Да школы гатовы!

— Праблема пераемнасці дашкольнай і пачатковай адукацыі заўсёды актуальная, — гаворыць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 69 Баранавіч Іна Пятроўна Дробыш. — Пераступаючы парог школы, сучасны першакласнік павінен ужо валодаць пэўным багажом ведаў. Дапамагчы дзецям у яго набыцці і адаптацыі да школьнага жыцця — задача дашкольнай установы. Паміж яслямі-садам № 69 і сярэдняй школай № 4 Баранавіч наладжана цеснае ўзаемадзеянне ў гэтым напрамку, найперш праз сумесныя мерапрыемствы.

Найбольш эфектыўнай калектыўнай формай работы з’яўляецца экскурсія дашкольнікаў у школу, якая аказвае моцнае эмацыянальнае ўздзеянне на іх, дапамагае перадаць веды і трывала засвоіць пэўную інфармацыю. Экскурсія дазваляе педагогам больш наглядна і ярка азнаёміць дзяцей з умовамі, у якія вельмі хутка трапяць будучыя першакласнікі.

— Выхаванцы старшых груп ясляў-сада не раз бывалі ў сярэдняй школе, дзе сядзелі за партамі, сустракаліся з настаўнікамі пачатковых класаў, наведвалі бібліятэку, літаратурна-краязнаўчы музей імя В.Таўлая, студыю выяўленчага мастацтва, актавую і спартыўную залы, — расказвае І.П.Дробыш. — Пасля экскурсіі дзеці расказвалі бацькам, што яны пойдуць у школу з вялікай радасцю і цікавасцю. А гэта вельмі важна.

Старшыя дашкольнікі і першакласнікі ахвотна абменьваюцца жыццёвым вопытам падчас мерапрыемстваў, арганізаваных яслямі-садам і сярэдняй школай. Такія сустрэчы ўзмацняюць цікавасць дзяцей да школы. Будучыя першакласнікі вучацца ў школьнікаў правілам паводзін, манеры размовы, зносінам. У сваю чаргу вучні клапоцяцца пра малодшых таварышаў.

Нядаўна выхаванцы старшых груп і першакласнікі чарговы раз сабраліся ў школе, каб паўдзельнічаць у літаратурнай віктарыне “Прывітанне, казка”. Падчас спаборніцтва дзеці не толькі абагульнялі веды пра гэты жанр, але і ўдасканальвалі камунікатыўныя функцыі маўлення. Удзельнікі віктарыны адгадвалі загадкі, звязаныя з вядомымі творамі, знаходзілі памылкі ў ілюстрацыях мастакоў да казак, выбіралі варыянты правільных адказаў і дапамагалі Бураціна разгадваць рэбусы. Усе дзеці атрымалі шмат станоўчых эмоцый.

Пасля віктарыны першакласнікі завіталі ў яслі-сад на спартыўнае свята “Школа маладога пажарнага”, падчас якога дзеці паказвалі веды пра гэтую прафесію, сістэматызавалі ўяўленні пра прычыны пажараў, праяўлялі кемлівасць пры выкананні розных заданняў.

— Вельмі важна, што мамы і таты не застаюцца ў баку ад сумеснай работы са школай, — заўважае І.П.Дробыш. — Супрацоўніцтва з бацькамі прадугледжвае партнёрскія і канструктыўныя адносіны. Спецыялісты ясляў-сада вядуць мэтанакіраваную работу па павышэнні педагагічнай кампетэнтнасці мам і татаў, фарміраванні адзіных поглядаў іх і выхавальнікаў на падрыхтоўку дзяцей да школы. Для гэтага выкарыстоўваюцца кансультацыі, семінары-практыкумы, тэматычныя выставы і тыдні, заняткі ў сямейным клубе “Сем+Я”. Акрамя таго, практыкуюцца сустрэчы бацькоў з настаўнікамі пачатковых класаў. Так, падчас нядаўняга бацькоўскага сходу педагогі школы азнаёмілі мам і татаў з асаблівасцямі арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ў пачатковых класах, зместам і методыкамі навучання, а таксама абмеркавалі цяжкасці адаптацыі дзяцей да першага года вучобы.

— Дашкольная і пачатковая ступені адукацыі павінны працаваць не ізалявана, а ў цеснай узаемасувязі, — упэўнена І.П.Дробыш. — Гэта дазволіць паспяхова вырашаць шэраг вучэбных і псіхалагічных праблем. Галоўнае, каб, дзякуючы сумесным намаганням педагогаў ясляў-сада і школы, яна станавілася для дзяцей больш блізкай, цікавай і прыцягальнай.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *