Інавацыйная дзейнасць ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі дазваляе не толькі ўкараняць новыя метады і формы выхавання моладзі, але і дакрануцца да багатых і ўнікальных набыткаў далёкага мінулага. Нашаму ліцэю пашанцавала, бо на тэрыторыі Драгічынскага раёна, дзе ён знаходзіцца, працуе музей народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”.
Этнаграфічная работа ў рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі выхавання патрыятызму ў навучэнцаў ПТНУ сродкамі краязнаўства” ўключае розныя экскурсіі, у тым ліку і ў гэты музей. Нядаўна ліцэісты пабывалі ў самабытнай вёсцы Бездзеж, дзе размяшчаецца музей з адметнымі экспанатамі.
Удзельнікі экскурсіі на пэўны час перанесліся ў далёкае мінулае, дзе наведалі сялянскую хату, абсталяваную з гаспадарскім густам. Продкі імкнуліся стварыць утульнасць у доме з дапамогай саматканых ручнікоў і палавікоў. На сцяне абавязкова змяшчаўся абраз, прыбраны ручніком, а ў кутку — лазовая люлька. У старыя часы вялікая сям’я цанілася асабліва. Кожны дом быў напоўнены дзіцячым смехам. Людзі імкнуліся, каб у сям’і панавалі лад і спакой. Музейная экспазіцыя з прыладамі для апрацоўкі лёну яскрава сведчыць пра працавітасць і таленавітасць народа. Колькі трэба было патраціць часу і сіл, каб з апрацаванай расліны атрымаліся ручнікі, пасцельная бялізна і адзенне. Ткацтва — гэта цэлая навука! Супрацоўнікі музея паказалі, як прасці кудзелю і ткаць ручнік. Ліцэісты змаглі паспрабаваць гэта таксама.
Асабліва ўразіла падлеткаў зала “Царства фартушкоў”. Іх было больш за 70! Калекцыя налічвае больш за 200 бездзежскіх фартушкоў, прычым ніводны з іх не паўтараецца. У кожнага свой вышыты ці вытканы ўзор, напоўнены пэўным сэнсам. Сярод колераў пераважаюць чырвоны і чорны. Народ лічыў, што яны засцерагаюць ад нячыстай сілы. Самы першы фартушок быў створаны ажно ў 1880 годзе. З цікавасцю юнакі і дзяўчаты слухалі экскурсавода, які расказваў пра адзенне, якое раней насілі бездзежскія жыхары. Адзенне было выхадным і штодзённым. Усё з натуральных матэрыялаў: з лёну, шэрсці і скуры.
Навучэнцы з задавальненнем прымяралі адзенне і нават дэфіліравалі ў ім, выступаючы ў ролі жаніха і нявесты. Адзенне нашых продкаў прыйшлося даспадобы! А інакш не магло і быць! Мы ж вывучаем сваё, роднае, далёкае, але такое блізкае і дарагое! І ніякія заморскія вырабы і нават тэхнічны прагрэс не змогуць замяніць нам самага дарагога — нашай спадчыны! Гэта добра дапамагае ўсвядоміць моладзі інавацыйная дзейнасць, у якой удзельнічаюць ліцэісты. Праз вывучэнне гісторыі, традыцый, звычаяў і абрадаў свайго народа мы ўзбагачаемся духоўна, дужэем маральна і будуем шчаслівую будучыню.
Ірына МАЦУК,
метадыст абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына.