Да паспяховага навучання праз асяроддзе Scratch

- 14:28Навіны рэгіёнаў

Сучасныя рэаліі, пастаянныя змены ў грамадстве ставяць новыя мэты перад сістэмай адукацыі, навучальнымі ўстановамі, настаўнікамі. Сёння недастаткова толькі перадаць вучню пэўныя веды. Значна больш важна падрыхтаваць яго да далейшага жыцця. Бо зараз, каб быць паспяховым, патрэбен ужо не толькі набор ведаў, а яшчэ і ўменне самастойна вывучаць нешта новае, знаходзіць крэатыўнае рашэнне нестандартнай задачы. Здольнасць крэатыўна думаць і дзейнічаць важная як ніколі раней. І педагогам неабходна імкнуцца да пошуку тэхналогій, якія дазволяць прывіць вучням гэтыя навыкі. Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 40 Магілёва Валянціна Васільеўна Музарава рэалізуе гэтае патрабаванне часу праз прымяненне адукацыйнага асяроддзя Scratch.

Яшчэ не так даўно Валянціна Васільеўна была далёкая ад сучасных інфармацыйных тэхналогій. Доўгі час яна была занятая выхаваннем уласных дзяцей. Да педагагічнай дзейнасці вярнулася ўсяго 4 гады назад.

— Зараз я выкладаю ў 2 класе. Калі набірала клас, запыталася ў бацькоў; якія факультатывы будуць цікавыя іх дзецям. Аказалася, што большасць вучняў захоплены інфарматыкай. Гэта мяне крыху збянтэжыла, бо каб арганізаваць такія факультатыўныя заняткі, мне трэба асвойваць гэтую вучэбную дысцыпліну. Задача была не з лёгкіх. Але неўзабаве я знайшла інфармацыю аб вучэбных курсах Парка высокіх тэхналогій. На іх педагогі могуць прайсці навучанне праграмаванню ў асяроддзі Scratch, — расказала В.В.Музарава.

Сертыфікат аб паспяховым заканчэнні вучэбных курсаў даў Валянціне Васільеўне магчымасць арганізаваць для сваіх вучняў факультатыў па Scratch.

— Парк высокіх тэхналогій даў усім педагогам, якія скончылі курс, адкрыты доступ да ўсіх вучэбных матэрыялаў для правядзення факультатыву на сайце scratch.by. Мы з дзецьмі пачалі заняткі з першага тыдня гэтага навучальнага года. Scratch-асяроддзе адразу захапіла навучэнцаў, — адзначыла В.В.Музарава.

І гэта нядзіўна, бо на занятках дзеці вучацца ствараць інтэрактыўныя гісторыі, гульні і мультфільмы, маляваць коміксы і рабіць копіі любімых гульняў, у іх фарміруюцца навыкі распрацоўкі, тэсціравання і наладкі нескладаных праграм, уменні ствараць і праграмаваць уласны праект. Scratch-асяроддзе добра развівае лагічнае мысленне, а таксама навыкі малявання і праектавання інтэрфейсаў. Усе гэтыя веды вучні атрымліваюць у гульнявой форме і прымяняюць іх у сваіх праектах з разуменнем і асэнсаваннем.

— Па меры вывучэння праграмавання на мове Scratch у дзяцей фарміруюцца ўпэўненыя навыкі работы з камп’ютарам. Хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца выкарыстоўваць камп’ютар для вырашэння розных задач: стварэння гульняў, прэзентацый да ўрокаў, уласных праектаў. Такім чынам дзеці, замест звычайных карыстальнікаў камп’ютарных праграм становяцца іх стваральнікамі і аўтарамі. Гэта робіць іх больш актыўнымі, самастойнымі, матывуе на далейшае вывучэнне праграмавання, — паведаміла Валянціна Васільеўна. — Многія праграмісты лічаць, што Scratch — гэта своеасаблівая “гульнявая” мова праграмавання. З аднаго боку, гэта так. Але дзеці з дапамогай Scratch у форме гульні асвойваюць асновы алгарытмікі, логікі, ствараюць свае першыя праграмы, тэсціруюць свае лічбавыя тварэнні, што было б немагчыма зрабіць з высокаўзроўневымі мовамі праграмавання. Усё гэта стварае неверагодную атмасферу паспяховасці. Вядома, большасць дзяцей, якія вывуча­юць Scratch, не стануць потым праграмістамі. Але навучанне праграмаванню дазваляе ім добра разумець, як працу­юць новыя тэхналогіі. Незалежна ад таго, кім хоча ­стаць дзіця ў будучыні, уменне праграма­ваць на Scratch дазволіць яму ўмець плана­ваць свае дзеянні і знахо­дзіць неабходную інфармацыю для вырашэння любых жыццёвых задач.

