Да пашырэння электронных паслуг і мабільнага навучання

- 11:55Рознае, Якасць адукацыі

Адукацыйны працэс у межах канцэпцый электроннага і мабільнага навучання, практыка ўкаранення дыстанцыйнага навучання, распрацоўка і развіццё электронных адукацыйных паслуг, павышэнне кваліфікацыі педагогаў — гэтыя і многія іншыя пытанні былі разгледжаны на адкрытай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Дарожная карта інфарматызацыі: ад мэты да выніку”, якая прайшла на базе Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі ў межах VI спецыялізаванай выставы “Адукацыйнае асяроддзе і вучэбныя тэхналогіі — 2014”. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел педагогі Беларусі, Расіі, Малдовы.

— Сучасны працэс інфарматызацыі адукацыі можна ахарактарызаваць як шматгранны, шматвектарны і шматузроўневы. Імклівае з’яўленне новых тэхналагічных рашэнняў, змяненні адукацыйнай практыкі і кампетэнцый сучаснага навучэнца і настаўніка адбываюцца літаральна на вачах. Адной з пляцовак, якая прадастаўляе магчымасць для аналізу вынікаў і вызначэння асноўных напрамкаў далейшага развіцця электроннага навучання ў сістэме адукацыі, ужо другі год у горадзе выступае адкрытая міжнародная канферэнцыя, — адзначыла, адкрываючы мерапрыемства, намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Таццяна Паўлаўна Харужая. — Работа канферэнцыі накіравана на асэнсаванне задач, закладзеных у асноўных дакументах, і перш за ўсё ў канцэпцыі інфарматызацыі сістэмы адукацыі. Згодна з гэтай канцэпцыяй, прымяненне воблачных тэхналогій у сістэме адукацыі дазволіць забяспечыць мабільнасць і актуальнасць адукацыйных рэсурсаў, развіццё сістэмы адзінага электроннага дакументаабароту, дыстанцыйнага і мабільнага навучання, пашырэння магчымасцей сеткавага ўзаемадзеяння. Укараненне ІКТ дасць магчымасць мадэрнізаваць аўтаматызацыю кіравання, якая павінна быць дапоўнена запатрабаванымі электроннымі паслугамі.
Камітэтам па адукацыі сумесна з МГІРА праведзена работа па распрацоўцы новай гарадской праграмы “Інфарматызацыя сістэмы сталічнай адукацыі”. У якасці яе прыярытэтных напрамкаў можна вылучыць, па-першае, развіццё інфраструктуры інфарматызацыі, укараненне сучаснай камп’ютарнай і мультымедыйнай тэхнікі, мабільных прылад у вучэбны працэс, развіццё тэлекамунікацыйнай інфраструктуры, у тым ліку бесправаднога, хуткаснага доступу да сеткі інтэрнэт, забеспячэнне ліцэнзійным праграмным забеспячэннем. Па-другое, прыярытэтным з’яўляецца развіццё гарадской сістэмы адукацыйных інфармацыйных рэсурсаў, мадэрнізацыя і распрацоўка гарадскіх баз даных кіраўніцкага напрамку, сістэмы дыстанцыйнага навучання, а таксама ўкараненне і развіццё электронных інфармацыйных паслуг на аснове воблачных тэхналогій, укараненне ў дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі электронных журналаў і дзённікаў, электронных дакументаў навучэнцаў на аснове пластыкавых смарт-картак.
Як адзначалася, значная роля ў ажыццяўленні працэсаў інфарматызацыі адводзіцца Мінскаму гарадскому інстытуту развіцця адукацыі. З верасня 2013 года ў структуры інстытута функцыянуе новае падраздзяленне — факультэт павышэння кваліфікацыі ў сферы інфармацыйных тэхналогій, які забяспечвае стварэнне і развіццё бесперапыннай сістэмы дадатковай адукацыі дарослых па развіцці інфармацыйнай культуры і ІКТ-кампетэнтнасці кіраўнікоў і спецыялістаў устаноў адукацыі горада. У межах дзейнасці факультэта атрымалі развіццё такія напрамкі, як дыстанцыйнае павышэнне кваліфікацыі, сеткавае ўзаемадзеянне па абмене педагагічным вопытам, інавацыйная эксперыментальная дзейнасць, супрацоўніцтва з вядучымі ў галіне ІКТ УВА і Паркам высокіх тэхналогій. Для збліжэння навукі і практыкі, рэалізацыі дзейснага падыходу з гэтага года на базе школы-новабудоўлі № 61 Мінска пачне сваю работу філіял кафедры інфармацыйных тэхналогій у адукацыі МГІРА. Гэта дазволіць пашырыць магчымасці для прафесійнага развіцця педагогаў, прафарыентацыйнай работы навучэнцаў у галіне ІКТ.

