Да прыроды — з беражлівасцю і адказнасцю

- 11:26Навіны рэгіёнаў

Вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў “Зялёная школа” падвялі на Магілёўшчыне.

У рамках праектаў педагогі распрацавалі дыдактычныя гульні, накіраваныя на павышэнне ўзроўню экалагічных ведаў у дзяцей.

Конкурс праводзіўся з мэтай фарміравання высокай экалагічнай культуры, актыўнай сацыяльнай пазіцыі падрастаючага пакалення праз праектную дзейнасць, накіраваную на захаванне прыродных рэсурсаў і ахову навакольнага асяроддзя. Удзел у творчым спаборніцтве прынялі сотні хлопчыкаў і дзяўчынак з розных куткоў Магілёўскай вобласці. Яны прадставілі на суд журы 219 экалагічных праектаў. Кожная работа пацвярджала: сучасныя дзеці добра ведаюць, наколькі важнымі сёння з’яўляюцца беражлівыя адносіны да навакольнага свету. Яны не застаюцца абыякавымі да экалагічных і энергетычных праблем, прапануюць дзейсныя ідэі па іх пераадоленні. І што вельмі важна, дзеці ўцягнуты ў гэтую дзейнасць ужо з дашкольнага ўзросту.

Кампетэнтнае журы выбрала з усіх прадстаўленых праектаў самыя адметныя. У намінацыі “Зялёныя слядочкі” перамогу атрымаў калектыў выхаванцаў ясляў-сада № 99 Магілёва. У намінацыі “Моладзь за зялёную планету!” дыпломам І ступені быў адзначаны праект выхаванкі ясляў-сада № 117 Магілёва Наталлі Фраловай. Пераможцай у намінацыі “Запаведныя маршруты малой радзімы” стала выхаванка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 8 Магілёва Марыя Канапацкая. Лепшай “Экалагічнай ініцыятывай / Зялёным стартапам” стала ідэя выхавальніцы ясляў-сада № 78 Магілёва Веры Дзмітрыеўны Карчэўскай. А ў намінацыі “За прыроду ў адказе і дарослыя, і дзеці” найбольш вызначылася работа метадыста Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Магілёва Марыі Ягораўны Лонскай.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Абласным цэнтрам творчасці.