Да перавыхавання цяжкіх падлеткаў трэба прыцягваць грамадскасць

- 11:31Інфармацыйная гадзіна

Гаварыць аб адкрыцці спецыялізаванай установы для падлеткаў з залежнасцю ў Беларусі пакуль заўчасна. Такое меркаванне выказала намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава ў час пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў Беларусі, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.

Мерапрыемства прайшло ў Крывічах на базе спецыяльнага лячэбна-выхаваўчага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу. “Камісія прыйшла да высновы, што да перавыхавання цяжкіх падлеткаў трэба прыцягваць грамадскасць, павялічваць штат псіхолагаў, адкрываць больш рэабілітацыйных цэнтраў, а таксама сур’ёзней караць за ўцёкі са спецустаноў”, — адзначылі па выніках пасяджэння ў прэс-службе.
У час пасяджэння міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў звярнуў увагу на тое, што ва ўсіх установах такога тыпу ў адным і тым жа асяроддзі ўтрымліваюцца тыя, каму неабходна лячэнне ад алкагольнай і нікацінавай залежнасці, і тыя, хто трапіў туды як злосны парушальнік грамадскага парадку. “На актуальнасць гэтага пытання звярнула ўвагу і Наталля Качанава, згадзіўшыся, што гэта няправільна. Аднак, паводле яе слоў, весці размову аб адкрыцці спецыялізаванай установы для залежных падлеткаў пакуль заўчасна”, — адзначылі ў прэс-службе ўрада.
Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі таксама шэраг іншых актуальных пытанняў.