Галоўная ідэя канцэпцыі інфарматызацыі сістэмы адукацыі — мабільнасць, прыцягненне ў адукацыйны працэс не толькі настаўнікаў, навучэнцаў, але і іх бацькоў, стварэнне такой інфармацыйна-адукацыйнай прасторы, у якой адначасова могуць працаваць з інфармацыйным рэсурсам усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу.
Па словах дырэктара галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Мікалая Ізмайлавіча Лістапада, у сучасным інфармацыйным грамадстве працэсы глабалізацыі прывялі да з’яўлення новай адукацыйнай парадыгмы, адметнай прыкметай якой з’яўляецца камерцыялізацыя адукацыі, якая ў пэўным сэнсе выцясняе выхаваўчую функцыю. Адбываецца замена адукацыі “адукацыйнай паслугай” з перавагай сродкаў вытворчасці — камп’ютарызаваных сродкаў навучання, якія замяняюць выкладчыка і яго асабістую працу на паслугі цьютара. Электронныя паслугі ў сістэме адукацыі Беларусі можна ўмоўна падзяліць на дзве групы: платныя адукацыйныя паслугі і іншыя інфармацыйныя паслугі. Да першай групы адносіцца ўсё тое, што звязана з паслугамі па арганізацыі адукацыйнага працэсу. Так, практычна ўсё, што мае дачыненне да дыстанцыйнага навучання, рэалізоўваецца ў нас на платнай аснове. Да другой групы адносяцца інтэрнэт-рэсурсы і аўтаматызаваныя сістэмы: інтэрнэт-партал цэнтралізаванага тэсціравання, сайт метадычнай падтрымкі пачатковай адукацыі, сайт ІТ-сертыфікацыі і г.д.
У рэспубліцы распрацавана і ўкаранёна методыка інтэграцыі існуючых інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў сістэмы адукацыі ў воблачную інфраструктуру з мэтай развіцця сістэмы аказання электронных паслуг. Распрацаваны і прайшоў апрабацыю ў Заводскім раёне Мінска доследны ўзор інфармацыйнай сістэмы электроннай рэгістрацыі для атрымання месца ва ўстановах дашкольнай адукацыі. У 11 сталічных установах адукацыі праводзіцца эксперымент па пераходзе навучэнцаў да выкарыстання электронных дзённіка і журнала, а таксама электроннага білета навучэнца. У БДУ распачата работа па выдачы ўніверсальнага электроннага білета студэнта, пасведчання выкладчыка і супрацоўніка ўніверсітэта.

На думку М.І.Лістапада, у ажыццяўленні працэсаў інфарматызацыі сістэмы адукацыі існуе шэраг праблем, якія патрабуюць новых падыходаў да іх вырашэння. Па-першае, гэта адсутнасць сістэмнасці і комплекснасці ў вырашэнні задач інфарматызацыі адукацыі. Па-другое, сістэма кіравання працэсамі інфарматызацыі ў сферы адукацыі дастаткова ўмоўная і размытая, адсутнічае дакладнае размежаванне функцый, не выбудавана сістэма падпарадкавання. Па-трэцяе, для функцыянавання ІКТ-інфраструктуры устаноў адукацыі, якая пастаянна развіваецца, патрабуюцца кваліфікаваныя ІТ-спецыялісты, дэфіцыт якіх рэзка адчуваецца ва ўсіх галінах. Па-чацвёртае, ІКТ практычна не выкарыстоўваюцца ў сістэме кіравання адукацыяй, а там, дзе яны ўсё ж такі прымяняюцца, гэтае прымяненне не заўсёды эфектыўнае, вырашае толькі пэўныя вузкія задачы. Так, пастаянна ўзрастаючы дакументаабарот застаецца папяровым, не поўнасцю аўтаматызаваны збор і апрацоўка статыстычнай інфармацыі, што не дае магчымасці ствараць аналітычныя сістэмы, сістэмы падтрымкі прыняцця рашэнняў. Выкарыстанне разнароднага, часам неліцэнзаванага праграмнага забеспячэння, яго састарэлых версій, а таксама недастатковая камп’ютарная пісьменнасць педагогаў часта прыводзяць да збояў і немагчымасці выкарыстання ў поўнай меры ІКТ у кіраванні адукацыяй.
Па меркаванні М.І.Лістапада, у далейшым неабходна распрацоўваць сістэматычны падыход да прымянення ІКТ для павышэння эфектыўнасці і якасці вучэбнага працэсу і яго вынікаў на ўсіх узроўнях адукацыі на аснове інтэграцыі ІКТ і педагогікі. Таму ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі павінны сёння засяродзіцца на вырашэнні праблем падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі настаўнікаў у галіне ІКТ і інавацыйных педагагічных метадаў распрацоўкі вучэбных планаў, праграм новага тыпу; стварэнні сетак і адукацыйных супольнасцей для кансалідацыі вопыту і педпрактыкі. Звычайнай практыкай павінна стаць выкарыстанне электронных дзённікаў і журналаў; а таксама пераход на электронны дакументаабарот і адмаўленне ад папяровых носьбітаў.
— Укараненне ІКТ на ўсіх узроўнях адукацыі павінна быць забяспечана як тэхналагічна — шляхам замацавання матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі і развіцця сеткавай інфраструктуры, так і метадычна — шляхам выпрацоўкі і ўкаранення метадалагічных прынцыпаў выкарыстання ІКТ, нацыянальных і сусветных электронных адукацыйных рэсурсаў у адукацыйны працэс, — лічыць дырэктар ГІАЦ.

