Да пабачэння, школа! Я буду сумаваць…

- 10:23Апошнія запісы

Сёння ва ўсіх школах Беларусі прагучыць апошні званок. У нашай краіне сёлета больш за 87 тысяч дзевяцікласнікаў, адзінаццаты клас школы заканчвае каля 57 800 чалавек. Сярод іх і я, а таксама 29 маіх аднакласнікаў з 11 “А” сярэдняй школы № 12 Мінска.

1 верасня 2005 года сталічная школа № 12 упершыню расчыніла свае дзверы перад будучымі навучэнцамі. З гэтага і пачалася мая гісторыя. 11 гадоў назад мая родная школа-новабудоўля нагадвала мне дзівосны карабель, які вабіў хлопчыкаў і дзяўчынак яркімі фарбамі. У будынак так і хацелася зайсці, такі ён быў прыгожы. Гэта і адбылося. Я была адной з першых, хто пераступіў парог нашай школы ў 2006 годзе.

І вось за плячыма 11 гадоў яркай і насычанай вучобы. Як цікава назіраць за тым, як мы раслі! Праглядаць старыя фотаздымкі або відэа, успамінаць самыя лепшыя школьныя моманты, зноў радавацца дыпломам І ступені, выпадкова знаходзячы іх на паліцах.

Развітвацца цяжка, яшчэ цяжэй — адпускаць. Мая першая настаўніца Святлана Сцяпанаўна Даннаві, якая была апорай у мае першыя 4 школьныя гады, навучыла мяне галоўнаму — вучыцца, здабываць веды. Я памятаю, што да кожнага дзіцяці ў яе быў свой падыход, у яе не было любімчыкаў або нялюбых, усе дзеці для яе былі, быццам свае, родныя. Я лічу Святлану Сцяпанаўну ўзорам першай настаўніцы.

Мая школа не зусім звычайная. З 2008 года яна з’яўляецца апорнай для арганізацыі інтэграванага навучання дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату. Установа абсталявана пандусамі, ліфтамі, асобным гардэробам, санітарнымі пакоямі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У школе ёсць сенсорны пакой, кабінет ЛФК. І мы прывыклі, што побач з намі вучацца асаблівыя дзеці, якім патрэбны наша падтрымка, увага і сяброўства. Лічу вялікім дасягненнем для сябе, што ў школе навучылася разумець патрэбы людзей з інваліднасцю.

У красавіку 2016 года ў сярэдняй школе № 12 Мінска адкрылася музейная экспазіцыя параалімпійскай славы. Экспазіцыя даступна для ўсіх жыхароў горада, яна адзін з самых значных падарункаў навучэнцам, каб прадэманстраваць сілу спорту. Тут праводзяцца экскурсіі як сярод навучэнцаў, так і для ўсіх жадаючых. Я вельмі ганаруся тым, што дырэктарам музейнай экспазіцыі з’яўляецца мая настаўніца гісторыі Вольга Мікалаеўна Крывёнак.

У маёй школе дзейнічае гурток па працоўным навучанні “Выраб адзення з элементамі канструявання і мадэлявання”. З сёмага па адзінаццаты клас я наведвала пазакласныя заняткі па абслуговай працы. Кожны год наша каманда выязджала на дэфіле і фестывалі. Мы ўдзельнічалі ў раённых, гарадскіх і міжнародных конкурсах, такіх як “Блакітная пралеска”, “Экалагічная мода “Галерэя вобразаў” і г.д. Дзякуючы нашай настаўніцы Валянціне Мікалаеўне Багдановіч, у школу з мерапрыемстваў мы прыязджалі толькі з дыпломамі І і ІІ ступені. У канцы навучальнага года мы заўсёды падводзілі вынікі (у сценах школы праходзіць прадметны тыдзень). Упэўнена, што навыкі, якія я набыла, займаючыся ў гуртку, абавязкова спатрэбяцца мне ў будучыні.

Дзякуючы нашай настаўніцы геаграфіі Лізавеце Іванаўне Рыжкоўскай, мы вывучалі свет не толькі па старонках падручнікаў і палітычнай карце, але і ў натуральнай велічыні. На працягу некалькіх гадоў педагог арганізоўвала для нас выязныя турыстычныя паездкі за мяжу. Мы аб’ездзілі шмат краін Еўропы, пабывалі ў Швецыі, Германіі, Латвіі, Літве, Польшчы і Расійскай Федэрацыі. Знаходзячыся разам з Лізаветай Іванаўнай у гарадах, мы вывучалі іх, іх гісторыю. І гэта, на мой погляд, вялікае дасягненне.

Сёння, 30 мая, той дзень, пра які хлопцы і дзяўчаты доўгі час мараць, які чакаюць з нецярпеннем, дзень, у якім самыя частыя фразы “бывайце” і “дзякуй вам за ўсё”. Для дырэктара нашай установы адукацыі Людмілы Міхайлаўны Каровінай апошні школьны званок і выпускны — гэта своеасаблівы рубеж, заканчэнне чарговага этапу ў жыцці і час велізарнай адказнасці. Нам прыемна ўсведамляць, што дырэктар лічыць нас, сёлетніх выпускнікоў, мэтанакіраванымі і годнымі людзьмі.

Школа стала для ўсіх нас не толькі тым месцам, дзе атрымліваюць веды, але і другім домам. Зачыняючы дзверы навучальнай установы, мы пакідаем за сабой яркае і насычанае школьнае жыццё, хоць так не хочам гэтага рабіць, бо ў школе мы сябравалі, дапамагалі адно аднаму, разам перамагалі і радаваліся поспехам. Разам мы жылі.

Нашы дарагія настаўнікі, вы навучылі нас многаму, і мы будзем старацца не падвесці вас. Дзякуем вам за ўсё гэта, шчыра дзякуем!

У добры шлях!

Лізавета КАСТЭНКА,
выпускніца сярэдняй школы № 12 Мінска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.