Да поспехаў юных спартсменаў гімназіі Лепеля вядзе настаўнік фізічнай культуры і здароўя Уладзімір Плігаўка

- 9:00Главная, Знак качества, Образование

Перамогі, камандныя першынствы, запамінальныя фінішы і яркія матчы — усё гэта спартыўныя справы хлопчыкаў і дзяўчынак гімназіі імя І.М.Ерашова Лепеля. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Вядзе да поспехаў юных спартсменаў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Уладзімір Плігаўка, які ўпэўнены, што ў нашым жыцці няма нічога даражэйшага за здароўе:

— Займацца спортам, выконваць элементарныя практыкаванні і трымаць сябе ў добрай фізічнай форме проста неабходна.

Уверх па лесвiцы

На працягу 25 гадоў настаўніцкай практыкі ён трымаецца адной мэты: прыву­чыць дзяцей беражліва ставіцца да свайго здароўя і клапаціцца аб ім. У гэтым плане заўсёды падкажа і пакажа, як найлепш авалодаць той ці іншай спартыўнай тэхнікай, як размеркаваць фізічныя нагрузкі, каб заняткі былі ў радасць і на карысць здароўю. Тут міжволі пацягнешся за настаўнікам, які сам актыўна паказвае прыклад выдатнай фізічнай пад­рыхтаванасці. А каб хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем ішлі ў спартыўную залу ці на школьны стадыён, дапамагае ім адчуць, што спорт — гэта радасць перамог. Вопытны педагог клапоціцца, каб вучні цікавіліся спартыўнымі навінамі і сачылі за дасягненнямі айчыннага спорту, каб мелі куміраў, на якіх хацелі б быць падобнымі, каб хацелі праславіць сваю краіну.

Ёсць меркаванне, што чэмпіёна нараджае тое, што ў чалавека ўнутры, — жаданні, мары і мэты. Уладзімір Плігаўка дадае сюды пастаянныя трэніроўкі, адказнасць і дысцыплінаванасць.

Гэты рэцэпт спартыўных дасягненняў ён і прапануе вучням з 2 па 11 клас. На білбордах, што на ўваходзе ва ўстанову, пераможца зімовага мнагаборства “Здароўе” Ліка Рацкевіч і валейбольная каманда гімназіі “Пантэры”. На сцяне каля спартыўнай залы і ў трэнерскім кабінеце — шматлікія медалі, кубкі, дыпломы. Гімназісты на іх глядзяць і вераць свайму настаўніку на 100%. На пытанне, чаму вырашыў звязаць жыццё са сферай адукацыі, шчыра адказвае, што ў яго былі выдатныя настаўнікі. За любоў да фізкультуры і спорту былы вучань сярэдняй школы № 1 Лепеля і сёння ўдзячны свайму настаўніку Уладзіміру Iванавiчу Клундуку. У ВДУ імя П.М.Машэрава Уладзімір Плігаўка атрымаў спецыяльнасць “Фізічная культура і спорт”, а любоў да дзяцей і прафесіі — у спадчыну ад сваёй мамы Валянціны Уладзіміраўны, педагога ўстановы дашкольнай адукацыі, цяпер метадыста раённага аддзела па адукацыі. Любоў да фізкультуры і спорту з дзяцінства ён прывіў і сваёй дачцэ Вікторыі, якая на 2 курсе ВДУ імя П.М.Машэрава набывае спецыяльнасць настаўнiка фiзiчнай культуры.

— Многае для сябе ўзяў з вопыту работы школьных настаўнікаў. Менавіта іх парады ў свой час падказалі, як навучыцца будаваць адносіны з вучнямі, дапамагаць ім пераадольваць цяжкасці, верыць у сябе і свае сілы, — адзначае педагог.

Ці не сапраўдны цуд, калі яго падапечныя, спачатку скаваныя ў руху, паступова выпростваюць плечы, становяцца мацнейшымі, больш упэўненымі і праз нейкі час пераўтвараюцца ў дужых хлапчукоў альбо спрытных дзяўчынак. Урокі фізкультуры, на думку Ула­дзіміра Плігаўкi, не толькі ўмацоўваюць здароўе дзяцей, але і выхоўва­юць маральна. У гэтым сэнсе Ш.Аманашвiлi ўзгадваў, што школа ў перакладзе з латынi — лесвіца, гэта духоўнае ўзыходжанне чалавека. Нельга не пагадзiцца з вялiкiм педагогам. Галоўнае, каб настаўнік быў захопленым сваёй справай і неабыякавым да дзяцей і іх будучыні. Як Уладзімір Плігаўка.

— Я шчаслівы настаўнік, таму што займаюся любімай справай і працую ў калектыве аднадумцаў. Мая задача — навучыць дзяцей любіць спорт. І для гэтага ёсць усё: выдатная матэрыяльная база, падтрымка кіраўніцтва установы, аддзела па адукацыі і райвыканкама. Павышаць прафесійны ўзровень дапамагаюць метадычныя службы гімназіі, раёна і вобласці, — тлумачыць педагог.