Інфармацыйныя тэхналогіі імкліва развіваюцца, з’яўляюцца новыя інструменты і дадаткі, праграмы і сэрвісы. Маладое пакаленне “лічбавых абарыгенаў” падхоплівае ўсё літаральна на ляту, і выкладчыкі павінны не толькі ісці ў нагу з імі, але і апераджаць, каб мець магчымасць падтрымліваць прэстыж сваёй прафесіі. Вопытам работы па падрыхтоўцы будучых настаўнікаў праз выкарыстанне патэнцыялу змешанага навучання падзялілася намеснік дэкана факультэта замежных моў і рэгіёназнаўства, доктар філалагічных навук, прафесар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава Ала Леанідаўна Назаранка.
Канцэпцыя курса “ІКТ у лінгвадыдактыцы” заключаецца ў тым, каб навучыць выкарыстанню ІКТ на аснове навукова-метадычнай тэорыі з адначасовым прымяненнем яе на практыцы. Гэты курс прапаноўваецца студэнтам 2 і 4 курсаў. Ён быў апрабаваны ў якасці курса павышэння кваліфікацыі для школьных настаўнікаў. Кожны кампанент курса складаецца з дзвюх частак: першая ўяўляе сабой увасабленне традыцыйнага падыходу да тэарэтычнага навучання — аўдыторныя заняткі ў выглядзе лекцый, а другая — інавацыйна-тэхналагічны кампанент — прадугледжвае прымяненне тэорыі на практыцы ў дыстанцыйным рэжыме. Прычым традыцыйны кампанент дапоўнены віртуальным адукацыйным асяроддзем, каб забяспечыць рэгулярную самастойную работу студэнтаў. Студэнтам прапаноўваюцца як інтэрактыўныя лекцыі, так і практычныя работы пад кіраўніцтвам выкладчыка. Абмеркаваць тыя ці іншыя пытанні педагогі могуць у раздзеле “Дыскусія”.
— Вынікі праходжання студэнтамі гэтага курса паказваюць, што змешанае навучанне — гэта рэальны шлях да аптымізацыі, перабудовы вучэбнага працэсу, які характарызуецца свабодным доступам студэнтаў да ўсіх неабходных вучэбных рэсурсаў і матэрыялаў, прадстаўленых у віртуальнай адукацыйнай прасторы, гнуткасцю, інтэнсіўнасцю. Выкарыстанне змешанага навучання садзейнічае змяненню характару і індывідуальнага стылю навучання студэнтаў, — адзначыла А.Л.Назаранка.

