Да радасці кінаманаў

- 10:47Культура

Кожную восень мінчане і госці сталіцы з нецярпеннем чакаюць надыходу лістапада, разам з якім пачынаецца і знакаміты Міжнародны кінафестываль. Сёлета ён праходзіць з 1 па 8 лістапада пад слоганам “Да радасці”, якім арганізатары ўшаноўваюць выбітнага рэжысёра Інгмара Бергмана і запрашаюць гледачоў разам прайсці шлях спазнання сябе і навакольнага свету. Усяго за тыдзень кінаманы пабачаць 155 фільмаў з 50 краін свету, сярод якіх ёсць і дэбютанты — карціны з Судана і Сенегала.

XXVI Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” пачаўся ў пятніцу ў сталічным кінатэатры “Масква”. Традыцыйнае біццё талеркі з аўтографамі кінематаграфістаў аб штатыў кінакамеры дало старт форуму. Пасля адбыўся паказ першай конкурснай карціны “Бацька” балгарскіх рэжысёраў Хрысціны Грозевай і Петара Вылчанава. У цэнтры гэтай крыху містычнай работы — сямейныя сувязі і бытавыя праблемы, што спалучаюцца з гумарам і іроніяй. Дарэчы, гэты фільм ужо атрымаў гран-пры на кінафестывалі “Крышталёвы глобус” у Карлавых Варах, а таксама прыз за лепшую рэжысуру на Сахалінскім МКФ “Край свету”.

“Лістапад” — гэта культурны брэнд, — адзначыла першы намеснік міністра культуры Беларусі Наталля Карчэўская. — І вельмі важна развіваць менавіта культурныя брэнды, таму што не толькі па развіцці эканомікі мяркуюць аб краіне, але і па тых культурных праектах, якія ў ёй існуюць. Не кожная краіна можа дазволіць сабе мець фестываль такога высокага ўзроўню, куды з задавальненнем прыязджаюць кінематаграфісты розных краін. Шматлікія кінааматары загадзя даведваюцца пра даты фестывалю і плануюць свае доўгія выхадныя для таго, каб прыехаць у Мінск і пабываць на “Лістападзе”. Яны знаёмяцца з Беларуссю, бачаць, як у нас спакойна і прыгожа, у выніку чаго з’яўляюцца новыя сумесныя кінапраекты”.

На думку генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзіміра Карачэўскага, “Лістапад” — гэта сапраўднае цікавае свята для кінаманаў, якія любяць як міжнароднае, так і беларускае кіно. “За тыдзень мы спазнаём, што адбываецца ў кінасвеце, і адкрываем для сябе новыя імёны акцёраў і рэжысёраў. Такім чынам, Беларусь не застаецца ў баку ад кінажыцця. Форум развіваецца, а колькасць і геаграфія ўдзельнікаў пастаянна пашыраецца. Акрамя таго, “Лістапад” — гэта магчымасць для нашай краіны паказаць сябе міжнароднай грамадскасці. У гэтым годзе мы прадстаўляем Беларусь трыма дакументальнымі стужкамі і некалькімі анімацыйнымі”.

Конкурсная праграма кінафестывалю складаецца з чатырох секцый: ігравога кіно (асноўны конкурс і конкурс дэбютных фільмаў “Маладосць на маршы”), дакументальнага кіно (асноўны конкурс і конкурс нацыянальных кінашкол), конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” і нацыянальнага конкурсу (уключае ігравыя, дакументальныя і анімацыйныя фільмы).

Услед за дарослым “Лістападам” у Мінску адкрыўся дзіцячы “Лістападзік”. Конкурсу дала старт нямецкая карціна Каці Бенрат “Рока мяняе свет” пра 11-гадовую аптымістычную дзяўчынку, якая ўсімі сіламі спрабуе даказаць, што нават дзіця можа зрабіць наваколле крыху лепшым. Гэтая стужка ўжо была прызнана лепшай на кінафестывалях у Германіі, Італіі і Чэхіі. “Фільмы конкурсу для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” прапагандуюць самыя галоўныя сямейныя каштоўнасці: вернасць і любоў”, — такое меркаванне выказала Наталля Карчэўская.

Генеральны дырэктар УП “Кінавідэапракат” Мінгарвыканкама Павел Скалабан перакананы, што юныя гледачы і іх баць­кі атрымаюць задавальненне і станоўчыя эмоцыі ад прагляду фільмаў конкурсу. “Для нас прымаць“Лістападзік” у кінатэатры “Піянер” — гэта не толькі вялікі гонар, але і вялікая адказнасць, таму што юныя гледачы — самая патрабавальная публіка. Усе конкурсныя фільмы зроблены з вялікай любоўю. Я раю гледачам не проста атрымліваць асалоду ад прафесійнага кіно, але і думаць пра тое, што дэманструецца на экране, а пасля абмяркоўваць пытанні, якія ставіць фільм”.

Усяго ў праграму “Лістападзіка” ўключаны 7 конкурсных карцін: “Булбул можа спяваць” (рэжысёр Рыма Дас, Індыя), “Калонія” (Женеўева Дзюлюд-Дэ Сэль, Канада), “Малыш Санджы” (Чжан Гадун, Кітай), “Маё неверагоднае лета з Тэс” (Стывен Ваўтэрлод, Нідэрланды, Германія), “Неўраўнаважаная” (Марцін Лунд, Нарвегія), “Чускіт” (Прыя Рамасубан, Індыя). А завершыць фестываль пазаконкурсны фільм “Альфонс Цытэрбаке — адлік пайшоў” (Марк Шліхтэр, Германія). Карціны будзе ацэньваць міжнароднае журы кінематаграфістаў. “Дзіцячыя фільмы павінны быць арыентаваны на ўсю сям’ю, — адзначыў Томас Хайнеман з Германіі. — І ў той жа час дзіцячае кіно павінна быць такім, як і фільмы для дарослых. Важна, каб пасля паказу глядач выходзіў крыху іншым, каб фільм нешта мяняў у ім”. А Клара Суарэс з Аргенціны падкрэсліла, што ўсе фільмы конкурснай праграмы “Лістападзіка” аб’ядноўвае дзяцінства, яно ва ўсіх рознае, на розных кантынентах і ў краінах. “Для мяне вельмі важна, каб фільм быў кранальны і пазнавальны. Тады ён у сілах атрымаць галоўны прыз. У асноўным дзіцячыя фільмы робяць смешнымі, а дзецям трэба даваць магчымасць падумаць”.

Фільмы “Лістападзіка” (дэманструюцца ў сталічным кінатэатры “Піянер”) разлічаны на сямейны прагляд і дапамагаюць дзецям адарвацца ад гаджэтаў, а дарослым зразумець, што хвалюе юнага гледача. І хоць сёння “Лістападзік” завершыцца, магчымасць паглядзець конкурсныя карціны будзе да 8 лістапада. А роўна праз тыдзень на старонках нашай газеты мы падвядзём вынікі XXVI Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Любіце кіно і знайдзіце час паглядзець хоць некалькі фестывальных стужак, якія абавязкова падораць радасць!

Вольга АНТОНЕНКАВА.