Зараз факультатыў па Scratch наведваюць 8 вучняў В.В.Музаравай. Гэта больш як трэць яе класа. Заняткі для іх Валянціна Васільеўна праводзіць штотыдзень па пятніцах. Гэтага дня дзеці заўсёды чакаюць з нецярпеннем. Адлічваюць час, плануюць, якія задачы будуць вырашаць у ходзе чарговага ўрока. У навучэнцаў ужо ёсць і першыя дасягненні.

— За няпоўны навучальны год дзеці навучыліся ствараць свае маленькія праекты. Напрыклад, віншавальную паштоўку да 8 Сакавіка, на якой шарыкі мяняюць свой колер. Важна, што Scratch развівае ў дзяцей алгарытмічнае мысленне. Гэта дапамагае асваенню многіх іншых ведаў і навыкаў, у тым ліку і школьных прадметаў. Вучні паспяхова ўдзельнічаюць у інтэрнэт-алімпіядах па матэматыцы, — расказала В.В.Музарава.

У імкненні даць больш ведаў сваім навучэнцам Валянціна Васільеўна мэтанакіравана займаецца ўласным прафесійным развіццём. Яна актыўна дзеліцца вопытам выкарыстання Scratch-асяроддзя з калегамі і працягвае самаразвівацца. У сту­дзені стала ўдзельніцай штогадовай канферэнцыі Scratch Conference Belarus 2020 у Мінску, дзе прысутнічалі настаўнікі з усёй Беларусі, якія вучаць школьнікаў праграмаванню ў асяроддзі Scratch.

— Такія мерапрыемствы неверагодна матывуюць на прафесійны рост, дапамагаюць набываць новыя веды. Так, на канферэнцыі Scratch Conference Belarus 2020 мне ўдалося пагутарыць з вядомым расійскім Scratch-евангелістам Дзянісам Голікавым, — адзначыла В.В.Музарава.

У планах Валянціны Васільеўны — працягваць далучаць сваіх вучняў да асяроддзя праграмавання Scratch. У перспектыве яна хоча аб’яднаць Scratch і кіраванне дронамі.

— У нас дома ёсць невялікі школьны дрон, прызначаны для палётаў у закрытых памяшканнях, які можна праграмаваць на чатырох мовах праграмавання: Scratch, Python, JavaScript і Swift. Зараз я вучуся праграмаваць палёт дрона на Scratch, каб мае вучні змаглі прымяніць на практыцы свае веды. Дзеці любяць дроны, для іх гэта як невялікі НЛА! Прымяненне Scratch для кіравання дронамі — гэта вельмі перспектыўна, у нейкай ступені гэта прафесія будучыні. У найбліжэйшы час планую прайсці навучанне праграмаванню ў асяроддзі Scratch на мікракантролерах Micro:bit, на якіх мы з навучэнцамі зможам зрабіць дзясяткі розных праектаў. Ёсць у нас і больш маштабныя задумы. Разам з мужам Андрэем мы стварылі свой праект “Школа праграмавання DRONNY”, з якім цяпер ­удзельнічаем у рэспубліканскім конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend. Наш праект ужо выйшаў у чвэрцьфінал. Калі ўдасца перамагчы, то мы зможам стварыць унікальную для Магілёва школу, дзе дзеці будуць вучыцца праграмаванню і харэаграфіі дронаў, — падзялілася планамі В.В.Музарава.

Валянціна Васільеўна пераканана: за сучаснымі тэхналогіямі — будучыня. У XXI стагоддзі большасць людзей будзе вывучаць не замежныя мовы, а мовы праграмавання. Ужо зараз праграмы ахопліваюць усе бакі жыцця кожнага з нас: пачынаючы ад будзільніка на мабільным тэлефоне раніцай, навігатара ў машыне і заканчваючы праграмамі ў бытавых прыборах. Становіцца відавочным, што гадоў праз 10 умець праграмаваць трэба будзе практычна ў любой прафесіі. Для Валянціны Васільеўны гэта галоўная матывацыя право­дзіць заняткі па Scratch. Дзякуючы ім яе вучні стануць высокаразвітымі паспяховымі людзьмі будучыні.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва В.В.Музаравай.