Дыстанцыйнае навучанне заваёўвае ў свеце ўсё большую папулярнасць. У нашай краіне аднымі з першых гэтую форму пачалі выкарыстоўваць у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Аб вопыце арганізацыі дыстанцыйнай формы атрымання адукацыі расказаў дэкан факультэта бесперапыннага і дыстанцыйнага навучання, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Васіль Міхайлавіч Бандарык. Па яго словах, ва ўніверсітэце ў 2002 годзе быў створаны цэнтр дыстанцыйнага навучання, і першы набор студэнтаў па новай форме навучання склаў 65 чалавек. Спачатку традыцыйнага размеркавання студэнтаў па курсах, г.зн па гадах вучобы, для ДН не існавала, а меўся толькі пералік дысцыплін і аб’ём ведаў па кожнай з іх, які неабходна было засвоіць. Кожны студэнт мог выбраць для адначасовага навучання да пяці дысцыплін, а пасля паспяховага іх засваення перайсці да наступнага прадметнага блока. На вывучэнне кожнага блока адводзілася да двух гадоў. Са з’яўленнем ў 2009 годзе факультэта бесперапыннай і дыстанцыйнай адукацыі вучэбны працэс быў арганізаваны з прывязкай да курсаў у адпаведнасці з вучэбнымі планамі спецыяльнасцей, з агульным тэрмінам навучання да 6 гадоў. Толькі ў 2014 годзе амаль 100 выпускнікоў атрымалі дыпломы дзяржаўнага ўзору. З 2013 года ў сувязі з пераходам на новыя адукацыйныя стандарты тэрмін навучання па дыстанцыйным навучанні складае 5 гадоў, але ён можа быць скарочаны да 4 гадоў пры складанні індывідуальнага графіка навучання. У 2014 годзе БДУІР вядзе падрыхтоўку па дыстанцыйнай форме па 11 спецыяльнасцях эканамічнага і ІТ-профіляў. Сёлета па дзвюх спецыяльнасцях ІТ-профілю пачата падрыхтоўка на англійскай мове. З 2015 года плануецца адкрыццё набору выпускнікоў каледжаў па інтэграваных планах са скарачэннем тэрміну навучання да 3,5—4 гадоў.
— Развіццё дыстанцыйнай формы навучання — адзін са шляхоў інтэграцыі ўніверсітэта ў сусветную інфармацыйную сістэму, павышэння міжнароднай канкурэнтаздольнасці і прыцягальнасці, — мяркуе В.М.Бандарык.

Вынікі сертыфікацыі, неабходнасць скарачэння каляндарных тэрмінаў вочнага навучання з’яўляюцца перадумовай для планавання і арганізацыі павышэння кваліфікацыі педкадраў у дыстанцыйнай (змешанай, вочна-завочнай) форме і ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (Беларусь). Практыка выкарыстання дыстанцыйнай формы тут з гожным годам пашыраецца (2012 год — 50 слухачоў, 2013 — 291, 2014 — 750). Тэматыка дыстанцыйных курсаў вельмі разнастайная. Так, на развіццё ІТ-кампетэнтнасці педагогаў накіраваны курсы: “Педагогіка і тэхналогія дыстанцыйнага навучання”, “Выкарыстанне ІКТ у навучанні”, “Выкарыстанне электронных сродкаў навучання ў выкладанні англійскай мовы” і інш.
Прарэктар па вучэбнай рабоце АПА, дацэнт кафедры сучасных методык і тэхнічнай адукацыі, кандыдат фізіка-матэматычных навук Ірына Аляксандраўна Дзюба расказала прысутным аб сеткавым праекце па сертыфікацыі ІТ-кампетэнтнасці педагогаў, які больш чым пяць гадоў рэалізоўваецца ў акадэміі. Сертыфікацыйныя экзамены праводзяцца ў трох катэгорыях (“Вучэбна-выхаваўчая работа”, “Адміністрацыйная работа”, “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі”) і маюць двухкампанентную структуру. Першая частка ўяўляе сабой камп’ютарнае тэсціраванне, якое дазваляе выявіць ступень валодання тэарэтычнымі ведамі ў галіне ІКТ. Другая частка прадугледжвае выкананне комплекснай работы, якая дазваляе вызначыць здольнасць спецыяліста прымяняць розныя камп’ютарныя тэхналогіі для рашэння практычных задач. Як паказала практыка, асаблівыя пытанні выклікаюць у педагогаў аўтаматызацыя работы з рэдактарам Microsoft Word, работа з формуламі ў Microsoft Excel, інтэграцыя дакументаў розных фарматаў, пошук інфармацыі ў інтэрнэце, асновы работы з базамі даных, спецыялізаванымі праграмнымі і мультымедыйнымі сродкамі. На сёння сертыфікаты выдадзены амаль 60 000 педагагічным работнікам рэспублікі.
У бліжэйшай будучыні ў АПА плануецца мадэрнізацыя сістэмы ІТ-сертыфікацыі з мэтай рэалізацыі новых тэндэнцый у сферы інфарматызацыі адукацыі, выкарыстанне воблачных сэрвісаў і мабільных прылад у навучанні.

* * *

Пленарнае пасяджэнне канферэнцыі было працягнута на пяці секцыях: “Электронная школа вачыма навучэнца”, “Распрацоўка і развіццё электронных адукацыйных рэсурсаў”, “Практыка ўкаранення дыстанцыйнай формы атрымання адукацыі: розныя ўзроўні асноўнай адукацыі”, “Адукацыйны працэс у межах электроннага і мабільнага навучання”, “Павышэнне кваліфікацыі педагагічных і кіраўніцкіх работнікаў у сферы інфарматызацыі адукацыйнага працэсу”. Удзельнікі канферэнцыі мелі магчымасць наведаць майстар-класы з выкарыстаннем ІКТ у адукацыйным працэсе.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.