— Нашы вучні спяшаюцца ў спартыўную залу, а пасля званка не хочуць яе пакі­даць. Радуе, што пасля заняткаў фізкультурай у іх застаюцца толькі прыемныя ўражанні, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алеся ­Матусевіч. — Уладзімір Міхайлавіч адразу бачыць здольнае да спорту дзіця. Ведае, як за­ахвоціць яго. І ўвогуле, кожнаму вучню дапамагае знайсці свой від актыўнасці. Умее захапіць школьнікаў рухавымі гульнямі так, каб увесь клас быў задзейнічаны і ўсім было цікава.

Адказна i з душой

Кузьма Чорны гаварыў: “Кожны чалавек — гэта цэлы свет”. Менавіта гэта ўвасабляе ў сваёй рабоце настаўнік фізічнай культуры і здароўя Ула­дзімір Плігаўка. Ён упэўнены, што кожны вучань патрабуе індывідуальнага падыходу, асабліва ў спорце. Уладзімір Міхайлавіч адзначае, што трэба заахвоціць дзіця займацца фізкультурай не толькі ў школе, але і самастойна. Вядома ж, не ўсе вучні гэтага хочуць. Напрыклад, хтосьці сумняваецца ў сваіх фізічных здольнасцях, а хтосьці ўпэўнены, што будзе айцішнікам і яму не спатрэбяцца фізкультура і спорт. Гэтыя рэаліі не пазбаўляюць У.Плігаўку аптымізму.

Я не навязваю вучням сваё меркаванне, — тлумачыць Уладзімір Міхайлавіч. — Няхай кожны імкнецца да сваёй мэты. Галоўнае, каб яны займаліся па сваіх магчымасцях. Калі вучань, якому не ўдавалася
падцягнуцца, змог падняцца вышэй перакладзіны — гэта ўжо яго перамога, — рэзюмуе педагог.

Цяжка не пагадзіцца з тым, што добры настаўнік фізкультуры кожны дзень нешта за­ваёўвае. У тым ліку давер бацькоў сваіх падапечных. Уладзімір Плігаўка надае гэтаму вялікае значэнне, прапаноўвае ім хоць бы гадзіну ў дзень прысвя­ціць заняткам спортам, тлума­чыць, што і як трэба ра­біць. Заўсёды падкрэслівае, што значна вышэйшыя вынікі тых навучэнцаў, мамы і таты якіх выконваюць рэкамендацыі настаўніка. Дарэчы, пастаянна падтрымлівае кантакт з бацькамі і класнымі кіраўнікамі, каб больш ведаць пра стан здароўя і самаадчуванне вучняў. Адным словам, ставіцца да сваёй справы адказна і з душой.

Бачыць вынiк

Разам са сваімі выхаванцамі ён заўсёды ў цэнтры па­дзей. Спорт — гэта іх стыхія.

— Самае прыемнае ў маёй рабоце — бачыць вынік, — адзначае педагог.

Ён падрыхтаваў нямала прызёраў і пераможцаў. На працягу апошніх трох гадоў гімназісты перамагаюць у фінале рэспубліканскага спаборніцтва “300 талентаў для Каралевы”. У раёне ганарацца выдатным вынікам Дзімы Голубева, які ў скачках у даўжыню з месца сярод хлопчыкаў 3 класа паставіў рэкорд 202 см і заняў 3-е месца на рэспубліцы. За апошнія 3 гады павялічылася колькасць гімназістаў (ад 1 да 6) у скла­дзе абласной зборнай на гэтым прэстыжным спартыўным мерапрыемстве. Дарэчы, радуе пераем­насць. Два гады запар вучаніца 7 класа Ліка Рацкевіч перамагае ў зімовым мнагаборстве — 1-е месца на рэспубліцы.

Апантаны сваёй справай педагог праявіў сябе ў многіх кірунках работы. Менавіта Уладзімір Плігаўка пачаў чарговы віток развіцця валейбола ў гімназіі. Сапраўдным брэндам Лепельшчыны лічыцца зборная гімназіі па валейболе “Пантэры” (каманда дзяўчат 6—9 класаў). Выхаванкі Ула­дзіміра Плігаўкі ў гэтай дысцыпліне — адны з лепшых у раёне, неаднаразовыя прызёры абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Так, у 2023 і 2024 гадах — 1-е месца ў абласной спартакіядзе. Сёлета дзяўчаты ўзняліся на 2-е месца на рэспубліцы.

— Ім перамога, як паветра, патрэбна. За кожнай падачай і пасам стаяць шматгадзінныя трэніроўкі. Дзяўчаты ва ўсіх сустрэчах дэманструюць максімальную аддачу, сабра­насць і згулянасць, — каменціруе Уладзімір Плігаўка.

Асаблівасцю гульні каманды з’яўляецца тое, што яе ўдзель­нікі не змяншаюць гульнявы тэмп на вырашальным адрэзку кожнага паядынку. Гэтаму іх вучыць трэнер.

— Не першы год мы гуляем у валейбол і стараемся пастаянна спаборні­чаць, — расказ­вае капітан Дзіяна Баравік. — Кожнае спаборніц­тва праходзіць у духу саперніц­тва, гуляем заўсёды дружна і згуртавана.

Дарэчы, у сту­дзені 2025 года на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” Дзіяна Баравік атрымала дыплом III ступені.

Прыемна, калі і педагог, і самі дзяўчаты цвёрда вераць у свае сілы. Валейболу на Лепельшчыне быць і развівацца! Так трымаць!

Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі