Да павышэння прафесійнай кампетэнтнасці — актыўна

- 10:40Навіны рэгіёнаў

Галоўная задача любой навучальнай установы — якасная і эфектыўная арганізацыя адукацыйнага працэсу. Галоўны фактар у дасягненні гэтай мэты — педагогі. Калі настаўнік валодае неабходнай прафесійнай кампетэнтнасцю, то і адукацыйны працэс будзе арганізаваны на належным узроўні. У гэтым перакананы спецыялісты Дрыбінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.

—Сёння настаўнік павінен валодаць сучаснымі тэхналогіямі, метадамі навучання і выхавання, быць гатовым да ўвядзення ў практыку работы розных інавацый. Таму за апошнія гады спецыялістамі вучэбна-метадычнага кабінета выбудавана сістэма работы, накіраваная на ўсебаковае павышэнне кваліфікацыі і прафесійнага майстэрства кожнага асобнага педагога і калектываў устаноў адукацыі ў цэлым, — расказала загадчык РВМК Л.В.Тарасенка.

Паводле яе слоў, апошнія гады быў істотна зменены падыход да метадычнай падтрымкі педагогаў. Ключавым момантам стала не проста назапашванне пэўных прафесійных ведаў, а авалоданне новымі адукацыйнымі тэхналогіямі на практыцы.

— Дасягнуць гэтага магчыма толькі праз актыўныя формы ўзаемадзеяння з педагогамі. Мы распрацавалі шэраг мерапрыемстваў, многія з якіх ужо сталі традыцыйнымі. Гэта фестывалі “Прызванне — педагог”, “Вопыт і маладосць побач і разам”, конкурсы прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года”, парад факультатыўных заняткаў, дзень па вучэбных прадметах “Кожны выбірае для сябе”, дзень навукі “Натхненне. Творчасць. Вынік”. Мы ўвялі ў практыку метадычнай работы такую актыўную форму, як стэндавая прэзентацыя. Гэтая методыка дае магчымасць пераводзіць педагогаў на пазіцыю “актыўны ўдзельнік”, фарміруе навык прэзентацыі вопыту ўласнай педагагічнай дзейнасці і спрыяе папаўненню метадычнай скарбонкі, — адзначыла Л.В.Тарасенка. — Стэндавая прэзентацыя трывала ўвайшла ў фармат большасці метадычных мерапрыемстваў у нашым раёне. Такую форму работы мы выкарыстоўваем пры правядзенні пасяджэнняў творчых груп “Вяршыні майстэрства” і “Педагагічны вопыт”, школы маладога настаўніка, метадычных аб’яднанняў, пры правядзенні дня факультатыўных заняткаў і дня метадычных ідэй. Стэндавая прэзентацыя стала асновай гэтых пасяджэнняў і даказала сваю эфектыўнасць, — дадала загадчык РВМК.

За некалькі гадоў актыўнага прымянення стэндавай прэзентацыі ў спецыялістаў Дрыбінскага вучэбна-метадычнага кабінета склалася дзейсная структура правя­дзення раённых мерапрыемстваў у гэтым фармаце. Кожнае мерапрыемства складаецца з трох блокаў: эмацыянальна-матывацыйнага, практычнага і рэфлексіўнага.

— У эмацыянальна-матывацыйным блоку тры складнікі: сустрэча гасцей, хвіліна славы і метадычныя практыкаванні. Практычны блок — гэта прэзентацыя вопыту педагагічнай дзейнасці. Вынік кожнага мерапрыемства — рэфлексіўны блок. Менавіта ён дапамагае кожнаму ўдзельніку правесці самааналіз убачанага і пачутага, зрабіць пэўныя высновы, намеціць шляхі ўдасканалення адукацыйнага працэсу ў сваёй установе адукацыі, змяніць падыходы да сваёй педагагічнай дзейнасці, — падкрэсліла Любоў Васільеўна.

