Да працы гатовы!

Летні інтэнсіў для ўдзельнікаў праграмы “Настаўнік для Беларусі”

У БПС-Ашчадбанку падвялі вынікі летняга інтэнсіву для ўдзельнікаў праекта “Настаўнік для Беларусі”, які сёлета быў запушчаны сумесна з Міністэрствам адукацыі нашай краіны. Сертыфікаты ўдзельнікаў атрымалі 10 настаўнікаў і 5 школ, дзе яны будуць працаваць.

Да ўдзелу ў праграме “Настаўнік для Беларусі” запрашаліся педагогі і выпускнікі педагагічных універсітэтаў з высокай матывацыяй, вялікім жаданнем развівацца самім, шукаць новыя падыходы ў навучанні дзяцей з рэгіёнаў і раскрыцці іх талентаў. Абавязковай умовай была наяўнасць прафесійнай педагагічнай адукацыі на 1 верасня бягучага года. У выніку ўдзельнікамі праграмы сталі як учарашнія студэнты (маладыя спецыялісты), так і ўжо вопытныя педагогі.

 Першым крокам для жадаючых паспрабаваць свае сілы ў праграме стала запаўненне анкеты, пасля кандыдаты праходзілі анлайн-інтэрв’ю з рэкруцёрам, а затым — вочны этап, падчас якога былі вочнае субяседаванне і рашэнне некалькіх педагагічных кейсаў. Галоўнымі крытэрыямі адбору сталі высокая матывацыя, неабыякавасць, прафесіяналізм і гатоўнасць асвойваць новыя напрамкі і тэхналогіі, каб развіваць таленты дзяцей у малых населеных пунктах.

З 63 заяўленых было адабрана 12 чалавек, якія і былі запрошаны на летні інтэнсіў, што доўжыўся месяц. Завяршэннем падрыхтоўкі стала арганізацыя праграмы тыднёвага школьнага лагера “Навыкі ХХІ стагоддзя” для дзяцей з Барысаўскага раёна.

“Мэта летняга інтэнсіву — закладанне новай настаўніцкай супольнасці, арыентаванай на супрацоўніцтва, якая пасля панясе высокія ідэалы ў школы па ўсёй рэспубліцы. Што мы для гэтага рабілі? Запрашалі самых розных экспертаў (не толькі з галіны адукацыі). Гэта настаўнікі-метадысты, бізнесмены, псіхолагі і трэнеры. У прыватнасці, настаўнікі-метадысты (ці настаўнікі з вышэйшай катэгорыяй) праводзілі прадметныя майстар-класы. Напрыклад, па англійскай мове такі майстар-клас праводзіла Інеса Зубрыліна.

Яшчэ падчас інтэнсіву мы выязджалі ў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі, дзе пазнаёміліся з Мікалаем Іванавічам Запрудскім, Галінай Іванаўнай Нікалаенка, якія засяродзіліся на магчымасцях павышэння кваліфікацыі ў АПА. Адбылася цікавая нефармальная размова. Два дні з намі працавалі ўдзельнікі праграмы “Настаўнік для Расіі”.

У выніку тры тыдні былі аддадзены пад інтэнсіўную падрыхтоўку, а  чацвёрты настаўнікі працавалі ў лагеры для дзяцей з малазабяспечаных, мнагадзетных сем’яў Барысава і раёна. Дарэчы, работа лагера была поўнасцю арганізавана ўдзельнікамі інтэнсіву. Яны самі планавалі яго работу, ставілі штодня новыя мэты і рэалізоўвалі іх (заказвалі транспарт, разбіраліся з абедамі, дзялілі ролі важатых, кіраўнікоў). Карацей, працавалі камандай. Для дзяцей былі арганізаваны адукацыйны выезд у сярэднюю школу № 20 Барысава, яны пабывалі на “Барысаў-Арэне”, пабылі з экскурсіяй у Мінску”, — расказаў адзін з арганізатараў летняга інтэнсіву — выкладчык беларускай мовы і літаратуры Ліцэя БДУ Дзмітрый Макарчук.

За месяц летні інтэнсіў даў яго ўдзельнікам добрую метадычную  падрыхтоўку, псіхалагічную загартоўку, заклаў асновы эмацыянальнага інтэлекту, уменні праца­ваць у камандзе. Гэтыя настаўнікі прыйдуць у свае школы падрыхтаванымі і без страху. Трэба адзначыць, што некалі Дзмітрый Макарчук і яго сябар — выкладчык рускай мовы і літаратуры Сяргей Бародзіч — працавалі ў вясковай школе, таму на летні інтэнсіў яны прыйшлі з устаноўкай для яго ўдзельнікаў: у якую б школу вы ні прыйшлі, супрацоўніцтва з новым калектывам — палова вашага прафесійнага поспеху.

“Так, вы малады і амбіцыйны, але вы не можаце ла­маць традыцыі той школы, куды трапляеце. Змены магчымы толькі дзякуючы дыялогу паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Ставіць новыя мэты і дасягаць іх можна толькі разам. Дарэчы, гэта мы і імкнуліся паказаць удзельнікам інтэнсіву. Яшчэ вельмі важным складнікам поспеху з’яўляецца канструктыўная зваротная сувязь як ад калег, так і ад вучняў”, — перакананы Дзмітрый Макарчук.

З першага верасня адабраныя пасля інтэнсіву 10 удзель­нікаў праграмы “Настаўнік для Беларусі” на 2 гады паедуць працаваць у рэгіянальныя школы. Важным складнікам праграмы з’яўляецца тое, што ў школы будзе накіроўвацца па двое ўдзельнікаў, бо вельмі важна быць побач з аднадумцам. За кожным з удзельнікаў праекта будзе замацаваны куратар — вопытны выкладчык, да якога заўсёды можна звярнуцца па дапамогу.

Летні інтэнсіў — гэта першы падрыхтоўчы этап для гэтых педагогаў. У планах — дыстанцыйныя курсы (ёсць ідэя, напрыклад, па гуманістычнай літаратуры), дыстанцыйныя кінаклубы, асабістыя сустрэчы як на базе тых школ, дзе будуць працаваць настаўнікі, так і на іншых пляцоўках. Дырэктары школ, куды паедуць удзельнікі праграмы, гатовы да цеснага супрацоўніцтва, а ментары праграмы гатовы да пашырэння сувязей і правядзення майстар-класаў, трэнінгаў для шырокага кола педагогаў.

Кожны ўдзельнік праграмы  на працягу двух гадоў будзе атрымліваць,  акрамя зарплаты, стыпендыю ад БПС-Ашчадбанка ў памеры 250 рублёў. Акрамя таго, кожны атрымае ноўтбук і кампенсацыю выдаткаў на жыллё ў выпадку пераезду. Гэтыя сродкі вылучаць з  дабрачыннага фонду, які створаны спецыяльна для праграмы. Да са­цыяльнай ініцыятывы банка далучылася кампанія 21vek.

Удзельнікаў праграмы “Настаўнік для Беларусі” чакаюць у трох школах Мінскай вобласці — у пасёлку Негарэлае, аграгарадках Ляды і Паплавы. Педагогаў таксама працаўладкуюць у гімназіі Дзяржынска. Частка настаўнікаў адправіцца ў Брэсцкую вобласць, дзе будуць вучыць дзяцей у сярэдняй школе аграгарадка Павіцце.

Як паведаміла намеснік старшыні праўлення БПС-Ашчадбанка Лілія Астаповіч, у далейшым праграма “Настаўнік для Беларусі” будзе маштабіравацца, набор новых удзельнікаў будзе адбывацца кожны год.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.