Да спартыўных перамог — разам

- 11:06Актуально, Апошнія запісы

У пятніцу ў гімназіі № 16 Мінска па выніках выступлення беларускіх школьнікаў на І Сусветнай зімовай гімназіядзе і XVII Сусветнай летняй гімназіядзе прайшло ўрачыстае мерапрыемства “Мы хотим всем рекордам наши звонкие дать имена”. У нефармальнай атмасферы за кубачкам чаю пераможцы і прызёры гімназіяд, іх трэнеры, бацькі абмяркоўвалі з міністрам адукацыі Ігарам Васільевічам Карпенкам і міністрам спорту і турызму Сяргеем Міхайлавічам Кавальчуком пытанні развіцця школьнага спорту і фізічнай культуры, падтрымкі юных спартсменаў, функцыянавання дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Спектр узнятых пытанняў быў шырокі, адказы — шчырымі.

Не сакрэт, што ў нашай краіне развіццю фізічнай культуры і спорту ўдзяляецца вялікая ўвага, дзяржава зацікаўлена ў выхаванні здаровага, гарманічна развітога маладога пакалення, пра што сведчаць узвядзенне спартыўных збудаванняў сусветнага класа, высокія дасягненні нашых юных спартсменаў на спартыўных спаборніцтвах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Сучасная Беларусь займае годнае месца ў сусветнай спартыўнай супольнасці.

Беларусь не першы раз удзельнічае ў гімназіядах, якія праводзяцца пад эгідай Міжнароднай федэрацыі школьнага спорту (ISF). У 2013 годзе ў Бразіліі беларускія школьнікі-спартсмены заваявалі 4 медалі (1 залаты, 2 сярэбраныя і 1 бронзавы), а ў 2016 годзе ў турэцкім Трабзоне ўжо 14 медалёў (7 залатых, 5 сярэбраных і 2 бронзавыя). З 5 па 10 лютага ў Грэноблі (Францыя) прайшла І Сусветная зімовая гімназіяда. Беларусь прадставілі 11 школьнікаў-спартсменаў у 3 відах спорту. Па выніках спаборніцтваў у беларускай каманды было 4 медалі (3 сярэбраныя і 1 бронзавы). Нядаўна ў мараканскіх гарадах Маракеш і Касабланка прайшла XVII Сусветная летняя гімназіяда, дзе спаборнічалі школьнікі з 58 краін у 18 відах спорту. Рэспубліку Беларусь прадстаўлялі 42 спартсмены ў 7 відах спорту. Па выніках форуму нашымі хлопцамі і дзяўчатамі былі заваяваны 24 медалі (5 залатых, 7 сярэбраных і 12 бронзавых).

— Сістэму адукацыі нельга ўявіць без спартыўнага складніка. Я згадваю свае школьныя гады, калі праводзіліся ўсесаюзныя спаборніцтвы “Старты надзей”, калі школьнікі масава, цэлымі класамі ўдзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах, пацвярджалі нормы ГПА. Мы намагаемся захоўваць гэтыя традыцыі і развіваць школьны спорт. Вы ўжо дасягнулі пэўных вышынь, але хочацца, каб на гэтым не спыняліся. Нават калі нехта з вас, дасягнуўшы пэўных вынікаў, не пойдзе ў прафесійны спорт, вы ўсё роўна будзеце годнымі людзьмі, бо ў вас ужо ёсць пэўная маральная загартоўка. Вашы навыкі спатрэбяцца ў жыцці і ў плане стварэння сям’і, выхавання дзяцей, і ў плане прафесійнай дзейнасці, таму што сёння быць прафесіяналам — не значыць мець дыплом з пэўнай кваліфікацыяй і нават наборам адзнак, якія пацвярджаюць гэтую кваліфікацыю. Гэта ў першую чаргу быць чалавекам і валодаць чалавечымі якасцямі, без якіх немагчыма выходзіць у прафесійную дзейнасць. Спорт таксама фарміруе і развівае ў вас гэтыя якасці як у людзей высокай грамадзянскай пазіцыі, людзей, якія заўтра будуць вырашаць не толькі спартыўныя справы, але і вызначаць лёс краіны. У вашых руках будучыня. Вучоба — гэта важна, аднак на першым плане, на мой погляд, павінна быць выхаванне, яго грамадзянска-патрыятычны аспект, светапогляд, бо можна валодаць пэўным наборам ведаў, але быць зусім дрэнным чалавекам. Мне здаецца, што спорт у гэтым плане адыгрывае вельмі пазітыўную ролю. Спартсмен не можа быць дрэнным чалавекам, таму што спорт — гэта сіла волі, гэта пэўныя ўменні, навыкі, якія выпрацоўваюцца ад трэніроўкі да трэніроўкі, — звярнуўся да юных чэмпіёнаў Ігар Васільевіч Карпенка.

На думку міністра спорту і турызму Сяр гея Міхайлавіча Кавальчука, важна, каб кожнае дзіця палюбіла спорт, каб у яго не было адмоўных адносін да заняткаў фізкультурай. Калі мы зможам дасягнуць гэтай мэты, то ў нас у кожным відзе спорту пачнуць з’яўляцца і добрыя спартсмены, і добрыя спецыялісты-трэнеры. “Дзяржава робіць усё магчымае для развіцця спорту: у краіне пабудавана вялікая колькасць спартыўных залаў, басейнаў, лядовых палацаў. У кожнага з нас ёсць цудоўная магчымасць праз спорт пазнаваць свет, мець зносіны з іншымі людзьмі, рабіць нашу краіну, людзей, якія знаходзяцца вакол цябе, больш шчаслівымі, разумнымі. Спартсменам спаборнічаць трэба толькі на бегавой дарожцы і спартыўных арэнах, а ў астатні час трэба выбудоўваць правільныя адносіны адно з адным. Трэба навучыцца дапамагаць адно аднаму, правільна прадстаўляць краіну на міжнароднай арэне, каб нам ніколі не было сорамна. Дзякуючы спорту, можна стаць грамадзянамі, патрыётамі сваёй краіны”, — адзначыў Сяргей Міхайлавіч.

Сустрэча з міністрамі адукацыі, спорту і турызму — выдатная нагода даведацца не толькі пра іх спартыўныя захапленні, але і абмеркаваць пытанні развіцця школьнага спорту, спартыўнага жыцця краіны. Падчас сустрэчы гаварылася і пра арганізацыю ўрокаў фізічнай культуры і здароўя, і пра ўзаемадзеянне дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ з агульнаадукацыйнымі ўстановамі адукацыі, і пра ролю настаўніка, трэнера, бацькоў у справе выхавання будучых чэмпіёнаў, і пра матэрыяльную падтрымку юных спартсменаў, матэрыяльнае аснашчэнне ўстаноў адукацыі спартыўным інвентаром. Каб станоўча вырашаць гэтыя пытанні, спорт і адукацыя павінны быць разам. Такой была асноўная думка, якая чырвонай ніткай праходзіла праз адказы міністраў на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы. Толькі разам мы можам крочыць да спартыўных перамог.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.