Да родных ніў, да роднай хаты

- 13:18Нам пішуць

У рамках Года малой радзімы ў Маларыцкай раённай бібліятэцы запланавана шмат цікавых мерапрыемстваў. Днямі прайшло адно з іх. Супрацоўнікі бібліятэкі запрасілі сваіх наведвальнікаў на фотавыставу “Прыгажосць роднага краю”.

На выставе прэзентаваліся лепшыя работы выхаванцаў аддзялення фотаздымкаў Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. На іх адлюстраваны багацце і непаўторнасць краявідаў Маларытчыны. Ад дзіцячых работ вочы і сэрца атрымліваюць вялікую асалоду. Казачная прыгажосць роднага краю зачароўвае кожнага.

Аддзяленне фотаздымкаў у Маларыцкай дзіцячай школе мастацтваў адкрылася два гады назад. Сёння на ім займаюцца 5 дзяўчынак і 10 хлопчыкаў ва ўзросце ад 10 да 12 гадоў. Далучаюць дзяцей да незвычайнага свету фотасправы настаўнікі Дзмітрый Луцык і Аляксандра Машкевіч.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.