У якасці прыкладу Л.В.Тарасенка падрабязна расказала аб правядзенні стэндавай абароны-прэзентацыі метадычнага прадукту “Чацвёрты клас — гэта творчасць, знаходкі, вопыт і…”, у якой прынялі ўдзел 37 настаўнікаў пачатковых класаў з усяго раёна. Эмацыянальна-матывацыйным блокам стала адкрыццё мерапрыемства. Музычнае суправаджэнне, цёплыя і душэўныя словы ў адрас удзельнікаў — усё гэта падкрэсліла значнасць і запатрабаванасць прафесіі настаўніка пачатковай школы. У гэтым блоку ўдзельнікі раённага мерапрыемства азнаёміліся з матэрыяламі выставы “Кожны ўрок — сумесная творчасць”, прынялі ўдзел у практыкаванні “А інакш і быць не магло”.

Практычным блокам стала непасрэдна абарона-прэзентацыя. Асобныя настаўнікі прадставілі калегам розныя метадычныя прадукты ў форме кластара. Важна, што абарона-прэзентацыя была тэматычна падзелена. Удзельнікам прапаноўваліся практыкаванні, накіраваныя на фарміраванне прадметных і агульнапедагагічных кампетэнцый: “Дзевяць не, а…”, работа ў групах “Асацыяцыі з першай літарай”, складанне карціннага калажу “Настаўнік пачатковых класаў — гэта…”, творчая лабараторыя “Ведаем. Умеем. Прэзентуем”.

— У практычным блоку таксама былі праведзены хвіліны ўшанавання “Першы настаўнік”. Кожнаму настаўніку 4-х класаў былі ўручаны прыгожа аформленыя паштоўкі з індывідуальнымі словамі падзякі за іх працу, прафесіяналізм, творчы падыход да арганізацыі адукацыйнага працэсу. Прагляд музычнага відэароліка “Якое шчасце проста жыць…” стаў матывацыяй на ўсведамленне педагагічнымі работнікамі свайго месца ў гэтым свеце, разуменне значнасці прафесіі настаўніка, уменне радавацца жыццю і ўсяму, што нас акружае. Рэфлексія яшчэ раз падкрэсліла важнасць у дзейнасці кожнага настаўніка наступных слоў: захапляйце, стварайце, матывуйце, заахвочвайце, верце, прапануйце. Выказваючы свой пункт гледжання, педагогі абапіраліся на вопыт уласнай педагагічнай практыкі і вопыт калег, прадстаўлены ў ходзе прэзентацыі метадычнага прадукту, — патлумачыла Л.В.Тарасенка.

На яе думку, выкарыстанне стэндавай прэзентацыі істотна пашырае магчымасці па ўдасканаленні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. Гэтая актыўная форма ўзаемадзеяння дазваляе эфектыўна прадставіць вопыт як канкрэтнага настаўніка, так і ўсяго педагагічнага калектыву. Яшчэ адзін значны плюс методыкі — дасканалае азнаямленне з перадавым педагагічным вопытам, што спрыяе яго далейшаму распаўсюджванню і ўкараненню.

— Такім чынам, стэндавая прэзентацыя спрыяе фарміраванню настаўніка як асобы і прафесіянала ў сучасных умовах развіцця адукацыі. Педагогі ўключаюцца ў самастойны пошук метадычных рашэнняў з улікам спецыфікі сваіх навучальных устаноў. Абапіраючыся на вопыт калег, настаўнік фарміруе сваю ўласную сістэму работы, свой індывідуальны стыль педагагічнай дзейнасці, — падкрэсліла Любоў Васільеўна.

У Дрыбінскім раённым вучэбна-метадычным кабінеце перакананы: укараненне ў метадычную работу з педагогамі актыўных форм узаемадзеяння — патрабаванне часу. Такі падыход сапраўды павышае прафесійны ўзровень настаўнікаў. Педагогі больш выразна ўсведамляюць сучасныя патрабаванні да адукацыі, актыўна праяўляюць ініцыятыву, павышаецца іх матывацыя да творчага пошуку. А гэта менавіта той фактар, які павінен прывесці да павышэння якасці вучэбна-выхаваўчага працэсу ва ўстановах адукацыі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены Дрыбінскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.