Да прафесійных навыкаў — праз пазакласную дзейнасць

- 10:20Навіны рэгіёнаў

Прафарыентацыя — адзін з важных кірункаў дзейнасці класнага кіраўніка, якая заключаецца ў прафесійным інфармаванні, выхаванні і кансультаванні. 

Выяўляю інтарэсы, схільнасці і адукацыйныя запыты школьнікаў падчас індывідуальных гутарак, анкетавання і інш. Нягледзячы на тое, што дзіцячыя інтарэсы няўстойлівыя і дынамічныя, яны адлюстроўваюць агульную накіраванасць асобы. ­Удзел вучняў у розных відах дзейнасці дапамагае выявіць, развіць і ўдасканаліць іх прыродныя задаткі.

Пазнаць унутраны свет дзяцей, зразумець асобасныя матывы прафесійнага выбару дазваляе пісьмовае разважанне “Кім быць?”, у якім прапаную адказаць на пытанні: “Якую прафесію ты хацеў бы выбраць у будучыні?”, “Чаму табе падабаецца менавіта гэтая прафесія?”, “Што робяць людзі гэтай прафесіі?”, “Якія якасці неабходны чалавеку, каб добра працаваць па гэтай прафесіі?”, “Ці ёсць у цябе такія якасці?” і інш.

Праводжу прафарыентацыйныя ўрокі, класныя гадзіны, дзелавыя гульні, турніры і віктарыны. Найбольшую цікавасць у вучняў выклікаюць класныя гадзіны “Астралогія ў выбары прафесіі”, “Почырк чалавека і яго прафесія”, “Здароўе і прафесійная прыгоднасць”, “Схільнасці і інтарэсы ў выбары прафесіі” і “Прафесіі маіх бацькоў”. Цікава праходзіць інфармацыйная гадзіна “Героі газетных публікацый”, на якую школьнікі рыхтуюць паведамленні пра людзей працы паводле матэрыялаў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ.

Прафарыентацыйныя заняткі па вывучэнні прафесій узмацняюць не толькі пазнавальную, але і грамадскую актыўнасць вучняў. Асаблівая ўвага на такіх занятках удзяляецца новым прафесіям (лагіст, мерчандайзер, дылер, вэб-дызайнер, брэнд-менеджар), іх сацыяльнай значнасці, прэстыжу, перспектывам працаўладкавання, умовам працы і прыёму ва ўстановы адукацыі. 

Даволі эфектыўныя мерапрыемствы ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”. За час яго рэалізацыі гімназісты ўдзельнічалі ў дыялогу з грамадскімі дзеячамі, журналістамі, пісьменнікамі, дэпутатамі, спартсменамі і іншымі цікавымі людзьмі. Так, інструктар-метадыст па фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце Ганцавіцкага РФСК “Здароўе-7” Н.П.Захарава расказала вучням не толькі пра мерапрыемствы і акцыі па здаровым ладзе жыцця, якія праводзяцца ў рэгіёне, але і пра свой прыход у прафесію, падзялілася думкамі пра важнасць спорту, захавання і ўмацавання здароўя ў сям’і.   

У форме адкрытай кафедры адбылося мерапрыемства, прысвечанае маладзёжнай палітыцы ў нашай краіне. Асаблівая ўвага была акцэнтавана на раздзеле “Мой выбар”. Хлопцы і дзяўчаты паглыбілі веды пра магчымасці профільнага навучання, алімпіядны рух і інш. Акрамя таго, гімназісты разважалі над паняццем “кампетэнтны спецыяліст”, даведаліся, якія ўменні і навыкі залежаць ад актыўнай жыццёвай пазіцыі чалавека, ім­кнення да самаўдасканалення і плённай камунікацыі з іншымі.

Цікавай і змястоўнай атрымалася сустрэча вучняў з памочнікам пракурора Ганцавіцкага раёна А.В.Падгайскім, падчас якой абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з выкананнем заканадаўства, захаваннем традыцый і культуры беларускага народа, іншых нацый і народнасцей. Акрамя таго, закраналіся тэмы, якія тычыліся правоў і абавязкаў грамадзян, павагі да дзяржаўных законаў, маральнасці і сумлення, выбару будучай прафесіі. 

Шмат станоўчых эмоцый дораць сустрэчы з цікавымі людзь­­мі. Так, у гімназіі пабываў член Саюза пісьменнікаў Беларусі А.П.Галаскок. Паэт расказаў дзецям пра сваё дзяцінства, матывы выбару жыццёвага шляху і прафесіі. Аповед суправа­джаўся відэапаказам і аўдыязапісам песень на словы аўтара, якія сталі візітоўкай Ганцавіччыны. Госць акцэнтаваў увагу вучняў на тым, як важна ў жыцці быць нераўнадушным да сваёй прафесійнай дзейнасці: “Не кожны дзень узнікаюць выдатныя творы, не кожны можа стаць знакамітым паэтам, мастаком, кампазітарам, але кожны можа навучыцца разумець прыгажосць. Паспрабуйце стаць стваральнікамі прыгажосці, каб у вашых сэрцах заўсёды была радасць творчага натхнення, незалежна ад таго, якой справай вы будзеце займацца ў жыцці”.

