Да прыроды — праз школьны ганак

У Беларусі пачынаецца ініцыятыва “Сельскі турызм праз школу”. Гэта частка праграмы “Агратурызм” праекта “Школьны сад”, які рэалізуе грамадская арганізацыя “Беларускі зялёны крыж”. Мэта праграмы — развіваць ідэі экатурызму на базе прышкольных участкаў сельскіх школ. Школы выступаюць у гэтай ініцыятыве як адкрытыя пляцоўкі, на базе якіх будуць праводзіцца адукацыйна-азнаямленчыя праграмы для ўсіх, каму цікава гэтая тэма, і ў першую чаргу для гарадскіх сем’яў і школьнікаў. Опсаўскі яслі-сад — сярэдняя школа Браслаўскага раёна стаў першапраходцам у рэалізацыі гэтай ініцыятывы.

Экалагічны кірунак у школе развіваецца каля 10 гадоў. З 2018 года тут дзейнічае аграклас, вядуцца факультатыўныя заняткі “Прафесія маёй мары” і “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Вялікая гордасць школы — сам прышкольны ўчастак і яго адукацыйныя магчымасці як для мясцовых навучэнцаў, так і для гасцей. Прышкольная тэрыторыя тут каля 2 га — гэта мноства клумбаў і ландшафтных кампазіцый, агарод, аддзел лекавых траў, пладовы сад, цяпліца. Для вывучэння біяразнастайнасці насякомых каля школы былі створаны і размешчаны сховішчы для беспазваночных жывёл і клумба для матылькоў. У найбліжэйшы час тут плануецца стварыць аддзел “Хлебныя злакі”, дзе навучэнцы змогуць праводзіць свае доследы і эксперыменты.

Госці змогуць павучыцца вызначаць відавую разнастайнасц­ь расліннага і жывёльнага свету з дапамогай вызначальніка, стварац­ь сховішчы для насякомых з падручных матэрыялаў, а экскурсія з элементамі інтэрактыву па вучэбна-доследным участку не толькі азнаёміць гасцей з тэрыторыяй, але і ў гульнявой форме дапаможа разгадаць рэбус, правесці спартыўныя спаборніцтвы з элементамі біялагічнай тэматыкі, прыняц­ь у­дзел у песеннай віктарыне, пры­свечанай флоры і фаўне. Тут жа можна бу­дзе закласці сумесныя доследы, напрыклад, па асеннім чаранкаванні парэчак ва ўлітках. Калі госці наведаюць школу ў іншую пару года, ім прапануюць майстар-клас па вырабе пасадачных улітак. Паколькі гасцямі могуць быць і людзі, якія маюц­ь свой прысядзібны ўчастак, то ім карысна будзе даведацца пра кіслотнасць глебы іх участка — ад гэтага паказчыка напрамую залежыць ураджай. Гасцям тут прапануюць і майстар-клас па складанні зімовых букетаў з сухацветаў, а таксама па чаранкаванні гатунковых фіялак, каб кожны змог павезці дадому будучы кусцік фіялкі на памяць.

Хоць падарожжа па прышкольным участку ўжо само па сабе абяцае быць цікавым для будучых турыстаў, але тут плануюц­ь зрабіць яго толькі першым прыпынкам на вялікай экасцежцы, а дакладней на чыгунцы. Ідэя фармату падарожжа на цягніку ўзнікла невыпадкова: 100 гадоў назад тут была пракладзена вузкакалейная чыгунка, якая злучыла Опсу з Друяй, Браславам і Дукштасам.

Першая пробная экскурсія для гасцей тут ужо прайшла — для педагогаў школ Віцебскай вобласці, членаў каманды праекта “Школьны сад”, сем’яў з Мінска. Пачалася яна на пероне чыгуначнага вакзала, у які ператварыўся школьны двор: гудкі папярэджвалі аб прыбыцці цягніка, дворнік падмятаў перон, насільшчыкі прапаноўвалі свае паслугі, а пасажыры з сакваяжамі чакалі сваіх рэйсаў. У будынку вакзала-школы пасажыры атрымалі квіткі з указаннем усіх станцый. Так, пасажыры змаглі трапіць на “Песенную” станцыю і азнаёміцца з мясцовым фальклорам, на “Танцавальнай” — раз­вучыць са старшакласнікамі падыспань і карагодны танец, папулярныя ў Опсе мінулага стагоддзя, на “Гульнявой”, можна было згуляць у “Арэхі”, “Бульбу” і іншыя мясцовыя гульні. Тут жа можна было зрабіць для сябе некалькі сувеніраў з бяросты ці лямцу. Пасажыры паабедалі юшкай з фрыкадэлькамі са шчупака, якога вылавілі мясцовыя рыбакі, і завіталі на кірмаш з гандлёвымі радамі. Госці змаглі прадэгуставаць і набыць дамашнія каўбасы, вяндліну, сыры, хлеб, ласункі, дарункі мясцовых садоў і азёр, напрыклад, кансерваванага ляшча. Рамеснікі Опсаўскай школы прадставілі ўвазе пакупнікоў свае вырабы з дрэва, плеценыя кошыкі і іншыя сувеніры, а суседзі са Слабодкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы прадаставілі шырокі выбар травяных чаёў і араматычных сашэ. На станцыі “Экскурсійнай” правадніком для пасажыраў стаў настаўнік гісторыі Кансталінскага ясляў-сада — базавай школы Віктар Бунта, які расказаў гісторыю мястэчка пачынаючы з ХІІ стагоддзя і яго галоўных архітэктурных славутасцях.

Як толькі цяплей прыгрэе сонца, турыстам прапануюць больш працяглы маршрут са станцыямі на возеры, у лясным масіве, а таксама з наведваннем школ суседніх вёсак. Друя вядома гістарычнымі архітэктурнымі аб’ектамі, таму чакаць турыстаў будуць больш экскурсаводы. А Слабодка — край азёр, крыніц, садоў, там будзе чым натхніцца, а таксама можна будзе пакатацца на школьным кані і прыпыніцца на начлег.

Начальнік аддзела па адукацыі Браслаўскага райвыканкама Іван Антонавіч Абаровіч і галоўны спецыя­ліст аддзела Ірына Віктараўна Мацук адзначылі актуальнасць удзелу сельскіх школ у міжнародных праектах, звязаных з экалогіяй і развіццём такога новага для іх кірунку, як агратурызм. Па іх словах, гэта дапамагае не толькі вучыць школьнікаў сучасным экатэхналогіям, але і спалучац­ь такое навучанне з вывучэннем роднага краю, з захаваннем яго спадчыны і тым самым спрыяць развіццю рэгіёна. Але і ў ініцыятараў праекта, і ў яго ў­дзельнікаў мэта агульная — падняц­ь імідж сельскага жыцця і для турыстаў, і для мясцовых жыхароў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара і Сямёна ШАЎЦОВА.