Да новых вяршынь гатовы!

- 11:20Планёрка ў рэгіёне

Не паспелі педагогі падвесці вынікі мінулага навучальнага года, як ужо актыўна рыхтуюцца да наступнага: наводзяць прыгажосць у сваіх вучэбных кабінетах, займаюцца самаадукацыяй, асабліва тыя, каму давядзецца працаваць у профільных класах.
Пра летнія клопаты і падрыхтоўку да новага навучальнага года сёння расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Касцюковіцкага райвыканкама Магілёўскай вобласці Алена Міхайлаўна Сіроткіна.

— Алена Міхайлаўна, летам у начальніка аддзела адукацыі работы становіцца больш ці менш?
— Магу сказаць адназначна: летам работы становіцца ў разы больш. Так, скончыўся навучальны год. Радуе, што 65,6% нашых школьнікаў завяршылі яго на высокім і дастатковым узроўні. Чэрвень — пара выпускных экзаменаў. Сёлета навучанне на другой ступені завяршылі 308 навучэнцаў, 18-ці з іх уручаны пасведчанні асаблівага ўзору. На трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі завяршылі навучанне 224 навучэнцы. Падчас традыцыйнага раённага выпускнога вечара 9 выпускнікоў атрымалі залатыя медалі, а іх бацькі — падзячныя пісьмы ад раённага выканаўчага камітэта за годнае выхаванне дзяцей.
Завершана ўступная кампанія ў 5 класы раённай гімназіі. 40 вучняў атрымалі статус гімназіста, пяцёра з іх — дзеці з сельскай мясцовасці. Наша гімназія з’яўляецца раённай, пры ўстанове маецца інтэрнат, што дазваляе дзецям з сельскіх школ атрымліваць гімназічную адукацыю нараўне з гарадскімі школьнікамі.
Ідзе набор вучняў у 1-я класы. Плануецца, што 1 верасня за школьныя парты сядуць 276 першакласнікаў. Для дзяцей, якія не наведвалі дашкольныя ўстановы, арганізаваны заняткі па падрыхтоўцы да школы.
Вядзецца работа па камплектаванні спецыялізаванага спартыўнага класа. У мінулым навучальным годзе ў нас быў першы вопыт па адкрыцці такіх класаў, і, трэба сказаць, паспяховы. На працягу года нашы юныя спартсмены прынялі ўдзел у адкрытым першынстве Магілёўскай вобласці па дзюдо і занялі прызавыя месцы. Вучацца ў гэтым класе і сельскія школьнікі. У новым навучальным годзе яшчэ 20 дзяцей атрымаюць магчымасць паспрабаваць свае сілы і ўдасканаліць навыкі ў дзюдо.

— Якія найбольш актуальныя на сёння пытанні вам даводзіцца вырашаць?
— Лета — час канікул. Задача аддзела адукацыі — стварыць неабходныя ўмовы, каб дзеці маглі за гэтыя тры месяцы адпачыць, набрацца сіл, знайсці справу па душы, а калі ёсць жаданне, то і зарабіць грошай. Установы адукацыі раёна імкнуцца зрабіць адпачынак і аздараўленне дзяцей разнастайным і разнапланавым. Ва ўсіх установах адукацыі працуюць гульнявыя пляцоўкі, стадыёны, секцыі, аб’яднанні па інтарэсах. Добра сябе зарэкамендавала такая форма занятасці для пачаткоўцаў, як групы кароткачасовага знаходжання дзяцей.
Арганізавана работа 13 аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем. Аздаравіцца і набыць навыкі турызму школьнікі маюць магчымасць у турыстычным палатачным лагеры з кругласутачным знаходжаннем. Не засталіся ўбаку і нашы юныя спартсмены. Працуе аздараўленчы лагер пры дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, дзе яны не толькі аздараўліваюцца, але і працягваюць свае трэніроўкі. Цікавыя прапановы падрыхтаваны для тых дзяцей, якія хацелі б папрацаваць гэтым летам. Сфарміравана 8 лагераў працы і адпачынку. Арганізавана работа 6 студэнцкіх атрадаў з удзелам навучэнцаў школ на базе СВК і лясгаса.
Акрамя таго, мы ўступілі ў актыўны этап падрыхтоўкі устаноў да навучальнага года. Ва ўсіх установах адукацыі праводзіцца бягучы рамонт. Закупляецца мэбля, тэхналагічнае абсталяванне, вядуцца работы па замене сантэхнікі. Завершана работа па рамонце басейна ў яслях-садзе № 4 “Ручаёк” Касцюковіч, і цяпер нашы дашкаляты маюць магчымасць атрымліваць водныя аздараўленчыя працэдуры.
Для таго каб задаволіць запыты бацькоў на атрыманне іх дзецьмі дашкольнай адукацыі, сёлета мы адкрываем новы дзіцячы сад. Зараз вядуцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі ўстановы з удзелам усіх работнікаў сістэмы адукацыі раёна. З 31 ліпеня ў раёне пачне работу міжведамасная камісія па прыёмцы ўстаноў да пачатку навучальнага года.

— Педагогі і школы Касцюковіцкага раёна да пераходу на профільнае навучанне гатовы?
— Педагогі і ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі нашага раёна гатовы да пераходу на профільнае навучанне. На раённым узроўні распрацавана мадэль профільнага навучання. Вывучана гатоўнасць і зацікаўленасць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў арганізацыі профільнага навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Прааналізаваны кадравы патэнцыял. Інфармацыя аб арганізацыі профільнага навучання даведзена да ўсіх зацікаўленых шляхам размяшчэння яе на афіцыйных сайтах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна, інфармацыйных стэндах. Абмеркаваны гэтыя пытанні на педагагічных саветах і бацькоўскіх сходах. Сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службай устаноў адукацыі арганізавана работа па псіхалагічнай і інфармацыйнай падтрымцы навучэнцаў і іх бацькоў у выбары профілю навучання.
У шасці школах раёна з 1 верасня 2015 года будуць адкрыты 9 профільных класаў па трэцяй мадэлі, г.зн. класы, у якіх групы навучэнцаў будуць вывучаць асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні.
Профільнае навучанне з’яўляецца важным фактарам для павышэння якасці адукацыі і неабходнай умовай адукацыйнай пераемнасці ў сістэме школа — установа вышэйшай адукацыі.

Святлана КІРСАНАВА.