Да сэрцаў людскіх і вачэй

- 9:15Акценты

Напэўна, калі б не нядаўняе, спачатку катэгарычнае, адмаўленне аднаго з герояў газеты перакласці інтэрв’ю з ім на беларускую мову, не з’явіўся б сённяшні тэкст. Прычым гаворка ідзе пра чалавека вельмі паважанага ў нашым грамадстве, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. 

На шчасце, угаварыць яго ўдалося. Але нагода для разважанняў засталася. Тым больш што каляндар нагадвае: 21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы. Дарэчы, у Беларусі наступны тыдзень цалкам прысвечаны роднай мове — па ўсёй краіне пройдзе шмат круглых сталоў, сустрэч, прэзентацый, культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў. А Нацыянальная акадэмія навук правядзе 21 лютага рэспубліканскую дыктоўку, у якой можа прыняць удзел любы жадаючы. Згадзіцеся, такое шанаванне роднай мовы як адной з базавых нацыянальных каштоўнасцей асабліва сімвалічна ў Год гістарычнай памяці. 

Як вядома, беларускую мову называюць роднай большасць жыхароў краіны. А вось карыстаецца ёй значна менш людзей — каля 30%, па некаторых даных, а астатнія размаўляюць на рускай мове. На жаль, зараз і я гавару, перш за ўсё, ад свайго імя. Жыццё так склалася, што яшчэ са студэнцкай лаўкі мне давялося працаваць у рускамоўных СМІ, таму і думаю да гэтага часу па-руску. Але памятаю, як праводзіла на беларускай  мове экскурсіі ў роднай сталічнай школе № 19 па школьным музеі Янкі Купалы, як добра вучыліся вершы нашых класікаў. Хараством беларускай мовы цяжка не захапляцца!.. І, ведаеце, я вельмі ўдзячна лесу, што сёння працую ў газеце, дзе ўжо звыш 75 гадоў большасць тэкстаў друкуецца на роднай мове, і настаўнікі — нашы любыя аўтары — таксама пішуць па-беларуску. А сёння і я вырашыла напісаць калонку рэдактара па-беларуску… 

Але вернемся да пачатку, да першапачатковага адмаўлення аднаго з суразмоўцаў перакласці інтэрв’ю з ім на беларускую мову. Ведаеце, хто лепш за ўсіх адказаў на пытанне, што ўзнікла? Прэзідэнт нашай краіны. Зусім нядаўна, на пасяджэнні-нарадзе з Нацыянальнай акадэміяй навук, ён выступіў за развіццё ў краіне беларускай мовы. Працытую кіраўніка дзяржавы: “Вы ведаеце, дзякуючы гэтым нашым вар’ятам бчб-шным мы, адкідаючы ўсё, як кажуць, выплюхнулі і дзіця.. Беларуская мова — родная беларуская мова. Нам не трэба ад гэтага адыходзіць… Няхай так склалася, што гэта наша руская мова. Але руская мова нас не адрознівае ад іншых, напрыклад, ад рускіх. А беларуская мова адрознівае… Нельга забываць сваю мову. Калі мы не будзем ведаць беларускай мовы, мы не беларусы. І руская мова, і беларуская мова — гэта наша. Беларускую мову мы не насаджаем, але будзем імкнуцца да таго, каб кожны беларус мог размаўляць на беларускай мове”. Прэзідэнт таксама лічыць, што ў пытанні мовы не павінна быць ніякага шуму і гвалту, як у часы нацыяналістаў у 90-я гады XX стагоддзя: “Гвалту было шмат, а толку мала”. 

Нельга не дадаць, што беларуская мова была адной з самых культурных усходнеславянскіх моў. У Вялікім Княстве Літоўскім на ёй пісаліся законы, вяліся суды і праводзіліся соймы. А яшчэ наша пісьменства — старэйшае за польскае і маскоўскае, з усіх славянскіх народаў толькі чэхі раней за беларусаў займелі надрукаваную Біблію на сваёй мове, у 1488 годзе. А ў 1517-м у Празе Францыск Скарына з Полацка выдаў Біблію па-беларуску — першую друкаваную ўсходнеславянскую кнігу… 

Эвалюцыйны шлях развіцця грамадства — найлепшы, гэта ўсім добра вядома. У такім тонкім пытанні, як родная мова краіны, — тым больш. Вось і наступны Тыдзень роднай мовы — на карысць гэтаму эвалюцыйнаму шляху. І як не прыгадаць на завяршэнне шчырыя словы выдатнага паэта Анатоля Грачанікава: “Мова… Родная мова. // У марах, у песнях, у снах. // Мае ў ёй кожнае слова. // Свой колер, і смак, і пах. // Зліваюцца гукі ў словы // I ў рэчышча роднай мовы, // Як рэкі ў мора, цякуць, // I думкі мае плывуць, // На хвалях і дзён, і начэй, // Да сэрцаў людскіх і вачэй”.

Вядучая рубрыкі Кацярына ДУБІНСКАЯ.