Да новых вышынь

Колькасць навучэнцаў сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай упершыню перавысіла 1,5 тысячы.

Дырэктар сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай Канстанцін Шухлеў разам з намеснікамі па вучэбнай рабоце Наталляй Бацюлевай і Алай Матус.

Пабудаваная па ўнікальным архітэктурным праекце, самая маладая (адкрылася ў 2006 годзе) і найбуйнейшая з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Полаччыны ў верасні расчыніла дзверы перад амаль 1,6 тысячы навучэнцаў — больш, чым на паўтары сотні, за леташні паказчык. Імклівы рост напрамую звязаны з актыўнай забудовай мікрараёна, дзе знаходзіцца школа. Як паведаміў яе дырэктар Канстанцін Шухлеў, прыярытэтамі ў рабоце педагагічнага калектыву з’яўляюцца пастаяннае ўдасканальванне адукацыйнай прасторы, арганізацыя камфортных і бяспечных умоў, павышэнне якасці адукацыі, фарміраванне гатовай да ўсвядомленага жыццёвага і прафесійнага самавызначэння асобы, садзейнічанне інтэлектуальнаму, маральнаму, фізічнаму развіццю кожнага навучэнца.

— Па традыцыі, Дзень ведаў школа сустрэла ў абноўленым выглядзе: добраўпарадкавана тэрыторыя, праведзены касметычныя рамонты ўсіх вучэбных кабінетаў, дзе была такая неабходнасць — рэкрэацый, дапаможных памяшканняў, — расказаў Канстанцін Віктаравіч. — На развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ў мінулым навучальным годзе выдаткавана каля 41 тысячы рублёў. Мы набылі новае камп’ютарнае і мультымедыйнае абсталяванне, гэта дазволіць істотна палепшыць якасць адукацыйнага працэсу. Вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі школьнага харчавання — у прыватнасці, нядаўна ўстаноўлена новае тэхналагічнае абсталяванне для харчаблока. Па забяспечанасці спартыўным інвентаром мы лідары ў раёне. Упэўнены, што ў найбліжэйшай перспектыве яна стане 100-працэнтнай. Спартзала ў нас самая вялікая на Полаччыне, часта прымаем у сябе спаборніцтвы абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Сёлета запланавана ўстаноўка новага сучаснага баскетбольнага абсталявання. У педагагічным калектыве працуюць творчыя, захопленыя, зацікаўленыя ў выніках сваёй дзейнасці прафесіяналы. Таму, нягледзячы на зусім юны для ўстановы адукацыі ўзрост, шэрагам нашых перамог і дасягненняў ганарымся не толькі мы, але і раён, вобласць. Напрыклад, на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у 2019/2020 навучальным годзе атрымана 40 дыпломаў і 6 падзяк па 13 вучэбных прадметах — найлепшы вынік сярод школ Полацкага раёна; на трэцім этапе алімпіяды — 6 дыпломаў і падзяка, на заключным, па працоўным навучанні, адзінаццацікласніца Ксенія Янцэвіч заваявала дыплом ІІІ ступені, стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Дастойнае заахвочванне атрымалі настаўніца Таццяна Багданава, якая падрыхтавала пераможцу, і школа — у нас з’явілася магчы­масць набыць швейныя машыны і абсталяванне для кабінетаў кулінарыі. Аб’яднанне па інтарэсах “Робататэхніка” нязменна папулярнае сярод малодшых школьнікаў. Зараз нашы актывы папоўніліся яшчэ двума камплектамі робататэхнікі, разлічанымі на заняткі з навучэнцамі сярэдняга і старшага звяна. У школе многа адметных і разнастайных аб’яднанняў па інтарэсах, але ўсё ж асобна хочацца адзначыць танцавальны калектыў “Вялікі перапынак” пад кіраўніцтвам Ірыны Казлоўскай — спа­дзяёмся, што ў хуткім часе яму будзе прысвоена званне “ўзорны”. Мы разам чакаем гэтую важную для нас падзею.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.