантроль дзейнасці шляхам функцыі кантролю ў рэальным часе.

Прыкладам эўрыстычных заданняў, якія выконваюцца з выкарыстаннем WikispacesClassroom, служыць праект Family House. Работа над ім праводзіцца наступным чынам: спачатку калектыўна складаецца план дзейнасці; кожны навучэнец атрымлівае індывідуальнае заданне стварыць дызайн-праект асобнага пакоя, затым дызайнерскі праект абараняецца вусным ці пісьмовым выказваннем, адбываецца абмеркаванне сумеснай работы пры дапамозе функцыі “Чат” ці відэазванка. Пасля гэтага пісьмовыя паведамленні пра дызайнерскі праект навучэнцаў размяшчаюцца на платформе для ацэнкі аднакласнікамі шляхам размяшчэння каментарыяў у чаце. Настаўнік адсочвае актыўнасць навучэнцаў праз функцыю кантролю ў рэальным часе. Напрыканцы педагог пры дапамозе функцыі “заслона” паказвае размешчаныя на платформе індывідуальныя праекты ўсім навучэнцам, і старшакласнікі аналізуюць і ацэньваюць уласную самастойна-пазнавальную дзейнасць.

Для самастойнай работы навучэнцаў створаны і блог настаўнікаў замежнай мовы сярэдняй школы № 121 Мінска Аліны Вітальеўны Сас і Марыны Уладзіміраўны Савосцінай. Ён адносіцца да электронных практыкумаў і адрасаваны вучням, бацькам і педагогам. Змест блога InPlainEnglish дазваляе настаўнікам знайсці дадатковую інфармацыю па кожнай тэме, якая вывучаецца, і выкарыстоўваць яе на сваіх вучэбных занятках.

Структурна блог складаецца з некалькіх раздзелаў. Кожны раздзел змяшчае матэрыял для навучэнцаў адной паралелі. Інфармацыя ў кожным раздзеле структуравана па тэмах, якія вывучаюцца ў пэўным класе. Акрамя таго, блог змяшчае карысныя спасылкі, пераход па якіх дае магчымасць азнаёміцца з іншымі сайтамі, прызначанымі для вывучэння замежнай мовы, для праслухоўвання аўдыякніг на англійскай мове, а таксама для праходжання тэстаў па граматыцы. На галоўнай старонцы адлюстроўваюцца апошнія навіны ўстановы адукацыі, краіны і свету. Таксама блог дае магчымасць правядзення анлайн-апытання: напрыклад, у студзені было праведзена апытанне пра любімае свята наведвальнікаў блога. Пастаянныя чытачы і госці блога маюць магчымасць пакінуць свае каментарыі, што дазваляе ажыццяўляць зваротную сувязь.

Па словах педагогаў-распрацоўшчыкаў, блог дазваляе павысіць цікавасць навучэнцаў да вучэбных заняткаў, атрымаць дадатковую інфармацыю па той ці іншай тэме, а таксама паглыбіць і сістэматызаваць свае веды. Настаўнікам замежнай мовы такі блог будзе карысны ў якасці крыніцы дадатковай інфармацыі падчас падрыхтоўкі і правядзення заняткаў, а таксама можа стаць платформай для абмеркавання з калегамі актуальных пытанняў па методыцы выкладання англійскай мовы.

Мабільнае адукацыйнае асяроддзе створана настаўніцай інфарматыкі сярэдняй школы № 55 Мінска Рытай Яўгенаўнай Андрэенка. “Імкліва мяняецца змястоўны кампанент вучэбных прадметаў, і не заўсёды метадычная падтрымка яго вучэбнымі дапаможнікамі і дыдактычнымі матэрыяламі ажыццяўляецца своечасова, — заўважае педагог. — Акрамя таго, існуе супярэчнасць і паміж адзіным для ўсіх навучэнцаў базавым зместам адукацыі і іх індывідуальнымі здольнасцямі, ведамі і інтарэсамі, стартавым узроўнем падрыхтоўкі. Для стварэння на вучэбных занятках камфортных умоў для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, выбудоўвання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі, павышэння якасці кіравання адукацыяй і ўзнікла неабходнасць у стварэнні мабільнага адукацыйнага асяроддзя на занятках інфарматыкі. Гэтае асяроддзе сфарміравалася на аснове модульнай тэхналогіі, тэхналогіі дыстанцыйнага навучання, тэхналогіі перавернутага ўрока і ўключае ў сябе прадметны сайт “Інфарматыка ў школе”, дыстанцыйны курс “Інфарматыка ў модулях” і блог педагога”.

Прадметны сайт “Інфарматыка ў школе” (http://inf.sch55.minsk.edu.by) складаецца з модуляў па ўсіх тэмах інфарматыкі з 6 па 11 клас. Электронны модуль кожных заняткаў змяшчае інфармацыю па асноўных этапах урока, канструяваць якія можна з прапанаваных структурных элементаў: тэма, мэта ўрока, тэарэтычная частка (самакантроль дамашняга задання, вучэбныя задачы, пытанні настаўніка, работа ў парах, самастойныя даследаванні і інш.), комплекс практыкаванняў для вачэй, практычная частка, дамашняе заданне, рэфлексія, задачы павышанай цяжкасці. Дарэчы, апошнія ўключаюць самастойныя даследаванні, заданні, арыентаваныя на навучэнца, які валодае базавымі ведамі, уменнямі і навыкамі, у той час як астатнія вывучаюць праграмны матэрыял. З мэтай развіцця крэатыўнага мыслення настаўніца прапаноўвае творчыя заданні.

— На лідзіруючыя пазіцыі пры гэтым выступае самастойная работа навучэнцаў, функцыя якіх не проста перапрацаваць інфармацыю, а актыўна ўключыцца ў адкрыццё новых для сябе ведаў, — адзначае Р.Я.Андрэенка. — Роля настаўніка зводзіцца да цьютарства — суправаджэння навучэнца ў працэсе яго індывідуальнага навучання. Дзякуючы такому падыходу, навучэнцы атрымалі магчымасць мабільнага дыстанцыйнага доступу да матэрыялаў па прадмеце, могуць вывучаць інфарматыку па дарозе дадому, у хатніх умовах, знаходзячыся ў бальніцы, санаторыі, — усюды, дзе ёсць доступ да сеткі інтэрнэт.

Другая частка мабільнага адукацыйнага асяроддзя змяшчае дыстанцыйны курс “Інфарматыка ў модулях” на сайце http://do.minsk.edu.by. У гэтым курсе настаўніца прадставіла распрацоўкі ўсіх урокаў інфарматыкі для 6—11 класаў, факультатыўных заняткаў для 6—8 класаў. Курс мае гасцявы допуск да выкладзеных там матэрыялаў (электронных матэрыялаў, неабходных для навучання, дадатковых матэрыялаў, матэрыялаў з рубрыкі “Гэта цікава”), арганізаваны кантроль ведаў праз сістэму тэстаў, апытанне настаўніка, работа з электронным сшыткам вучня, запаўненне электронных крыжаванак. Дарэчы, на курсе зарэгістравана больш за 150 навучэнцаў і 6 педагогаў.

Трэцяя частка мабільнага адукацыйнага асяроддзя — гэта асабісты блог настаўніцы http://andreenko-rita.blogspot.com.by/, які з’яўляецца электронным партфоліа педагога.

Створанае мабільнае адукацыйнае асяроддзе садзейнічае арганізацыі эфектыўнай самастойнай работы, павышэнню якасці ведаў вучняў, а таксама прафесійнаму росту настаўніка.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *