Найстаражытнейшая беларуская вайсковая рэліквія вярнулася ў Полацк
Перадача гістарычнага сцяга Полацкага кадэцкага корпуса імя генерал-лейтэнанта Р.І. Кандраценкі яго правапераемніку і прадаўжальніку традыцый — Полацкаму кадэцкаму вучылішчу — адбылася на цэнтральнай плошчы горада 5 верасня. У цырымоніі прынялі ўдзел выконваючы абавязкі дзяржсакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Станіслаў Зась, старшыня праўлення Міжнароднай асацыяцыі “Кадэцкае братэрства” генерал-палкоўнік Пётр Чавус, архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Уладыка Феадосій, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў, Віцебскага аблвыканкама і Полацкага райвыканкама.
Сведкамі вяртання на родную зямлю гістарычнай і воінскай святыні, сімвала славы і гонару полацкіх кадэтаў, сталі прадстаўнікі вайсковых часцей, кадэцкіх вучылішчаў нашай краіны, навучэнцы VI—IX класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада і будучыя педагогі — студэнты Полацкага каледжа Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Асаблівы святочны настрой на працягу цырымоніі і пасля яе завяршэння падтрымліваў ваенны аркестр Ганаровай варты ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.Полацкі кадэцкі корпус з’яўляўся пачатковай ваенна-адукацыйнай установай Расійскай імператарскай арміі, якая рыхтавала дзяцей і падлеткаў да ваеннай службы. Адкрыты ў 1835 па загадзе Мікалая I, ён размяшчаўся ў будынках езуіцкай акадэміі і кляштара XVIII стагоддзя (зараз там знаходзяцца аўдыторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта). Будучых кадэтаў ва ўзросце ад 12 да 14 гадоў набіралі з дваранскіх сем’яў Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай і Смаленскай губерняў. У штат корпуса ўваходзілі грэнадзёрская, дзве мушкецёрскія і неранжыраваная роты. Першы выпуск афіцэраў адбыўся ў 1857 годзе. У 2006 годзе ў Полацку на базе сярэдняй школы № 4 адкрыўся першы кадэцкі клас. У 2010 годзе Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам быў падпісаны Указ аб адраджэнні ў краіне кадэцкага руху. Тады ж, у год 175-годдзя Полацкага кадэцкага корпуса, было арганізавана Полацкае кадэцкае вучылішча.
— З абсалютнай упэўненасцю можна сказаць, што пяць гадоў назад было прынята правільнае дзяржаўнае рашэнне. Навучэнцы кадэцкіх вучылішчаў атрымалі вельмі добрыя магчымасці для атрымання якаснай адукацыі, духоўнага, інтэлектуальнага ўдасканалення, — адзначыў Станіслаў Зась. — Важна, што гэтыя ўстановы адукацыі нацэлены на патрыятычнае выхаванне, падрыхтоўку да службы ў войску.
— Сцяг Полацкага кадэцкага корпуса для нас сімвал, таму што сучасныя сувораўскія і кадэцкія вучылішчы ствараліся па ўзоры кадэцкіх карпусоў, — расказаў Пётр Чавус. — Датаваны 1844 годам, сцяг фактычна з’яўляецца самай старажытнай беларускай вайсковай рэліквіяй. Справай гонару для нас было знайсці яе і вярнуць на Радзіму.Доўгі час святыня лічылася страчанай. І толькі ў канцы мінулага стагоддзя высветлілася, што дзякуючы мужнасці і самаадданасці кадэтаў яе ўдалося зберагчы. У верасні 1914 года ў ходзе Першай сусветнай вайны сцяг быў эвакуіраваны з Полацка ў Сімбірск. У 1918 годзе ўзнікла пагроза яго знішчэння. Двое кадэтаў, якія ўначы зрэзалі палотнішча з дрэўка і перадалі яго сястры міласэрнасці, былі за гэта расстраляныя бальшавікамі. Сцяг удалося вывезці за мяжу, дзе ён знаходзіўся спачатку ў Югаславіі, а потым у ЗША. Спробы вярнуць рэліквію рабіліся на працягу 15 апошніх гадоў. У маі мінулага года ў горадзе Белая Царква (Сербія) дэлегацыя нашай краіны атрымала адноўленую копію сцяга з ушытымі фрагментамі арыгінала, па вайсковай традыцыі асвячоную на старажытным палотнішчы. Сцяг быў перададзены на часовае захоўванне ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а цяпер, нарэшце, вярнуўся ў родны горад.
Традыцыйна ў рускай арміі цырымонія ўручэння (перадачы) сцяга пачыналася з рытуалу прымацавання палотнішча да дрэўка. Па вяртанні сцяга ў Беларусь рытуал быў праведзены, але не завершаны: апошні цвік у дрэўка вырашылі прыбіць менавіта ў Полацку. Гэтае ганаровае права было прадастаўлена старшыні Полацкага райвыканкама Мікалаю Шаўчуку. Звяртаючыся да палачан і гасцей горада, кіраўнік раённай выканаўчай улады падкрэсліў, што вяртанне сцяга на радзіму — сведчанне вайсковай пераемнасці і сувязі пакаленняў, важная гістарычная падзея для ўсёй Беларусі. Пасвячэнне ў кадэты ў Полацкім кадэцкім вучылішчы сёлета адбудзецца са сцягам, які на працягу амаль двух стагоддзяў засцерагае кадэтаў у вучобе і баі. Часова, да стварэння ў вучылішчы дамавой царквы, ён будзе захоўвацца ў Свята-Богаяўленскім саборы.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.