Даволі карыснай атрымалася сустрэча са старшым упаўнаважаным групы па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі РАУС старшым лейтэнантам В.С.Маляўкам. Гімназісты з першых вуснаў даведаліся шмат новага пра спецыфіку работы прадстаўнікоў праваахоўных органаў.

Прафесійнаму станаўленню і жыццёваму самавызначэнню вучняў садзейнічаюць прагляды тэматычных відэаролікаў і вучэбных фільмаў, а таксама кіналекторыі.

Важную ролю ў прафарыентацыйнай рабоце адыгрывае супрацоўніцтва з сем’ямі выхаванцаў. Праводжу бацькоўскія сходы “Схільнасці і інтарэсы падлеткаў у выбары прафесіі” і “Прафесіі, якія выбіраюць нашы дзеці”, наведваю дзяцей дома. Гэта мабілізуе выхаваўчую актыў­насць мам і татаў, стварае атмасферу ўзаемнага даверу, добразычлівасці і шчырасці.

Арганізоўваю экскурсіі на прадпрыемствы і ў музеі. Скіроўваю ўвагу вучняў на важнасць любой працы. Так, вучні пабывалі на нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, дзе азнаёміліся з прафесіяй кінарэжысёра, акцёра, аператара, касцюмера, пастаноўшчыка трукаў і інш. У музеі займальнай фізікі “Квантум” для гімназістаў быў арганізаваны майстар-клас з дэманстрацыяй хімічных, біялагічных і фізічных з’яў, цікавых эксперыментаў. Вучні азнаёміліся з такімі навуковымі напрамкамі, як акустыка, оптыка, магнетызм, механіка і інш. Пры наведванні метэастанцыі ­Брэстаблгідрамета дзеці даведаліся, чым канкрэтна займаюцца сіноптыкі, як вымяраюцца тэмпература, вільготнасць паветра, колькасць ападкаў, напрамак і хуткасць ветру.

Прафесійнае выхаванне ўключае фарміраванне схільнасцей і прафесійных інтарэсаў у школьнікаў. Сутнасць гэтай работы ў тым, каб абуджаць дзяцей да рознай вучэбнай і пазакласнай дзейнасці. Важнае месца адыгрывае штодзённае выкананне грамадска-працоўных даручэнняў у класе, што накладвае на вучняў пастаянны клопат пра агульную справу, выхоўвае адказнасць, фарміруе звычку да працоўных намаганняў, развівае арганізатарскія здольнасці. Так, дакладна вызначаю кола пастаянных абавязкаў і даручэнняў, вылучаю важныя штодзённыя справы, якія павінны выканаць вучні: кветкавод даглядае кветкі, адказны за мэблю сочыць за яе станам і пры неабходнасці арганізоўвае рамонт з настаўнікам тэхнічнай працы, галоўны дзяжурны кантралюе штодзённую ўборку кабінета і г.д.

Далучаю дзяцей да пасільнай працы і ўдзелу ў розных працоўных справах школы: уборцы тэрыторыі, зборы макулатуры, летняй працоўнай практыкі, акцыях “Утульны кабінет” і “Зробім гімназію прыгажэйшай”.

Прафесійнае кансультаванне прадугледжвае вывучэнне асобы вучняў і выдачу прафесійных рэкамендацый. Такія кансультацыі часцей за ўсё носяць індывідуальны характар і праводзяцца сацыяльна-псіхолага-педагагічнай службай.

Роля класнага кіраўніка заключаецца ў тым, каб дапамагчы вучням усвядоміць свае схільнасці і здольнасці, накіра­ваць развіццё іх прафесійных інтарэсаў. У залежнасці ад педагагічнай сітуацыі, уласных магчымасцей і дзіцячых захапленняў падбіраю комплекс педагагічных сродкаў і метадаў уздзеяння на асобу, каб дасягнуць прафарыентацыйных мэт. У дапаможніку “Дзейнасць класнага кіраўніка: прафесійнае самавызначэнне вучняў, выбіраем прафесію, азбука прафарыентацыі ў школе” можна знайсці не толькі заняткі з элементамі трэнінгу, гутаркі, дыспуты, ролевыя гульні, конкурсы і віктарыны, але і дыягнастычныя матэрыялы на тып інтэлекту, методыкі “Тып мыслення”, “Эрудыт”, “Матрыца выбару прафесіі”, апытальнікі прафесійных схільнасцей.

Сістэмная прафарыентацыйная работа дазваляе мінімізаваць уздзеянне выпадковых фактараў на прафесійны выбар і павялічыць ролю схільнасцей і здольнасцей у гэтым. К.Д.Ушынскі пісаў: “Калі вы ўдала выбераце работу і ўкладзяце ў яе ўсю сваю душу, то шчасце само вас знойдзе”.

Таццяна ШУЛЯК,
класны кіраўнік 9 “Б” класа, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Ганцавіч.